Палітвязень расказаў, як звычайныя крымінальнікі аб’явілі галадоўку, каб палепшыць умовы ўтрымання палітычных
Іван* атрымаў два гады зняволення па палітычным артыкуле. Па выхадзе на свабоду ён захацеў падзяліцца з «Нашай Нівай» праявамі салідарнасці з абсалютна розных бакоў, з якімі сутыкаўся ў зняволенні і якія падтрымлівалі яго.
Ілюстрацыйнае фота
«На волі я прачытаў шмат артыкулаў пра турму, яны былі поўныя безвыходнасці — рэпрэсіі, катаванні 24/7, ШІЗА… Так, усё гэта мае месца, безумоўна, і гэтаму няма апраўдання. Я не хачу адбяляць сістэму, проста хачу падзяліцца добрымі момантамі, якія там таксама здараліся, каб падтрымаць сваякоў палітзняволеных і, можа, кагосьці яшчэ. Гэтыя розныя ўзроўні салідарнасці дапамагалі выжываць ва ўмовах дзейнага рэжыму».
*Імя змененае па просьбе героя ў мэтах бяспекі. Па той жа прычыне мы не называем канкрэтныя артыкулы, лакацыі і персаналіі.
Салідарнасць з боку адміністрацыі
Іван кажа, што так ці інакш і ў ІЧУ, і ў СІЗА, і ў калоніі натыкаўся на адэкватных супрацоўнікаў, якія, бачачы яго адэкватнасць, маглі пайсці на пэўныя саступкі.
«У 2020 годзе я атрымаў першыя суткі. Тады яшчэ прапускалі перадачы, а тут мне не перадалі нарды. А ў мяне раздрукоўка была з сабой з правіламі ўтрымання ў ІЧУ, я пачаў свае правы качаць. І вось падчас праверкі мы стаім усе ў калідоры, а мяне асобна ў камеру заводзяць і чалавек у званні маёра пачынае перада мной апраўдвацца: «Выбачаемся за нарды, але там металічныя заклёпкі, метал мы прапусціць не можам». Я вельмі здзівіўся, што афіцэр перад асуджаным па адміністратыўцы апраўдваецца».
У 2020-м суткі маглі мінаць яшчэ больш-менш лайтова (асабліва ў рэгіёнах). Але і ў 2021-м Іван таксама сутыкнуўся з нечаканым стаўленнем да сябе.
«Я трапіў у камеру да побытавых, а не палітычных тады. Там былі кнігі, я іх хутка чытаю — мог дзве-тры за дзень праглынуць. І вось я прачытаў, што было, і прашу памяняць канваіра на новыя. А мне такія: «Дык хадзі ў бібліятэку!» І мяне вывелі ў бібліятэку ІЧУ, я там хвілін пяць выбіраў кнігі.
Ведаючы, што я імкнуся размаўляць па-беларуску, мне яшчэ і падказалі: «Тут нават ёсць кнігі на беларускай!» Пазней, у калоніі, сам начальнік адказваў мне часам па-беларуску — не ведаю, ці жартам, ці сур’ёзна. А дзяжурны па калоніі аднойчы падзяліўся са мной, што па вечарах чытае сваёй дачцэ беларускамоўныя казкі. Маўляў, ён хоць сам рускі і па-беларуску не размаўляе, але вывучае з дзіцём беларускую, бо разумее, гэта «нада».
У СІЗА Іван як «схільны да экстрэмісцкай дзейнасці» мусіў заўсёды перасоўвацца за межамі камеры ў кайданках. Але, як ён кажа, некаторыя змены дазвалялі заставацца без іх.
За кратамі забаранялі камунікаваць з палітычнымі, дзяліцца рэчамі ці ежай — за гэта можна адправіцца ў ШІЗА. Але на некаторыя моманты маглі заплюшчваць вочы.
«У СІЗА ў камеры восем чалавек на 16 квадратаў — немагчыма не падзяліцца ежай. Ты не будзеш сядзець адзін там і есці ўсё, што табе прынеслі. Асабліва калі табе максімальна дапамагаюць, а каму-небудзь — зусім не».
У калоніі ж такія паслабленні назіраліся ў справах гігіены.
«Лазня ў нас была раз на тыдзень, але чатыры дні на тыдзень ты працуеш фізічна ў цэху. І незалежна ад таго, ці ёсць у цябе зменная роба, калі ты будзеш мыцца толькі раз на тыдзень, табе пасля і самі суседзі прад’явяць за пах ад цябе. Па правілах ты не можаш знаходзіцца без вопраткі ля ўмывальнікаў. Калі тое пабачыць дзяжурны, ён можа аформіць парушэнне (асабліва калі ты палітычны)». Але за мой час у калоніі і ў СІЗА, калі там было спякотна, душна, такога не здаралася. Таму што там таксама разумеюць па-мужчынску, што гэта элементарная гігіена, і ўключаюць пэўную адэкватнасць».
