БЕЛ Ł РУС

Былую кандыдатку ад партыі Гайдукевіча пасадзілі за ўдзел у пратэстах

1.08.2025 / 16:1

Nashaniva.com

Маргарыта Шчырэц вылучалася ў мясцовыя дэпутаты ад Ліберал-дэмакратычнай партыі ў 2014 годзе. Падобна, што яна дагэтуль за кратамі.

Маргарыта Шчырэц. Фота з яе старонкі Укантакце

Маргарыце Шчырэц 40 гадоў. Яна мінчанка. Працавала кантралёрам на заводзе «Сфера», які ўваходзіць у склад холдынга БелОМА і знаходзіцца на вуліцы Макаёнка ў Мінску.

Мяркуючы па фота з сацсетак, у жанчыны ёсць дзіця.

Маргарыта доўгі час была сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Яна была ў ініцыятыўнай групе Сяргея Гайдукевіча на прэзідэнцкіх выбарах — 2010. А ў 2014-м балатавалася ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў ад партыі — натуральна, прайграла. Пасля гэтага ў публічным полі не з'яўлялася.

Маргарыта Шчырэц. Фота з яе фэйсбука

Маргарыту Шчырэц затрымалі напрыканцы 2024 года — з канца лістапада яна перастала быць актыўнай адначасова ва ўсіх сацсетках. З таго часу анлайн яна не з'яўлялася.

Маргарыту асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 арт. 342 КК — «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ёй пагражала да трох гадоў калоніі. Прысуд, як і сутнасць абвінавачанняў — невядомыя.

Чытайце таксама:

Распавядаем, як даказваюць удзел беларусаў у пратэстах і як зменшыць рызыку

70-гадовую жанчыну з Гомеля пасадзілі за каментары. Гэта самая пажылая палітзняволеная

Маладую бібліятэкарку з Горак асудзілі за пратэсты

Каментары да артыкула