БЕЛ Ł РУС

Здавалася, гэта канец, але гэта стала пачаткам шляху да свабоднай Беларусі. Якім было самае недаацэненае паўстанне ў беларускай гісторыі

10.08.2025 / 12:8

Nashaniva.com

Паўстанню 1830−1831 гадоў не пашанцавала. Яно не толькі прайграла, але і засталося ў цені іншых — папярэдняга (1794) і наступнага (1863). У тых былі харызматычныя кіраўнікі (Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі), ім прысвяцілі мноства літаратурных твораў — напрыклад, усенародна любімы раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. У паўстання 1830−1831 гадоў не было ні таго, ні таго. Аднак яно адыграла важную ролю ў беларускай гісторыі, а яго наступствы паўплывалі на ўсе сферы жыцця нашых продкаў. І, як ні парадаксальна, гэтая параза дала штуршок таму, што пазней дапамагло нам выжыць як нацыі — і можа даць надзею сённяшнім беларусам, піша «Люстэрка». 

Падзел краіны і мара пра яе аднаўленне

Гэтае паўстанне ніколі б не адбылося, калі б не падзеі канца ХVIII стагоддзя. Да таго ў продкаў сучасных беларусаў існавала свая дзяржаўнасць — Вялікае Княства Літоўскае, якое потым аб’ядналася з Польшчай у федэратыўную Рэч Паспалітую (РП). Але ў 1795 годзе яе падзялілі паміж сабой суседзі, землі Беларусі анексавала Расійская імперыя. З таго часу мясцовая эліта марыла пра адно — вярнуць страчаную дзяржаву.

Чаму вярнуць хацелі Рэч Паспалітую, а не Беларусь? Яе яшчэ не існавала, як і нацый у сучасным разуменні гэтага слова, і назва «Беларусь» яшчэ не замацавалася за тэрыторыяй нашай краіны. Многія нашыя знакамітыя суайчыннікі (напрыклад, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка, які спрабаваў не дапусціць знішчэння краіны, паэт Адам Міцкевіч) называлі сябе ліцвінамі на знак свайго паходжання з беларускіх земляў ВКЛ, але былі патрыётамі РП. Сёння іх можна лічыць прадстаўнікамі некалькіх сучасных краін і культур — беларускай, польскай і літоўскай.

Надзеі на аднаўленне дзяржаўнасці спачатку звязваліся з Напалеонам: ён стварыў Герцагства Варшаўскае на частцы польскіх земляў. Але пасля падзення французскага імператара з часткі Герцагства ў 1815 годзе было створанае Царства Польскае (яно ўключала землі сучаснай Польшчы і невялікія часткі Літвы, Украіны і Беларусі). Кіраваў ім расійскі манарх, які прыняў яшчэ і тытул польскага караля. Фармальна была свая канстытуцыя, адміністрацыя, сейм і войска. Але паступова аўтаномію ўразалі, а канстытуцыю абмяжоўвалі. Сейм склікалі з парушэннямі, увялі цэнзуру. Правы палякаў ушчамлялі ўсё больш.

Падзелы Рэчы Паспалітай. Графіка: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Царская адміністрацыя практыкавала рэпрэсіі — як непасрэдна ў Польшчы, так і на іншых былых тэрыторыях РП. Напрыклад, удзельнікаў тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, якія дзейнічалі ў Вільні ў першай палове 1820-х, асудзілі проста за ўдзел у гэтых арганізацыях, «самавольны ўплыў на выхаванне моладзі» і чытанне вершаў, «не сумяшчальных з вернасцю расійскаму трону». У выніку 108 чалавек атрымалі прысуды, 20 з іх саслалі ў Расію або зняволілі ў турме.

Калі ў 1825 годзе імператарам Расіі стаў Мікалай I, ціск узмацніўся, парушэнне законаў стала ўсё часцейшым.

Тым часам у Еўропе дзьмулі вятры перамен. У 1830-м успыхнула рэвалюцыя ў Францыі, пад яе ўплывам Бельгія паўстала супраць Нідэрландаў і дабілася незалежнасці. Мікалай I заявіў пра намер паслаць на дапамогу французскай манархіі польскае войска для здушэння пратэстаў. Гэта і стала апошняй кропляй, выклікала абурэнне і справакавала паўстанне. Яго ўпотай арганізавалі польскія афіцэры, падтрымалі іх і цывільныя.

