БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: Трамп — балбатун, раніцай гаворыць адно, вечарам робіць іншае

8.08.2025 / 14:33

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю амерыканскаму журналісту часопіс Time Сайману Шустэру, піша БелТА.

Фота: БелТА

Лукашэнка прапанаваў правесці перамовы Трампа, Зяленскага і Пуціна ў Мінску.

«Загадзя давайце вызначымся: да прыкладу, горад-герой Мінск, Стамбул, Жэнева, вызначыліся — праз месяц будзе гэтая сустрэча. Першы дзень — амерыкана-расійскія адносіны, да прыкладу, абмяркоўваем. У другі дзень, калі прыйдзем да згоды па праекце дакумента нейкага, запрашаем Зяленскага, Лукашэнку, Пятрова, Сідарава. Гэта будзе выглядаць годна», — упэўнены ён. 

Журналіст выказаў сумнеў, што сустрэчу можна арганізаваць вось так лёгка да спынення агню. 

«Правільна, трэба падрыхтаваць загадзя, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба падрыхтаваць гэты візіт. Хочаце, я вазьмуся за гэта. Амерыканская частка, расійская. Я гатовы за гэта ўзяцца, падрыхтаваць гэтую сустрэчу. Дзеля міру. І вось давайце пачнем рыхтаваць — паглядзіце, як Зяленскі паступіць. Ён будзе ўпірацца: «я катэгарычна супраць!».

Карэспандэнт Time таксама пагадзіўся з тым, што Уладзімір Зяленскі не стане прыязджаць у Мінск на перамовы. 

 Аднак Лукашэнка заўважыў: «А што яму Мінск? Мінск яму дабра хоча больш, чым дзе». 

Ён нагадаў, што беларускі бок цяпер удзельнічае ў арганізацыі абменаў палоннымі і целамі загінуўшых паміж Расіяй і Украінай. Да гэтага прыцягнутыя байцы спецпадраздзялення «Альфа», якія літаральна на руках пераносяць целы. 

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пэўныя перакосы ў амерыканскіх СМІ, маўляў, Пуцін — дрэнны, Зяленскі — добры, Трамп — яшчэ лепшы. 

«Давай аб'ектыўна. Балбатун Трамп? Балбатун. Прыклад: раніцай кажа адно, увечары робіць іншае. Ёсць гэта. Вынікаў пакуль няма. Пачынае, як паліцэйскі, размахваць шашкай у свеце. Узяўся за лідарства — ажыццяўляй яго. А лідарства — гэта прадухіленне сутыкненняў і войнаў», — заўважыў ён 

«Калі аб'ектыўна, чаму вы не папракаеце Пуціна гэтак жа за ягоныя дзеянні, за агрэсію?» — спытаў журналіст.

«І Пуціна гэтак жа папракаю. Тое, што я табе не кажу, гэта не значыць, што я не папракаю, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І ў Пуціна памылкі пэўныя. Упэўнены, што ён пра шматлікія рэчы шкадуе, пра многіх. Але рэаліі ёсць рэаліі, і давайце з гэтых рэалій зыходзіць. Ні я, ні вы, ні Пуцін і ні Трамп — мы не вечныя. Усё зменіцца літаральна ў найбліжэйшыя дзве пяцігодкі, у найбліжэйшыя 10 гадоў. Але давайце мы вырашым праблему, зыходзячы з рэалій, сёння».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула