БЕЛ Ł РУС

«Дар Марэны». На Дзятлаўшчыне знайшлі неапаганскае надмагілле

3.08.2025 / 18:54

Ф. Раўбіч

Могілкі ў вёсцы Рандзілаўшчына вылучаюцца цікавымі мураванымі надмагіллямі ХІХ стагоддзя, але па-сапраўднаму здзіўляе надмагілле з раднаверскай сімволікай. 

Адваротны бок надмагілля ў вёсцы Рандзілаўшчына. Фота: Сяргей Грунтоў

Сваёй знаходкай у фэйсбуку падзяліўся гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў. Даследчык кажа, што гэта першы адкрыта неапаганскі помнік у Беларусі, які яму давялося пабачыць.

Каменны помнік, пастаўлены над магілай жанчыны, якая жыла ў 1945—2018 гадах, хавае на сваім адваротным баку незвычайную гравіроўку. Тут змешчана выява чорнага Месяца, жаночай постаці ў казачным адзенні і з посахам, які мае завяршэнне ў форме сярпа, а таксама эпітафія на рускай мове:

«Помни, смерти нет… дар Морены — очищение и обновление, а не погибель. Когда Серп Морены рассечёт нить жизни твоей, прими Дар Её как путь к Обновлению и Возрождению, а не как погибель».

Дзмітрый Скварчэўскі, даследчык дахрысціянскіх традыцый, адзначае, што сімволіка і іканаграфія адпавядае раднаверскай традыцыі. Раднавер'е — гэта сучаснае славянскае неапаганства, якое часта абапіраецца на псеўдагістарычныя ўяўленні пра «вялікае арыйскае мінулае» і фармуе ўласныя этнагенетычныя міфы.

Арыгінальная выява з багіняй Марэнай, з якой была зроблена гравіроўка на помніку

Марэна — увасабленне смерці ў славянскай традыцыі. На пачатку земляробчага сезона, на Радаўніцу, «Вялікдзень мёртвых», прыбіралі за бабу куль саломы, які тапілі ў першай за вёскаю лужыне. Гэта азначала «тапіць Марэну» — смерць, якая разам з маразамі панавала ўсю зіму над зямлёю і людзьмі. На змену Марэне прыходзіць дачка Лады Лёля. З гэтымі міфалагічнымі постацямі звязаны народныя ўяўленні пра адпаведныя поры года, пра адраджэнне пладаносных сілаў зямлі і пра перамогу жыцця над смерцю. Дзеяннем, аналагічным патапленню Марэны, можна лічыць абрадавае пахаванне ці спальванне лялькі на Масленіцу. 

Чучала Марэны, скінутае ў раку ў польскіх Катавіцах. Фота: Wikimedia Commons

Як мяркуе А. Голан, міфалагічныя персанажы з імёнамі на *mar, як больш вядомая на Беларусі Мара, гэта рэлікты вобраза вельмі старажытнай Вялікай багіні.

У раднаверскай традыцыі Марэна (Марана, Мара) стала багіняй смерці, вялікай цёмнай уладаркай, гаспадыняй зімовых сцюж. Яе сімвалам стаў Чорны Месяц, а атрыбутам — серп, якім яна завяршае жыццё, каб пачалося новае.

Чытайце таксама:

У Слуцкім раёне жанчына паскардзілася, што магілу загінулых удзельнікаў вайны ніхто не даглядае. Яе вінавацяць у паклёпе

У Жыровіцах аднаўляюць барочную царкву XVIII стагоддзя. Ад арыгінальнага помніка пакінулі толькі пяць брусоў

Памятаеце зарослую магілу акадэміка Карскага? Моладзь з Беларусі аплаціла яе ўпарадкаванне

У Віцебску ёсць могілкі, якія здзіўляюць раскошай. Хто ж там пахаваны?

Каментары да артыкула