Пачатак паўстання і першыя поспехі

У ноч на 29 лістапада 1830 года паўстанцы атакавалі галоўны арсенал Варшавы і палац Бельведэр, дзе жыў вялікі князь Канстанцін — брат імператара і яго намеснік, камандуючы расійскім войскам у Польшчы. Канстанціна хацелі забіць, але той, папярэджаны, паспеў збегчы. Казармаў расійскіх салдат таксама захапіць не ўдалося. Але фактар раптоўнасці спрацаваў: паўстанцы завалодалі зброяй з арсенала, узброілі гараджан і ўзялі пад кантроль паўночную частку Варшавы.

Але адзінства сярод паўстанцаў не было. Адразу пачалася барацьба за ўладу паміж арыстакратамі на чале з князем Адамам Чартарыйскім (ён жа выступаў ад імені Адміністрацыйнай рады, якая кіравала паўстаннем) і радыкальным «Патрыятычным таварыствам» з інтэлігенцыі і афіцэраў. Патрыёты патрабавалі звярнуцца да жыхароў Беларусі, Украіны і Літвы з заклікам далучыцца да паўстання.

Карціна Марціна Залескага «Узяцце варшаўскага арсенала». Выява: cyfrowe.mnw.art.pl, commons.wikimedia.org

Гэта адбылося не адразу. Замест Рады быў створаны часовы ўрад Царства Польскага, які 5 снежня абвясціў дыктатарам генерала Юзафа Хлапіцкага (тытул «дыктатара» ў яго быў афіцыйным — у старажытнарымскім значэнні «часовы кіраўнік у надзвычайных абставінах», ад лац. dicto — «прадпісваю»). Гэты военачальнік, аднак, быў праціўнікам вайны з Расіяй. Таму ён адправіў адно пасольства да Мікалая I з прапановай перамоваў, другое — да еўрапейскіх урадаў па падтрымку. А справы ў паўстанцаў тады, спачатку, ішлі нядрэнна: расійскае войска ўжо пакінула крэпасці Модлін і Замосць (цяпер Замасць), выйшаўшы з тэрыторыі Царства Польскага.

Перамовы ў Пецярбургу скончыліся нічым. Паўстанцы патрабавалі перадаць у склад Царства Польскага былое ВКЛ і яшчэ шэраг тэрыторый, выконваць Канстытуцыю, амніставаць удзельнікаў паўстання, а таксама падтрымаць дыпламатычным шляхам вяртанне тых польскіх земляў, якія перайшлі да Аўстрыі. Фактычна яны былі гатовыя на аўтаномію ў складзе імперыі — хай і з большай тэрыторыяй, чым раней. Аднак Пецярбург не збіраўся даваць Польшчы столькі самастойнасці і з усіх саступак быў згодны толькі на амністыю для паўстанцаў.

Калі гэта стала вядома, Хлапіцкі зняў з сябе паўнамоцтвы дыктатара. А Сейм пад ціскам вулічных пратэстаў «Патрыятычнага таварыства» зрынуў Мікалая I як польскага цара, захаваўшы Царства Польскае як канстытуцыйную манархію. Пасля такога імперыя мусіла нанесці ўдар у адказ — і вайна супраць бунтаўнікоў стала непазбежнай.

Юзаф Хлапіцкі. Аўтар партрэта — Wojciech Stattler, 1831 год. Выява: platforma.bk.pan.pl, commons.wikimedia.org

115-тысячнае расійскае войска ўзначаліў Іван Дыбіч, які да гэтага паспяхова ваяваў з Асманскай імперыяй. «Ап'янёны поспехамі сваімі ў Турцыі, Дыбіч ужо ехаў у Польшчу ў поўнай упэўненасці ў перамозе пасля першага свайго з’яўлення», — пісалі сучаснікі. Палкаводзец хваліўся, што скончыць з паўстаннем за шэсць тыдняў, і запрашаў знаёмых у Варшаву на бліны. Вялікі князь Канстанцін яго самаўпэўненасці не падзяляў: «Глядзі, герой Забалканскі, не будзь палоннік Завіслянскі».

