БЕЛ Ł РУС

«Трэба разварочваць аўтобусы». Перавозчыкі дамовіліся змагацца з людзьмі, якія перасаджваюцца на мяжы

7.08.2025 / 18:0

Nashaniva.com

Беларусы актыўна выкарыстоўваюць лайфхак, як праходзіць мяжу хутчэй. Але транспартнай інспекцыі і перавозчыкам гэта вельмі не падабаецца.

Перавозчыкі і транспартная інспекцыя хочуць актыўней змагацца з папулярным лайфхаком па хуткім праходжанні мяжы. Гэтае пытанне яны абмеркавалі на сустрэчы ў Гродне.

Шматлікія пасажыры ў чэргах перасаджваюцца ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да шлагбаўма. Паслуга гэтая платная, як лічаць перавозчыкі, часта кіроўцы забіраюць грошы сабе «мiма касы».

Прадстаўнікі транспартнай інспекцыі кажуць, што гэта парушэнне правіл. Чарга на мяжы — гэта не аўтавакзал, і пасадка пасажыраў там забароненая, пiша Мiжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў.

Перавозчыкаў падсадкі таксама не задавальняюць. Перш за ўсё, пасажыры не спяшаюцца купляць білеты, напрыклад, з Гродна да Варшавы, а спрабуюць знайсці спадарожны транспарт ужо ў пункце пропуску. А гэта страта выручкі, і нават страты ад паездак з пустымі салонамі. Па-другое, перавозчыкі лічаць, што падсадкі таксама ўскосна ўплываюць на ўзнікненне чэргаў.

«У чаргу загоняць пусты аўтобус, які пад выглядам турыстычнага курсіруе толькі ад Брэста, напрыклад, да Тэрэспаля. І ён проста «збірае» пасажыраў ужо каля самага шлагбаўма. І можа не кранацца, пакуль не збярэ поўны салон, а астатнія вымушаныя чакаць», — скардзяцца перавозчыкі на канкурэнтаў.

Перавозчыкі знайшлі, як ім здаецца, лёгкае і таннае рашэнне праблемы. Яны прапанавалі інспекцыі правяраць, каб колькасць пасажыраў у салоне па дакументах адпавядала той колькасці людзей, што селі ў транспарт на аўтавакзале. У выпадку перавышэння — разварочваць аўтобус. Тут яны спасылаюцца на правілы: пасадка пасажыраў у міжнародны аўтобус дапускаецца толькі на аўтавакзалах або аўтастанцыях.

«Падсадкі» — дастаткова папулярная практыка на мяжы, калі чарга расцягваецца на дзесяткі аўтобусаў. А здараецца такое часта. Некаторыя перавозчыкі могуць дазваляць перасаджвацца бясплатна, але толькі ў свае ж аўтобусы, якія стаяць бліжэй да шлагбаўма. У іншых выпадках давядзецца плаціць. Такса бывае розная, у сярэднім — 40 еўра. Некаторыя могуць браць 100-150 рублёў. Аднак падчас рэйдаў транспартнай інспекцыі кіроўцы браць новых пасажыраў адмаўляюцца.

Чытайце таксама:

Колькасць машын на польскай мяжы пераваліла за 2500

Шалёная чарга на выезд у Польшчу толькі расце. Вось колькі давядзецца чакаць, каб трапіць у Еўрасаюз на аўто

«Мы сустрэлі захад, мы сустрэлі світанак». Жанчына расказала, колькі гадзін стаяла ў чарзе, каб выехаць з Беларусі ў Літву

Каментары да артыкула