БЕЛ Ł РУС

«Спала і прачнулася на абломках унізе». Гісторыя дзяўчыны, якая падчас атакі Расіі на Кіеў выпала з 9-га паверха і выжыла

1.08.2025 / 14:47

Nashaniva.com

Падчас масіраванай атакі Расіі на Кіеў у ноч на 31 ліпеня 23-гадовая Вераніка выпала з дзявятага паверха і цудам выжыла. Цяпер яна знаходзіцца ў бальніцы.Гісторыю дзяўчыны расказалі «Суспільне» і Бі-бі-сі — Украіна.

Фота: Суспільне

Па словах Веранікі, у той дзень ёй было трывожна. Яна вярталася дадому ўжо позна ўвечары, калі пачалася атака дронаў.

«Я чула, як гэтыя шахеды лятаюць. Я хавалася ад іх пад дрэвамі, калі ішла дадому», — успамінае Вераніка.

Дзяўчына кажа, што падчас «паветранай трывогі» ў бамбасховішча ніколі не ходзіць. Як выпала з дзявятага паверха — не памятае.

«Я не ведаю як. Я проста спала і прачнулася ўжо на абломках унізе. І, хутчэй за ўсё, неяк саслізнула. Я не ведаю, як гэта наогул адбылося. Нібыта гэта такая левітацыя», — расказала журналістам Вераніка.

Яна мяркуе, што яе магло выкінуць з кватэры проста разам з ложкам.

«Я не ўсведамляла, што я раблю, у мяне быў проста шок. Я паглядзела на нагу — пачалася яшчэ большая паніка», — кажа дзяўчына.

Бацькі Веранікі загінулі, аднак яна пра гэта не ведае.

Цяпер дзяўчына шпіталізаваная. У яе выяўлены пералом нагі, чэрапна-мазгавая траўма і страсенне мозгу, адзначае Сяргей Дуброў, дырэктар бальніцы, у якой знаходзіцца пацярпелая.

«Наогул дзіўна: адбылося падзенне з дзявятага паверха, і пры гэтым — адносна нязначныя траўмы. Але ёсць вострыя псіхічныя разлады ў выніку стрэсу. Яна пакуль не ведае, што адбылося з яе бацькамі», — кажа Дуброў.

У выніку ўчорашняй атакі на Кіеў загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Чытайце таксама:

Пошукава-выратавальныя работы ў Кіеве завершаны: загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Каментары да артыкула