У адрозненне ад паўстання 1863-га, калі паўстанцы вялі толькі партызанскую барацьбу, у Царстве Польскім было сваё рэгулярнае войска, а таму былі магчымыя «класічныя» баявыя дзеянні. Усяго ўдалося сабраць 40 тысяч чалавек — у чатыры разы менш, чым у расіян, але яны здолелі даць адпор у некалькіх бітвах. У лютым Дыбіч быў вымушаны адмовіцца ад штурму Варшавы і адвесці войскі на зімовыя кватэры.

Смерць кіраўніка расійскага войска і 24-гадовая графіня ў баі

Тым часам паўстанне рыхтавалася і на беларускіх землях. Улады гэтага чакалі: у снежні 1830 года ў заходніх губернях Беларусі і Украіны, а таксама ў Літве абвясцілі ваеннае становішча. Перакідвалі войскі з Расіі, звальнялі нелаяльных чыноўнікаў, арыштоўвалі маёмасць тых, хто з’ехаў у Польшчу.

У студзені 1831 года эмісары з Варшавы дапамаглі стварыць Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Менавіта тады палякі ўпершыню афіцыйна звярнуліся да жыхароў былога ВКЛ з заклікам выступіць супраць імперскіх уладаў. Пачаць вырашылі ў Віленскай губерні — там было мала расійскіх войскаў: тры тысячы ў самой Вільні і невялікія групы па паветах.

Партрэт Івана Дыбіча працы Джорджа Доу. 1821−1825 гады. Выява: hermitagemuseum.org, commons.wikimedia.org

​Паўстанне ў былым ВКЛ пачалося ў канцы сакавіка 1831 года. Але хутка высветлілася: Віленскі камітэт не можа кантраляваць тое, што адбываецца. У кожным павеце з’яўлялася сваё кіраўніцтва на чале з мясцовымі памешчыкамі. Праз каталіцкіх святароў яны прыводзілі сялян да прысягі і абвяшчалі набор у паўстанцкае войска. Людзям абяцалі пасля перамогі даць правы як у «свабодных краінах». Якія менавіта — мудра не ўдакладнялася, бо сяляне маглі спадзявацца на адмену прыгоннага права, што не задаволіла б памешчыкаў.

Паўстанцы вырашылі штурмаваць Вільню. Планавалі сабраць 15−20 тысяч войска, але ў канцы красавіка пад горадам аказалася толькі сем тысяч. Штурм адклалі. Наступную спробу распачалі толькі ў другой палове чэрвеня, калі з Польшчы прыйшло буйное падмацаванне.

На той час сітуацыя ў Польшчы пагоршылася. Баявыя дзеянні аднавіліся, і да канца траўня 1831 года ініцыятыва канчаткова перайшла да расіян. Дыбіч памёр ад халеры, але Іван Паскевіч, які змяніў яго ў чэрвені, працягнуў наступ (ён, дарэчы, праз некалькі гадоў стаў уладальнікам Гомеля, і яго род шмат зрабіў для горада).

Партрэт Івана Паскевіча працы Джорджа Доу. 1821−1825 гады. Выява: hermitagemuseum.org, commons.wikimedia.org

У поспеху расіян быў комплекс прычын: істотная розніца ў сілах, адсутнасць дапамогі паўстанцам з-за мяжы, іх унутраныя рознагалоссі. І, што яшчэ важнейшае, — у паўстання не было праграмы, здольнай захапіць сялян. А яны складалі абсалютную большасць насельніцтва і маглі б стаць сур’ёзнай сілай.

У Беларусі і Літве сітуацыя была падобнай, толькі рэгулярнага войска там не было — таму маштабы баёў былі меншыя. І ўсё ж на штурм Вільні сабралі каля 24 тысяч чалавек. Але і гэтага не хапіла, штурм праваліўся, паўстанцы адступілі. Так прайшла кульмінацыя паўстання на беларуска-літоўскіх землях.

Зрэшты, барацьба працягвалася і ўдалечыні ад сталіцы. На Мазыршчыне атрады дзейнічалі ў Нароўлі, ненадоўга вызвалілі ад расіян Драгічын і Навагрудак. На тэрыторыі Літвы разам з мужчынамі змагалася 24-гадовая графіня Эмілія Плятэр — паводле некаторых звестак, яна нават узначальвала партызанскі атрад.

