БЕЛ Ł РУС

У Мінску адкрыўся новы шматпрофільны медцэнтр

31.07.2025 / 21:10

Nashaniva.com

У Мінску на вуліцы Маякоўскага адкрыўся новы сучасны шматпрофільны медыцынскі цэнтр. Ён аб’яднаў тры ўстановы: стаматалагічную паліклініку, гарадскі эндакрыналагічны цэнтр і цэнтр пластычнай хірургіі з касметалогіяй, піша БелТА.

У новым медыцынскім цэнтры размесцяцца тры ўстановы.

Стаматалагічная паліклініка №10

Старая паліклініка, якая працавала з 1982 года ў звычайным жылым доме, цяпер атрымала новы сучасны будынак. Тут з’явіліся новыя аддзяленні — артапедычнае, артадантычнае, зубатэхнічная лабараторыя і спецыялізаваны кабінет ранняй дыягностыкі анкалагічных хвароб поласці рота.

Усяго паліклініка можа прымаць да 330 пацыентаў за змену. Плошчы, сучаснае абсталяванне і новыя магчымасці дазволяць аказваць комплекснае лячэнне: тэрапеўтычнае, хірургічнае і артапедычнае.

Мінскі гарадскі эндакрыналагічны цэнтр

Цэнтр спецыялізуецца на дапамозе пацыентам з эндакрыналагічнымі захворваннямі, у тым ліку з цукровым дыябетам. Плануецца адкрыццё кабінетаў функцыянальнай дыягностыкі, дзе будуць праводзіцца электранейраміяграфія, сутачны маніторынг ціску і ЭКГ. Асаблівая ўвага надаецца аддзяленню «Дыябетычная ступня», дзе цяпер можна праводзіць амбулаторныя аперацыі з выкарыстаннем лазерных тэхналогій. Сцвярджаецца, што гэта ўнікальная практыка для ўсёй постсавецкай прасторы.

Клінічны цэнтр пластычнай хірургіі і касметалогіі

Гэта адзіная дзяржаўная ўстанова ў Беларусі, якая аказвае поўны спектр паслуг у галіне эстэтычнай і пластычнай хірургіі. У новым будынку плошчай больш за 5 тыс. м² створаныя сучасныя ўмовы для пацыентаў і медперсаналу. Цэнтр абслугоўвае каля 90 тысяч чалавек у год і праводзіць каля 2,5 тысяч аперацый. Дададзеныя новыя кірункі — эстэтычная гінекалогія і отарыналарынгалогія. Таксама закуплена найноўшае абсталяванне, у тым ліку сістэма відэадэрматаскапіі для дыягностыкі новаўтварэнняў скуры.

Чытайце таксама:

Звярнулася 11 ліпеня, запісалі на 22 верасня. У Жодзіне абмяркоўваюць чэргі ў бальніцу

«Выйшаў з бальніцы з дзвюма адкрытымі ранамі». Беларусу ў Польшчы зрабілі аперацыю, а праз два дні выпісалі

Беларуска пасля платнай медыцыны пайшла ў дзяржаўную і расказала свае ўражанні

Каментары да артыкула