Салідарнасць паміж зняволенымі
У калоніі Івану вельмі дапамагла падтрымка з боку вязняў першы месяц, калі яшчэ не разумееш усіх правілаў гульні.
«Спачатку ты трапляеш у калонію на каранцін на тыдні два, потым цябе размяркоўваюць па атрадах. І акурат недзе месяц табе ні слова не будуць дрэннага казаць, калі ты памыляешся ў нейкіх рэчах. Проста акуратна падыдуць і патлумачаць тыпу: «Чувак, ну там то, ну гэта — памый шкарпэткі, ты забыў». Брыгадзір, які працуе на адміністрацыю (так званы казёл), таксама, калі што, пакліча да сябе: «Ты тут чалавек новы, прэтэнзій да цябе няма, але больш так не рабі».
За кантакт з палітычным любога зняволенага могуць адправіць у ШІЗА, але многія ідуць на гэта ўсвядомлена, без страху пакарання (сам Іван чатыры разы апынаўся ў ШІЗА — два разы з іх за спробы размаўляць па-беларуску).
«Матывацыя ва ўсіх розная. Хтосьці сядзіць ужо 20 гадоў і проста хочацца пагутарыць з новенькім з волі. Усё ж з палітычнымі цікава мець зносіны, бо яны часцей за ўсё больш эрудзіраваныя. Плюс палітвязням у асноўнай сваёй масе добра дапамагаюць, а ў калоніі ёсць шмат людзей, якія не атрымліваюць ніякіх перадач і пераводаў. Таму, вядома, лепш сябраваць з палітвязнем, бо ў яго можна перахапіць гарбатку, каву, цыгарэтку. Але гэта дакладна не толькі дзеля выгод.
З адным мужчынам, які сядзіць яшчэ з нулявых, я часта гуляў у шахматы. Я аднойчы спытаў яго: «Паслухай, паважаны, а ты не баішся, што ў цябе могуць быць праблемы праз тое, што ты са мной камунікуеш?». На што ён адказаў: «Мне ўсё роўна. Ты адэкватны чалавек, пагналі ў шахматы». Таксама крымінальнікі зрэдку запрашалі мяне на свой дзень нараджэння на торцік».
Самая ж яркая праява салідарнасці падчас зняволення Івана адбылася падчас адбыцця сутак.
«За пару дзён да сканчэння маёй чарговай адміністратыўкі, нас, палітычных, перасялілі ў камеру да асуджаных за бытавуху. Мы пазнаёміліся і кажам ім: «Хлопцы, зараз у вас пачнецца весялуха. Матрацы скруціце, кніжкі забяруць, святло ноччу не будзе вырубацца». Яны не паверылі, але роўненька ў той момант раздалася каманда скруціць матрацы.
Падчас ранішняй праверкі сукамернік з вельмі багатым крымінальным мінулым пачаў высвятляць у адміністрацыі, у чым праблема, ёсць жа ўмовы ўтрымання, мы ўсе сядзім па КаАП. Размова пайшла на падвышаных тонах, і тады нас усіх выгналі з камеры, паставілі на жорсткую расцяжку. Адзін чалавек упаў, яго адразу пачалі збіваць палкамі. А таго, які задаў пытанне, пакінулі ў камеры і жорстка збівалі яго ўпяцёх. Наша камера ператварылася ў сметніцу — усё, што можна, паламалася, раскідалася, на рэчы вылілі вядро вады. Але як толькі мы зайшлі ў камеру назад, той мужчына пастроіў усіх побытавых і загадаў ім пісаць заявы на галадоўку. Палітычным жа сказаў:
«Гэта наша вайна, вы не ўдзельнічаеце». Атрымалася змаганне з адміністрацыяй за свае правы — тое, што ў Беларусі ламалі з сярэдзіны 90-х і, здавалася б, паламалі канчаткова. А тут такая салідарнасць! На жаль, ні да чаго яна не прывяла».
Іван адзначае, што так ці інакш заўсёды прыходзілася быць напагатове, таму што часам салідарнасць магла быць і паказушнай.
«Ты ніколі не ведаеш, хто з тых, з кім ты камунікуеш, працуе на адміністрацыю. Са мной такога не здарылася, але бывалі моманты, калі іншых здавалі проста за размовы. Альбо быў выпадак, як мужыкі некалькі гадоў пражылі на адных нарах — адзін зверху, іншы — знізу. І потым адзін з іх папрасіў у суседа цукерак, той даў. Праз гадзіну па яго, палітычнага, прыйшлі і адправілі ў ШІЗА».