У сярэдзіне ліпеня большая частка паўстанцаў адышла ў Польшчу: сілы былі занадта няроўныя. Некалькі атрадаў яшчэ трымаліся ў Налібоцкай пушчы. Але 8 верасня пала Варшава. 5 кастрычніка польскае войска, каб унікнуць рэпрэсій з боку расійскіх уладаў, перайшло мяжу з Прусіяй (тая пасля падзелаў валодала часткай Польшчы) і склала зброю. Весткі пра капітуляцыю апошніх крэпасцяў — Модліна 9 кастрычніка і Замосця 21-га — прымусілі разысціся і налібоцкія атрады. Барацьба была прайграная.

Канфіскацыі, рэпрэсіі і эміграцыя

Колькі беларусаў удзельнічала ў паўстанні? Даследчыца Вольга Гарбачова налічыла 2,3 тысячы чалавек. Іх лёсы склаліся па-рознаму: хтосьці застаўся на волі, хтосьці эміграваў на Захад, кагосьці саслалі ў Сібір ці адправілі служыць на Каўказ у расійскае войска. Колькі менавіта было ўраджэнцаў Беларусі сярод тых і іншых, крыніцы не дэталізуюць.

Эмілія Плятэр падчас бітвы, карціна Георга Бенедыкта Вундэра. Выява: polona.pl, commons.wikimedia.org

З усяго былога ВКЛ пад следства трапілі 2878 чалавек. Больш за ўсё — з Віленскай губерні (1091 чалавек, 38%), потым — Гродзенскай (931, 32%) і Мінскай (837, 30%). З Віцебскай губерні было толькі 15 чалавек, з Магілёўскай — 4. Гэта паказвае, у якіх рэгіёнах паўстанне было больш актыўным. Сярод падследных было 336 памешчыкаў, 627 сялян, 103 чыноўнікі і службоўцы, 86 студэнтаў, 73 афіцэры.

Маёнткі паўстанцаў улады канфіскоўвалі. Пазбегнуць гэтага маглі толькі тыя, хто цягам месяца пасля адпаведнага ўказа імператара сам з’явіўся да следчых з павіннай або даказаў, што яго прымусілі ўдзельнічаць у паўстанні. Усяго канфіскавалі 118 маёнткаў у Віленскай губерні, 70 — у Гродзенскай, 22 — у Мінскай, 6 — у Віцебскай, адзін — у Магілёўскай. І нават пасля амністыі гаспадарам не вярнулі іх уладанняў.

Паўстанне прывяло да першай хвалі палітычнай эміграцыі з нашых земляў. Гісторык Дзмітрый Мацвейчык падлічыў: радзіму пакінула каля 9 тысяч чалавек, з іх 1,5−1,7 тысячы — з беларуска-літоўскіх губерняў. У эміграцыі яны напісалі мноства мемуараў і сотні твораў, якія ў Расійскай імперыі не прайшлі б цэнзуры.

Больш за тое, паўстанне заклала «традыцыю» не толькі эміграцыі, але і невяртання. Першыя дваццаць гадоў вяртанцам пагражалі следства, адпраўка ў войска на Каўказ і іншыя рэпрэсіі. Таму за 18 гадоў (1834−1862) сярод тых, хто з’ехаў з беларуска-літоўскіх губерняў, жаданне вярнуцца выказала толькі каля 200 чалавек. У асноўным гэта адбывалася пасля 1856 года, калі новы імператар Аляксандр II абвясціў амністыю — праўда, толькі для тых, хто гатовы пакаяцца. За наступныя шэсць гадоў памілавалі каля 150 эмігрантаў з земляў былога ВКЛ. Пры гэтым, як піша Мацвейчык, у многіх нават не было грошай на дарогу дадому, таму скарысталіся фактам амністыі адзінкі — напрыклад, мастак, скульптар і пісьменнік Напалеон Орда. Але потым грымнула паўстанне 1863 года. Вяртанні спыніліся зусім, а некаторыя з тых, хто ўжо вярнуўся, зноў з’ехалі за мяжу, баючыся новага вітку рэпрэсій.

Эмігрантаў раскідала па ўсім свеце. Сярод іх быў Ігнат Дамейка, які з’ехаў у Чылі, пражыў там паўстагоддзя і стаў нацыянальным героем гэтай чужой яму краіны.

