БЕЛ Ł РУС

Футбаліст перайшоў у «Гомель», каб зарабіць. Але праз пяць дзён яго звольнілі — з-за майкі з надпісам F*ck Gomel

5.08.2025 / 17:10

Nashaniva.com

Аляксандра Ануфрыева падвяло хатняе відэа, якое раптоўна з'явілася ў інтэрнэце.

Аляксандр Ануфрыеў. Скрыншот відэа з сацсетак

Паўабаронца Аляксандр Ануфрыеў за кар'еру паспеў памяняць сем клубаў. Пачынаў ён у БАТЭ, потым былі «Смалявічы», «Смаргонь», мазырская «Славія». Трохі пагуляў за «Іслач», «Мінск» і брэсцкае «Дынама». А адзіны трафей 30-гадовы футбаліст узяў у складзе «Гомеля» — выйграў з клубам Кубак Беларусі ў 2022-м.

У мінулым годзе Ануфрыеў перайшоў у БАТЭ. У гэтым сезоне ён забіў тры галы ў 14 матчах. А потым раптоўна страціў матывацыю. Аказалася, яго запрасілі назад у «Гомель» і прапанавалі там заробак, большы за той, што ён атрымліваў у Барысаве. У выніку Ануфрыева адпусцілі, а 1 жніўня ён зноў стаў гульцом «рысяў».

Але зарабіць не атрымалася. Літаральна адразу пасля пераходу ў «Гомель» у сеціве раптам з'явілася адно відэа. На ім Ануфрыеў у майцы з надпісам «F*ck Gomel» і перакуленым лагатыпам клуба.

Калі было знята гэта відэа, незразумела. Але фанатаў «Гомеля» яно абурыла да глыбіні душы. Яны адразу складалі петыцыю з патрабаваннем выгнаць навічка з каманды. Ануфрыеў паспрабаваў прабачацца праз сайт bel.football.

«Відэа было знята выключна для асабістага карыстання падчас сямейных «пасядзелак». Ні ў якім разе не ставіў перад сабой мэты абразіць каго-небудзь, зачапіць. І відэа мы тады знялі выключна ў гумарыстычных мэтах. Як я лічыў, для асабістага архіва… Але атрымалася так, што яно трапіла ў сеціва», — сказаў Ануфрыеў.

Аляксандр Ануфрыеў. Фота: БАТЭ

Потым ён прасіў прабачэння яшчэ раз, ужо перад фанатамі «Гомеля». Ануфрыеў растлумачыў, што надзеў майку з-за пройгрышу ў карты на жаданне. І наогул яго падставілі.

«Ведаючы, што я гуляў у «Гомелі», і маё стаўленне да гэтага клуба, чалавек, да якога цяпер няма ніякай павагі і разумення які, да таго ж з'яўляецца адным з асноўных заўзятараў БАТЭ, сказаў насіць гэтую майку дзень і спяваць песню.

Я вельмі шкадую пра тое, што гэта вылілася ў такое, і як бы чалавек ні крыўдзіўся на мой сыход з БАТЭ, гэты ўчынак вельмі нізкі!

P.S. Калі ўжо на тое пайшло, то дзіўна, чаму чалавек тады не скідае відэа, дзе я крычу: е**** БАТЭ, е****!» — адзначыў Ануфрыеў, відаць, закрыўшы сабе дарогу яшчэ і ў БАТЭ.

На хвалі скандалу «Гомель» вырашыў ад праблемнага гульца пазбавіцца — праз пяць дзён пасля падпісання кантракта.

Чытайце таксама:

Футбаліст, якога выклікалі ў зборную Беларусі, забіў свайго брата, таксама футбаліста

Вызначыліся магчымыя супернікі гродзенскага «Нёмана» ў заключным этапе кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Выйшаў на свабоду медыяменеджар і былы футбаліст Сяргей Капанец

Каментары да артыкула