БЕЛ Ł РУС

Зяленскі вярнуў незалежнасць антыкарупцыйным органам Украіны

31.07.2025 / 18:43

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, які аднаўляе незалежнасць Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) і Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП). Пра гэта ён паведаміў у сваім відэазвароце, падзякаваўшы дэпутатам за падтрымку і падкрэсліўшы важнасць прынятага рашэння.

Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa NurPhoto via Getty Images

Закон быў распрацаваны як адказ на скандальны законапраект № 12414, які прынялі 22 ліпеня і які дазваляў генеральнаму пракурору ўмешвацца ў справы НАБУ і САП.

Гэты дакумент выклікаў шырокую крытыку як ва Украіне, так і сярод міжнародных партнёраў — у тым ліку краін G7 і Еўракамісіі. У Кіеве і іншых гарадах прайшлі пратэсты, а ЕС папярэджваў пра магчымасць прыпынення фінансавай падтрымкі.

24 ліпеня Зяленскі падаў у парламент альтэрнатыўны законапраект № 13533, які цалкам захоўвае працэсуальную незалежнасць антыкарупцыйных органаў. Ён забараняе генпракурору ўмешвацца ў іх працу, мяняць падследнасць без згоды кіраўніка САП, і гарантуе, што рашэнні САП застаюцца незалежнымі.

Згодна з новым законам, супрацоўнікі НАБУ, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы, будуць праходзіць паліграф, але кантроль за гэтым будзе рабіць не СБУ, а ўласнае ўнутранае ўпраўленне бюро.

Законапраект атрымаў падтрымку 331 дэпутата, ніхто не прагаласаваў супраць або ўстрымаўся. 326 парламентароў падтрымалі прапанову пра неадкладнае падпісанне дакумента прэзідэнтам. Паводле слоў Зяленскага, улады ўжо ў найбліжэйшы час праінфармуюць міжнародных партнёраў пра тое, што закон уступіў у сілу.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што гэтае рашэнне — сведчанне існавання дэмакратыі і павагі да грамадзянскай супольнасці ва Украіне.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз скараціў фінансавую дапамогу Украіне з-за павольных рэформаў

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам

Макрон і Мерц хочуць абмеркаваць з Зяленскім барацьбу з карупцыяй

Зяленскі падпарадкаваў антыкарупцыйныя ведамствы пракуратуры — людзі выйшлі на пратэсты

Каментары да артыкула