«Выйшаў з бальніцы з дзвюма адкрытымі ранамі». Беларусу ў Польшчы зрабілі аперацыю, а праз два дні выпісалі
Беларусу ў Беластоку зрабілі аперацыю пад агульным наркозам, а праз два дні выпісалі. Тады ў мужчыны яшчэ былі адкрытыя раны. Апрацоўваць іх, купляць лекі і дрэнажы, а таксама шукаць лекараў для кансультацыі яму давялося самому. Мужчына расказаў сваю гісторыю Most.

«Паехаў у бальніцу, а там мяне спрабавалі развярнуць»
Павел (імя зменена) жыве ў Беластоку. У чэрвені пасля актыўнай язды на ровары ён адчуў рэзкі боль у вобласці прамежнасці. Спачатку беларус падумаў, што гэта нешта нязначнае, і спрабаваў лячыцца самастойна — мазямі і спакоем. Але пухліна павялічвалася, боль мацнеў, а праз тыдзень тэмпература паднялася да 39 градусаў.
— Я ўжо не мог ні сядзець, ні стаяць. Паехаў у бальніцу, а там мяне спрабавалі развярнуць, маўляў, раз столькі цярпеў — ідзі спачатку да сямейнага доктара. Але я настаяў, і мяне шпіталізавалі.
На наступны дзень, у сераду, пацыенту пад агульным наркозам правялі аперацыю: дактары рассяклі два гнайнікі, адзін з якіх быў глыбінёй 8 сантыметраў.
— Адбылося крывацячэнне, наколькі я зразумеў. Калі б кроў адразу адпампавалі, то, мабыць, удалося б абысціся без аперацыі. А так як яно працягвалася і дасягнула значнага аб’ёму, доўга знаходзілася без аператыўнага ўмяшання, там і ўтварыўся гнайнік, — тлумачыць Павел.
Зашываць месцы ўмяшання не сталі — звычайна пры такіх аперацыях іх пакідаюць адкрытымі.
Праз два дні пасля аперацыі — дадому
Мужчыну выпісалі ў пятніцу — праз два дні пасля хірургічнага ўмяшання. Інструкцыі лекараў былі мінімальныя: прамываць у душы з мылам і накладваць павязкі самастойна.
— Я нават не ведаў, як выглядаюць мае раны, — гэта месца, куды не зазірнеш. Доктар кажа: «Устанеш перад люстрам і як-небудзь апрацуеш», — успамінае Павел.
У медыцынскай выпісцы (яна ёсць у рэдакцыі Most) пазначана, што пацыенту было праведзена рассяканне і дрэнаж парапрактычнага абсцэсу, а сярод рэкамендацый — абязбольванне і догляд за ранай (гелі, ванны са спецыяльным растворам, накладанне павязак).
— Ужо дома, праз гадзіну пасля вяртання з бальніцы, павязка пачала спадаць з ран.
На шчасце, кажа Павел, яго жонка не спалохалася такіх глыбокіх ран і змагла замяніць павязкі.
— Яшчэ ў бальніцы мне сказалі, што трэба паказацца лекару ў панядзелак або аўторак. Далі тэлефоны дзвюх бліжэйшых хірургічных паліклінік. Я званіў і туды, і туды. Казаў, што гэта тэрмінова, што трэба неадкладна трапіць на прыём. Але ў адной паліклініцы бліжэйшая дата была толькі на 28 ліпеня, а ў другой — увогуле на верасень.
Звяртацца прыйшлося да знаёмых лекараў, якія жывуць у іншых польскіх гарадах. Так, адзін прыяцель сям’і, беларускі хірург, па відэасувязі кансультаваў жонку Паўла, як трэба апрацоўваць раны. Пазней беларусы знайшлі лекара, якая прыехала за 50 кіламетраў, каб агледзець раны і даць рэкамендацыі.
Ужо выдаткавалі больш за 200 еўра
Павел кажа, што сям’я выдаткавала на лячэнне ўжо больш за 1000 злотых (235 еўра): 300 (70 еўра) яны заплацілі за прыезд лекара, астатняе пайшло на лекі — антыбіётыкі, гелі, абязбольвальныя прэпараты, дрэнажы, стэрыльныя павязкі і іншае.
— На частку лекаў выпісалі рэцэпты, іх удалося купіць са зніжкай, але яны хутка скончыліся, і цяпер купляем усё па поўным кошце.
Паводле слоў мужчыны, выпіска з адкрытымі ранамі без медыцынскага суправаджэння стала для яго шокам. Ён мяркуе, што ў Беларусі было б інакш:
— Там бы дакладна даўжэй пратрымалі ў стацыянары, а тут — два дні, і ты вольны. Ты выходзіш з аперацыйнай — і далей сам. Без перавязак, без медсястры, без дапамогі. Гэта стрэс і вялікія выдаткі. І гэта нягледзячы на тое, што я афіцыйна застрахаваны.
Каментары
куда пойдзеш са скаргай ? 😂😂😂