Дзяржаўныя прапагандысты абвясцілі Бондараву «шкоднай змагаркай»
Пакуль вядомая даносчыца Вольга Бондарава ездзіць па кітайскай Манчжурыі (фотарэпартажы адтуль апошнімі днямі рэгулярна з'яўляюцца ў яе тэлеграм-канале), у афіцыёзнай «Мінскай праўдзе» яе афіцыйна саму залічылі да ліку ненавісных ёй «змагароў».
Скрыншот з відэа
Відэасюжэт «Мінскай праўды» быў прысвечаны абліванню брудам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якіх вядучая пагардліва называе «змагарамі». Але ў пэўны момант яна зрабіла «лірычнае адступленне» ад агульнай плыні і звярнула ўвагу на яшчэ адзін аспект:
«Змаганне — працэс бясконцы. Мяняюцца мэты — не змяняецца сутнасць.
Па гэтай прычыне змагарамі можна і трэба называць не толькі прадстаўнікоў апазіцыі, але і тых, хто пастаянна з кімсьці ярасна змагаецца ўжо пад нацыянальным [чырвона-зялёным] сцягам і нібыта з добрымі намерамі».
Прозвішчаў прапагандыстка не называла, але акурат у гэты час каля яе ўсплыў партрэт Вольгі Бондаравай.
«Нічога добрага і гэта змаганне не прынясе — таму што калі мэтай з'яўляецца знайсці аб'екты, супраць якіх трэба змагацца, іх знойдуць нават у бочцы мёду. А лыжку дзёгцю, урэшце, можна і самастойна ў бочку запусціць — для змагання. Або прыдумаць, што яна там ёсць», — заявіла прапагандыстка.
Вядомая даносчыца Вольга Бондарава з 2020 года актыўна змагаецца з усім, што падаецца ёй пагрозай для «рускага свету» і «традыцыйных каштоўнасцяў». Пры гэтым яна часта блытае берагі, накідваючыся з абвінавачваннямі на высокіх чыноўнікаў, сілавікоў і нават на членаў сямейнага клана самога Лукашэнкі.
Ёй некалькі разоў рабілі папярэджанні, а ўрэшце гэта скончылася кароткачасовым затрыманнем. 26 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб арышце даносчыцы на 13 сутак. Але нават адбыўшы тэрмін, яна не спыніла сваёй дзейнасці. Пры гэтым крытычна і нават варожа адносна Бондаравай нярэдка выказваюцца нават самыя адыёзныя прапагандысты лукашэнкаўскага рэжыму кшталту Андрэя Мукавозчыка, Людмілы Гладкай ці Рыгора Азаронка.
Чытайце таксама:
Гурт «Дразды» пакідае сцэну і вінаваціць у гэтым «гіперактыўных блогераў»
Гладкая назвала Бондараву і Мірсалімаву чарвямі. Азаронак і Лук’янаў патрабуюць ліквідацыі