Ігнат Дамейка. Фота: mindat.org, commons.wikimedia.org

Рэпрэсіі закранулі і тых, хто ў паўстанні не ўдзельнічаў. Улады разумелі: галоўны «пратэсны элемент» — гэта шляхта. Значыць, яе колькасць трэба скараціць. З 1831 года ад шляхцічаў пачалі патрабаваць даказаць шляхецкае паходжанне дакументамі. Але ў многіх іх не было, даўнія паперы часта губляліся падчас шматлікіх войнаў, якія прайшлі праз Беларусь, бо некаторыя гарады спальваліся цалкам.

Людзі выкручваліся як маглі. Напрыклад, будучы пісьменнік Вінцэнт Марцінкевіч, каб захаваць шляхецкі статус, запісаў сваё прозвішча як Дунін-Марцінкевіч — нібыта яго продак Пётр Дунін жыў яшчэ ў ХІІ стагоддзі. Большасць дакументаў пра старажытныя пакаленні роду ён сфальсіфікаваў, а асноўную частку радаводу проста спісаў з надрукаванага гербоўніка зусім іншай сям'і.

Тых, хто не змог падаць дакументы, перавялі ў ніжэйшыя саслоўі. У выніку колькасць шляхціцаў сярод беларусаў і літоўцаў скарацілася з 6,2% у 1816 годзе да 5,5% у 1834-м. «Разбор шляхты» — так афіцыйна называлася гэтая кампанія — працягваўся і ў наступныя дзесяцігоддзі.

Пасля гэтага паўстання нарадзілася яшчэ адна «традыцыя» — урада ў выгнанні. У снежні 1831 года гісторык Яахім Лялевель стварыў у Парыжы Польскі нацыянальны камітэт. Ён атрымліваў фінансавую падтрымку ад французскіх рэспубліканцаў (сама краіна тады была манархіяй) і стаў першай такой структурай «айчыннай» апазіцыі ў эміграцыі. Праўда, у 1834 годзе камітэт заклікаў расіян да сумеснай барацьбы супраць царызму. Французская паліцыя яго тут жа закрыла, каб пазбегнуць праблем. Дый пытанні ВКЛ камітэт асобна не разглядаў, выступаючы за адзіную Польшчу.

Русіфікацыя і натхненне для Каліноўскага

Але галоўныя наступствы паўстання былі наперадзе. Яны літаральна перакулілі беларускую гісторыю.

У цэлым з моманту падзелаў Рэчы Паспалітай культурная і адукацыйная палітыка на анексаваных Расіяй тэрыторыях заставалася даволі ліберальнай. У пачатку ХІХ стагоддзя стварылі Віленскую навучальную акругу на чале з тым самым Адамам Чартарыйскім. Асноўнай мовай навучання была польская. Але пасля 1831 года ўсё змянілася. Улады ўзялі курс на поўную ўніфікацыю заходніх губерняў з астатняй Расіяй. Пачалася ўзмоцненая русіфікацыя. Віленскі ўніверсітэт закрылі ўжо ў 1832 годзе як рассаднік вальнадумства, і на тэрыторыі цяперашняй Беларусі засталася толькі адна ВНУ — Горы-Горацкі земляробчы інстытут (у 1864-м прыйшла і яго чарга).

Ударылі і па рэлігіі. Улады закрылі мноства каталіцкіх манастыроў, у 1839 годзе гвалтоўна ліквідавалі ўніяцтва — усіх уніятаў перавялі ў праваслаўе.

У 1840 годзе адмянілі Трэці Статут ВКЛ — звод законаў, які амаль тры стагоддзі дзейнічаў на беларускіх землях. Цяпер замест яго было расійскае заканадаўства.

Праца Багдана Вілевальдэ «Бітва пад Грохавам». Выява: commons.wikimedia.org

У адміністрацыйныя органы на нашых землях пачалі прызначаць толькі службоўцаў з Расіі, а мясцовых — толькі з даведкамі пра добранадзейнасць ад губернатараў. Расійскіх чыноўнікаў заваблівалі ў Беларусь павышанымі заробкамі і хуткім прасоўваннем па службе.

