БЕЛ Ł РУС

Які Ціханоўскі больш падабаецца Святлане — Сяргей-2020 ці Сяргей-2025?

4.08.2025 / 17:2

Nashaniva.com

Святлана Ціханоўская расказала, як цяпер выбудоўвае сямейныя адносіны з мужам. «У мяне сустрэчы, мне трэба кудысьці ехаць, а для яго гэта ў такую навінку. А як? А ў колькі ты прыйдзеш?»

Святлана і Сяргей Ціханоўскія ў Варшаве, 27 чэрвеня 2025. Фота: Getty Images

Закранаючы пытанне адносін у сям'і ў новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна», Святлана Ціханоўская адзначыла, што немагчыма параўнаць іх сямейнае жыццё да 2020 года і цяпер. Хаця можна правесці некаторыя паралелі:

«Мы як тады рэдка бачыліся, так і цяпер рэдка бачымся. Таму што тады ён працаваў і дастаткова рэдка бываў дома, а цяпер мы працуем абое і прыходзім дадому — і я стомленая, і ён стомлены.

Я пачынаю злаваць, што там посуд не памыты, што мне трэба станавіцца яго мыць, а ён мне хоча ўжо дапамагчы, чаго раней таксама асабліва не было».

Як адзначае Святлана, да 2020 года сітуацыя была іншай:

«Я была вельмі класічнай жонкай. І так склалася нашае жыццё, што я была дома. Я глядзела дзяцей, ён шмат працаваў, і гэта было як бы натуральна [жонцы мыць посуд]».

Цяпер жа сітуацыя змянілася: «Цяпер ён, бачачы, як стамляюся я, яму хочацца і дапамагчы, і ён таксама стомлены, ён гэтага не хоча рабіць, але разумее, што мне трэба дапамагчы».

Святлана адзначае, што разумее неабходнасць вучыцца нанава жыць разам у новых рэаліях:

«Раней у нас не было такога, што я захацела, пайшла кудысьці. Мы, калі ён прыязджаў, мы ўвесь час бавілі разам. Цяпер у мяне сустрэчы, мне трэба кудысьці ехаць.

А для яго гэта ў такую навінку. «А як? А а каторай ты прыйдзеш? А куды ты едзеш?» І вось ён адзін застаецца на гаспадарцы з дзецьмі. Ну гэта такія нюансы».

Ціханоўская ўпэўнена: «Калі ёсць у сям'і павага і каханне, то гэта такія дробныя бытавыя цяжкасці, яны ўсе пераадольваюцца».

«Ён мяне ўкалоў, што вось у цябе павуцінне. Але я думаю, што гэта такія флэшбэкі ў яго турэмнае жыццё, калі за любы пыл, за любое павуцінне яго маглі пасадзіць у ШІЗА. У яго такі вось трыгер: «Вось у цябе павуцінне, вунь пыл. А давай я прыбяру, давай я дапамагу», — прыводзіць прыклад Святлана.

На пытанне, наколькі дапамагае Сяргей, ці стаў ён мыць падлогу, яна адказала: «Па-рознаму. Размяркоўвае сувымерна. У каго ёсць свабодны час. Але гэта мы робім разам. Гэта радуе».

Пра грошы

Закранаючы матэрыяльнае пытанне, Святлана Ціханоўская прызнаецца, што цяпер яны жывуць на яе грошы:

«Я яму, зразумела, дапамагаю на першых этапах, таму што дзе ён возьме іх [грошы]? (…) Тут таксама такія цяжкасці, што ў яго няма дакументаў, немагчыма адкрыць рахунак. Нейкія прыходзяць данаты, і ён не можа іх вывесці. Вядома, я яму дапамагаю [фінансава на яго грамадскую дзейнасць]. Я ў гэтым нічога ненатуральнага не бачу, бо адкуль у яго грошы?»

Што ж тычыцца новай тэхнікі Apple, якой цяпер карыстаецца Сяргей, то яе, па словах Святланы, дапамог набыць «абсалютна чужы чалавек»:

«Калі ты мэтанакіравана хочаш працаваць на добрай тэхніцы і слухаць якасную музыку, ну вось яму хочацца. І я не маю права гаварыць, што ты павінен сабе купіць нешта прасцейшае, сціплейшае, таму што пяць гадоў ён жыў больш чым сціпла. Вось яму хочацца. Калі ласка, калі ў цябе ёсць такая магчымасць для гэтага. Ён не ўзяў гэта з сямейнага бюджэту, чалавек яму дапамог мэтанакіравана, каб ён змог сабе купіць».

Па словах Святланы, Сяргей «кайфуе» ад музыкі, якую слухае праз набытыя навушнікі.

«Мне так падабаецца, што ён кайфуе, што ён п'е каву. Ведаеце, вось гэтыя ўсе дотыкі, адчуванні на слых, яму хочацца нагнаць, чаго не было», — дзеліцца Ціханоўская.

На пытанне, як Сяргей цяпер успрымае сваё залежнае становішча ад жонкі, Святлана адказвала:

«Мы гэта не абмяркоўвалі, і я думаю, што для яго гэта натуральна і для мяне гэта натуральна. Тут няма такога, што я зарабіла, і я табе нешта купляю, даю, утрымліваю цябе. Не, таму што гэта выглядала б вельмі дзіўна. Як можна чалавеку, які толькі выйшаў з турмы, адразу мець нейкі свой капітал, свае даходы?»

«Ціханоўскі 2020» vs «Ціханоўскі 2025»

То якія ж перамены адбыліся ў Сяргею Ціханоўскім проці 2020 года, апроч вагі? Па словах Ціханоўскай, цяпер у Сяргея «вельмі вялікае запатрабаванне быць у сям'і»:

«Калі раней гэта быў бізнэс, гэта былі сябры…. Вядома, мы праводзілі час разам, ён прыязджаў і вёз нас на дачу, і ўвесь гэты час прысвячаў нам, але цяпер ён любую вольную хвіліну — «дзеці, Святлана, вось разам». Паесці, разам некуды схадзіць з сынам. Размовы такія працяглыя.

Ну і час быў іншы. Аб чым было з 10-гадовым дзіцем пагаварыць тады? У яго ніколі не было часу асабліва, а цяпер вось яму трэба гэта. І зноў жа, хіба што наганяць тое, што ён прапусціў, наганяць тое, чаго не было гэтыя пяць гадоў. Яму вось проста фізічна неабходна абдымацца, яму трэба, каб мы былі побач, каб адчуваць нас».

Святлана прызнаецца, што «Ціханоўскі-2025» ёй больш падабаецца за «Ціханоўскага-2020».

«Ён усё ж такі быў даволі эгаістычным да 2020 года, а цяпер гэта чалавек, які насамрэч шануе і мяне, і людзей вакол сябе, і разумее, што без людзей вакол (мы, я кажу, гэта нацыя, гэта беларусы) па-першае, і ён не быў бы на волі, і тыя перамены, якія адбываюцца з нашай краінай, з нашым унутраным станам, яны таксама не атрымаліся б. Таму стаў больш шанаваць атачэнне».

Чытайце таксама:

Ціханоўская: «Мы расказалі Сяргею, як сябе паводзіць на сустрэчах высокага ўзроўню. Ён жа эмацыйны, як агонь, як ураган»

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Ціханоўская пачала займацца боксам

Каментары да артыкула