Салідарнасць ад незнаёмцаў
Вядома, важнай часткай падтрымкі за кратамі былі лісты і перадачы ад незнаёмых, неабыякавых людзей, пакуль тое даходзіла.
«У СІЗА мне дасылалі шмат грашовых пераводаў і перадач (у тым ліку незнаёмыя мне людзі). І з аднаго боку гэта было добра, я ўсім, хто падтрымлівае вязняў, вельмі ўдзячны. Але з другога боку я разумеў, што вось дамовіўся з мамай, што яна заўтра прынясе тое, што трэба, а ў мяне ўжо выбраўся ліміт на перадачы. І тое, што рэальна трэба, прыйдзецца чакаць яшчэ тыдні два».
Ілюстрацыйнае фота
Іван працягвае:
«Што тычыцца лістоў, у калоніі ў мяне была амаль поўная забарона на перапіску нават з роднымі. Атрымлівалася толькі адсылаць іх. У СІЗА ж не прапускалі лісты нават ад маці, толькі ад брата. Я ў калоніі наўпрост запытаў аператыўніка, што мне зрабіць, каб вы прапусцілі ліст ад маці — ускрыць вены? Скокнуць з акна? У выніку падчас аднаго званка я проста папрасіў маці, каб мне ніхто не пісаў, каб не падстаўляліся».
Салідарнасць землякоў
Калі ў СІЗА, куды засяляюць у асноўным па месцы жыхарства, землякоў сустрэць прасцей, то ў калоніях збіраюцца людзі з усёй Беларусі і трэба ўжо пашукаць свайго.
«Ты выходзіш на жылую зону, і перадусім мусіш знайсці хоць каго са свайго рэгіёна. Неабавязкова з горада, хаця б з вобласці. І незалежна — палітычны ці не палітычны — землякі будуць адзін аднаму дапамагаць па змоўчанні. Гэта неймаверна крута працуе!
У першы тыдзень, пакуль я не трапіў на атаварку, мой зямляк прапанаваў: «Толькі скажы, што трэба, мы гэта ўсё арганізуем, пакуль ты не набудзеш». А ў калоніі рэч неабходная ў першую чаргу — гэта вядро, каб мыцца, і кіпяцільнік. Ну і, натуральна, з землякамі можна пагутарыць пра родныя мясціны, згадаць, можа, супольных знаёмых, знакавыя рэгіянальныя падзеі — гэтыя настальгічныя ўспаміны аб’ядноўваюць».
Ілюстрацыйнае фота
Салідарнасць паміж палітвязнямі
Добрыя адносіны паміж асуджанымі па палітычных артыкулах Іван называе «тым, што само сабой разумеецца».
«Якіх бы вы ні былі поглядаў, як бы вы ні былі непрыемныя адзін аднаму (будзем шчырымі, сярод палітычных абсалютна розныя хлопцы ёсць, па іх катэгорыях можна рабіць выснову пра тое, наколькі шырокім атрымаўся пратэст. З намі сядзеў мужчына, які заехаў у міліцыю, бо п’яны буяніў з жонкай, але ў пастарунку выказаў усё, што думае пра Лукашэнку — атрымаў год за яго абразу, стаў палітычным»).
Як адну з праяў дапамогі Іван апісвае ратаванне запасной робай.
«Пасля абавязковай працы так ці інакш будзеш смярдзець, трэба пераадзявацца. Але дзе ўзяць дадатковае адзенне? Трэба купляць за цыгарэты ці іншыя рэчы. Ці рэчы табе могуць перадаць землякі, палітвязні. А ты ў сваю чаргу пасля перадасі іх іншаму, хто будзе мець патрэбу».
Таксама блізкія па поглядах людзі дапамагаюць задаволіць інфармацыйную смагу.
«Аднаму сваяк расказаў гэтыя навіны, да наступнага прыходзіў следчы — паведаміў іншае. Усе гэтыя драбнічкі інфы перадаюцца адзін аднаму, каб лепш разумець, што адбываецца вакол».
Салідарнасць з палітвязнямі не спыняецца і па вызваленні.
«Я камунікую са многімі, хто сядзеў са мной у СІЗА ці калоніі, з кім мы завязалі там добрыя, даверлівыя адносіны. Тым жа, хто застаецца ў няволі, імкнуся дапамагаць праз іх бацькоў, сваякоў, знаёмых. Такіх, на жаль, яшчэ вельмі багата».
Ілюстрацыйнае фота