Пачынае працаваць сістэма спрошчанага спагнання штрафаў
У Беларусі будзе працаваць спрошчаны парадак прымусовага спагнання штрафаў. Цяпер некаторыя выплаты, напрыклад, за парушэнні ПДР, будуць аўтаматычна спісвацца з банкаўскага рахунку без лішніх папер, піша sb.by.
Фота ілюстрацыйнае
Чытач выдання заўважыў, што з яго карткі раптам зніклі грошы. Высветлілася, што гэта быў нявыплачаны штраф, накладзены ДАІ, які ў аўтаматычным парадку спаганялі органы прымусовага выканання праз сістэму АІС ВГА — аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму выканання грашовых абавязацельстваў.
Як растлумачылі ў Галоўным упраўленні прымусовага выканання Мінюста, новаўвядзенні прадугледжваюць спрошчаны парадак выканання для штрафаў да 20 базавых велічынь (цяпер гэта 840 рублёў) і калі ў даўжніка няма іншых падобных выканаўчых спраў.
У выпадку неаплаты штрафа ў тэрмін будзе дадаткова спаганяцца прымусовы збор — не менш за 0,5 базавай велічыні (21 рубель).
Судовы выканаўца, атрымаўшы дакумент на спагнанне, адразу распачынае справу — без дадатковага тэрміну для добраахвотнай аплаты, бо ён ужо быў дадзены падчас адміністрацыйнага працэсу.
Грошы спісваюцца аўтаматычна праз АІС ВГА. Пасля поўнай аплаты выканаўчая справа закрываецца.
Калі ж чалавек аплаціў штраф раней, але грошы ўсё адно спісалі, ён можа падаць хадайніцтва судоваму выканаўцу і вярнуць няправільна ўтрыманую суму — дастаткова прыкласці адпаведную квітанцыю.
Міністр юстыцыі Яўген Каваленка яшчэ ў лютым казаў, што новы закон накіраваны на павышэнне эфектыўнасці выканання дакументаў, спрашчэнне працэдур, лічбавізацыю і абарону інтарэсаў тых, хто мае права на спагнанне.
Чытайце таксама:
Беларусам, якія маюць нерухомасць, прыходзяць паведамленні ад падатковай
Беларуса ў Польшчы аштрафавалі за агрэсіўныя паводзіны ў аэрапорце
У калоніях пачалі прымусова спісваць усе грошы з асабістых рахункаў асуджаных
Пенсіянерка пашкодзіла таблічку ў двары дома і ледзь не атрымала 8200 рублёў штрафу