«Усходні гігант», а сцэны на канцэрце — «вартыя Дантэ». Як уплывовае польскае выданне расказала пра Макса Каржа палякам
«Для сярэднестатыстычнага польскага слухача ён — ноўнэйм», — адзначала Gazeta Wyborcza.
На канцэрце Макса Каржа, 9 жніўня 2025 года. Варшава
«Для сярэднестатыстычнага польскага слухача ён — ноўнэйм, а падзея не анансавалася ў публічнай прасторы. Поспех з пункту гледжання колькасці гледачоў — заслуга ўсходніх дыяспар, раскіданых па ўсёй Еўропе, якіх аб’ядноўвае веданне рускай мовы — менавіта ёю ў большасці сваіх песень карыстаецца Макс Корж.
Да гэтага часу гэта самы невядомы выканаўца, які запоўніў найбольш вядомы стадыён у краіне», —
так пісаў перад канцэртам Макса Каржа ў Варшаве журналіст выдання Gazeta Wyborcza Кшыштаф Новак.
Знаёмячы польскага чытача з беларускім выканаўцам, журналіст заўважаў:
«Спачатку яго творчасць заставалася па-за ўвагай — ён чытаў рэп, як і многія хлопцы з панэльных раёнаў, якія марылі пра славу. Пісаў простыя рыфмы пра ўсё і ні пра што, пад гэткія ж простыя музычныя арынжыроўкі.
(…) Сапраўдная папулярнасць прыйшла ў 2014 годзе, калі рэп ва ўсім свеце пачаў набліжацца да радыёфармату, а Корж упэўнена падхапіў гэты трэнд. Ён адмовіўся ад строгіх жанравых рамак, уводзячы ў сваю музыку элементы электроннай і поп-музыкі.
Разам з абнаўленнем гучання ён пачаў закранаць тэмы каштоўнасцяў і больш адкрыта выяўляць эмоцыі. У выніку стварыў сучасную, аўтарскую інтэрпрэтацыю так званага «шансону» — балады, глыбока ўкаранёнай у культуру народаў Усходу, — што за кароткі час вывела яго ў мясцовы мэйнстрым.
Мільёны праслухоўванняў на стрымінгавых платформах ён атрымаў і дзякуючы таму, што стварае на рускай мове, толькі зрэдку ўплятаючы ў тэксты беларускія фразы. Такім чынам, ён быў адначасова і мясцовым, і міжнародным артыстам, што адлюстроўвалася і ў яго бізнэс-рашэннях — ён падпісаў кантракт з расійскім музычным лэйблам. Гэта не выклікала асаблівых спрэчак, бо тлумачылася эканамічнымі прычынамі».
Аўтар нагадвае, што ў 2016 годзе Корж атрымаў забарону на ўезд ва Украіну за канцэрт у Крыме, якая была праз год знята (у 2021-м у спевака быў канцэрт у Адэсе). У 2020-м, падчас беларускіх пратэстаў, ён спачатку пазбягаў выразнай пазіцыі, што выклікала крытыку, але потым падтрымаў дэманстрантаў. У лістападзе таго ж года выпусціў кліп, дзе мільгаюць кадры пратэстаў і бел-чырвона-белыя сцягі.
Аўтар называе Каржа «ўсходнім гігантам».
На канцэрце Макса Каржа, 9 жніўня 2025 года. Варшава
Пасля канцэрту Wyborcza размясціла яшчэ адзін артыкул, аўтар якога Рафал Гурскі, ахарактарызаваў атмасферу перад і падчас канцэрта, як «сцэны, вартыя Дантэ».
«Тысячы фанатаў артыста, якога ненавідзіць беларускі рэжым, і з другога боку — сарваная ноч жыхароў Волі ды дзясяткі чалавек, затрыманых паліцыяй. Такім стаў вынік візіту ў Варшаву Макса Каржа — артыста, які для палякаў застаецца ананімам, але ён у суботу да краёў запоўніў Нацыянальны стадыён.
Корж не хавае сваёй палітычнай зангажаванасці. Паколькі яго лічаць адным з галоўных ворагаў тамтэйшай спецслужбы, ён утойвае месца жыхарства і рэдка дае канцэрты. (…)
Суботні канцэрт на PGE Narodowym адбыўся невыпадкова 9 жніўня — у гадавіну пачатку пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе. За некалькі гадзін да выхаду Каржа на сцэну вуліцамі сталіцы прайшоў Марш Свабоды ў пятую гадавіну фальсіфікацыі дыктатарам выбараў у Беларусі», —
піша журналіст і заўважае:
«Пра яго візіт у Варшаву загаварылі гучна — і гэта ў літаральным сэнсе — яшчэ за дзень да канцэрта, запланаванага на Нацыянальным стадыёне».
Далей аўтар расказвае пра падзеі напярэдадні, падчас і пасля канцэрта. Так за дзень да канцэрта Макса Каржа ў Варшаве, у мікрараёне Воля, сабраліся некалькі тысяч яго фанатаў. Там гучна іграла музыка, запускаліся феерверкі, пасля засталіся горы смецця; паліцыя выпісала дзясяткі штрафаў і затрымала некалькі чалавек за захоўванне наркотыкаў.
Фантаты Макса Каржа. 8 жніўня 2025. Фота: чытач Miejskiego Reportera
«Пятнічныя падзеі сталі таксама прэлюдыяй да таго, што адбылося ў суботу. Бо да «сцэн, вартых Дантэ» дайшло і на Нацыянальным стадыёне.
Частка фанатаў, якія купілі білеты на трыбуны, спрабавала прарвацца на фан-зону. Пачаліся бойкі з ахоўнікамі і сцюардамі, што сачылі за парадкам. Сітуацыя была настолькі сур’ёзнай, што для супакаення гледачоў давялося ўмяшацца спецыяльным ахоўным падраздзяленням», — піша журналіст.
Пасля канцэрта фанаты прадоўжылі святкаванне ў цэнтры горада, асабліва на берагах Віслы, зноў з феерверкамі, піратэхнікай і алкаголем.
«Гэта найвялікшы гармідар на Нацыянальным стадыёне, пра які мы калі-небудзь чулі. Тут будзе справа для пракурора», — цытуе аўтар словы прадстаўніка паліцыі.
Чытайце таксама:
«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ
«Цімберлэйк, схадзі пакуры!» Хто з вядомых беларусаў прыйшоў на канцэрт Каржа