Атака беларускіх кіберпартызанаў нанесла «Аэрафлоту» шкоду на 10—50 мільёнаў даляраў
Аднаўленне IT-сістэм расійскай авіякампаніі «Аэрафлот» пасля ўчарашняй кібератакі хакерскіх груп Silent Crow і «Кіберпартызаны» можа заняць да года, паведамляе на падставе сваіх крыніц расійскі «Коммерсант».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Maksim Konstantinov/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
У выніку маштабнай хакерскай атакі на сістэмы «Аэрафлота» 28 ліпеня 2025 года адбыліся сур’ёзныя збоі, што прывяло да адмены больш за 100 рэйсаў. Кампанія была вымушана мабілізаваць рэсурсы ў аэрапорце Шарамеццева, каб аднавіць палёты.
Па ацэнках спецыялістаў, поўнае аднаўленне пасля такой атакі звычайна займае ад некалькіх тыдняў да паўгода, але калі знішчана большая частка інфраструктуры, гэта можа зацягнуцца да года.
Папярэдняя ацэнка стратаў, па інфармацыі «Коммерсанта» — каля 275 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 3 мільёнаў даляраў) за адзін дзень. Акцыі «Аэрафлота» ўпалі больш чым на 4%, дасягнуўшы мінімуму з пачатку 2025 года.
Паводле інфармацыі РБК, сукупныя дзённыя страты «Аэрафлота» перавышаюць 250 мільёнаў рублёў (больш за 2,7 мільёна даляраў).
Паводле разлікаў Forbes, агульныя страты ад інцыдэнту могуць скласці ад 10 да 50 мільёнаў даляраў. Выданне спасылаецца на ацэнкі спецыялістаў, якія прааналізавалі страты з-за адмен, збояў у лагістыцы і тэхнічных цяжкасцяў з апрацоўкай даных.
У дзень атакі, у панядзелак, былі адмененыя 108 з 260 запланаваных рэйсаў, у тым ліку пералёты ў расійскія гарады (Іркуцк, Екацярынбург, Новасібірск, Чалябінск, Уфа) і ў краіны СНД (Ерэван, Алматы, Мінск).
У аўторак крызіс у аэрапортах працягнуўся — затрымліваюцца і адмяняюцца дзясяткі рэйсаў, у тым ліку замежных. Затрымкі і адмены выклікалі скапленне пасажыраў у аэрапортах Кемерава, Новакузнецка, Новасібірска, Омска і Краснаярска, дзе чакаюць сваіх рэйсаў больш за тысячу чалавек.
У Мінтрансе і Раскамнаглядзе пакуль не пацвердзілі факт уцечкі персанальных даных. Пад наглядам пракуратуры расследаванне вядзе транспартная паліцыя і служба эканамічнай бяспекі ФСБ. Правяраецца магчымасць халатнасці з боку супрацоўнікаў і падрадчыкаў «Аэрафлота».
Чытайце таксама:
Следам за сэрвісамі «Аэрафлоту» ў Расіі ляглі і «Дзяржпаслугі»