Такім чынам, параза паўстання запусціла ланцуговую рэакцыю: русіфікацыя, эміграцыя і невяртанне, канфіскацыі маёмасці, насаджэнне чужых законаў, прызначэнне чужых чыноўнікаў. Гучыць знаёма? Так, усе гэтыя метады нам добра вядомыя і сёння. І тым не менш — насуперак такім абставінам — беларусы здолелі сфармавацца як нацыя і стварыць уласную дзяржаву.

Падзеі 1830−1831 гадоў натхнілі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у 1863-м. Нездарма адным з яркіх вобразаў рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысвечанага падрыхтоўцы да 1863 года, стаў Чорны Война — удзельнік разгромленага паўстання, які вырашыў працягваць барацьбу ў адзіночку.

— Мне тады было дзевятнаццаць, і я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзі яму не здрадзяць. Веру я ў гэта цяпер або не — мая справа. […] Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што я любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі. Дыктатар паўстання. Напалеончык… Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху… Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі. Але я верыў. Праз год я прыйшоў да некаторых сяброў і сказаў, што час пачынаць спачатку. І ўбачыў, што адзін разводзіць капусту, а другі служыць столаначальнікам. Убачыў пустыя ад жаху вочы… А яны ж былі зусім як я. І я зразумеў: яны спыніліся ў нянавісці. Што мне было рабіць? Начальнікі здрадзілі. Сябры дрыжалі. Народ пакорліва цягнуў ярмо. Усё, у што я верыў, было, значыцца, як байка для дурных дзяцей, а мая мара — паламаная цацка.

Ён усміхнуўся.

— Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!

Цяпер у яго словах гучала наіўная, але цвёрдая гордасць.

— І вось яно жыве. Яны думаюць, што задушылі яго, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы. Які яшчэ мяцеж трымаўся так доўга?! Таму я і сплю адным вокам, таму сцерагуся. Яно павінна жыць доўга… аж пакуль не падстрэляць мяне. Мне нельга спыняцца. Іначай атрымаецца, што я дарэмна жыў.

Фрагмент рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Між тым у 1863-м Кастусь Каліноўскі, бадай, першым загаварыў пра самастойнасць нашай краіны. Калі ў ліпені таго года ў Вільню прыехаў адзін з кіраўнікоў польскага ўрада Оскар Авэйдэ, на перамовах Каліноўскі цвёрда заявіў яму: «Літва і Беларусь — гэта зусім асобная і самастойная дзяржава». То-бок, як тлумачыць гісторык Сяргей Абламейка, Літва і Беларусь успрымаліся паўстанцамі ўжо як дзве розныя краіны, хай і аб’яднаныя ў адну дзяржаву. Таму змагаўся Каліноўскі ў той час за ўсё былое ВКЛ. Але пароль яго паўстанцаў казаў сам за сябе: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!»

Эмілія Плятэр у бітве пад Шаўлямі. Карціна Войцеха Косака. Выява: adapter.pl, commons.wikimedia.org

Так зараджалася канцэпцыя Беларусі як асобнай краіны ў сваіх этнічных межах. Паўстанне 1830−1831 гадоў стала штуршком для гэтага прарыву. Хоць рэпрэсіі, русіфікацыя, эміграцыя падкасілі тады будучую нацыю, яны ж парадаксальным чынам дапамаглі стварыць умовы, у якіх за трыццаць гадоў ідэя незалежнасці ад імперыі даспела да спробы ўвасаблення.

Паўстанне Каліноўскага таксама правалілася. Але імпульс ад яго быў ужо нашмат мацнейшы і наўпрост паўплываў на фармаванне беларускай нацыі. Ідэі Каліноўскага натхнялі дзеячаў наступных пакаленняў — і натхняюць дагэтуль.

Так, апошнія пяць гадоў трагічна ярка паказалі: Беларусь дагэтуль не здабыла поўнай незалежнасці ад Расіі. Але яна хаця б існуе як асобная дзяржава і па-ранейшаму імкнецца да свабоды — як бы гэтае імкненне ні душылі. Гэтая беларуская ідэя і ідэнтычнасць, якія пачалі афармляцца пасля імпульсу 1831 года, з таго часу прарастаюць скрозь усе спробы іх пахаваць. Так было пасля 1864-га, пасля сталінскіх рэпрэсій, пасля русіфікацыі савецкага і постсавецкага часу.

І, можна спадзявацца, так будзе і пасля 2020-га.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула