Новыя прызначэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце
Некаторыя імёны былі ўжо вядомыя.
Фота: Аб'яднаны пераходны кабінет
У Аб'яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай прызначылі новых людзей.
Павел Баркоўскі стаў прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні (ён выконваў гэтыя абавязкі пасля сыходу Аліны Коўшык). Ён кандыдат філасофскіх навук, гасцявы прафесар Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук.
Яго намеснікамі будуць Ірэна Кацяловіч (намесніца ў пытаннях культуры) і Андрэй Лаўрухін (у пытаннях адукацыі і навукі). Кацяловіч журналістка і кінакрытык, сузаснавальніца Прэміі беларускіх кінакрытыкаў Red Heather і Беларускай незалежнай кінаакадэміі, сябра Міжнароднай федэрацыі кінапрэссы (FIPRESCI) і журы міжнародных фестываляў. Лаўрухін — даследчык і эксперт у сферы адукацыйнай палітыкі, сацыялогіі і філасофіі, дырэктар даследаванняў Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе.
Аліса Рыжычэнка стала прадстаўніцай па эканоміцы і фінансах.
Яна магістр эканомікі (БДЭУ) і магістр палітычных навук (Венскі ўніверсітэт), спецыялізавалася на пытаннях Еўрааюза, еўрапеізацыі, міжнароднай палітыкі і развіцця. Працавала ў шэрагу фондаў.
Некалькі прызначэнняў былі і ў замежныя прадстаўніцтвы дэмсілаў.
Кіраўніцай Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве замест Генадзя Манько прызначылі Святлану Шаціліну.
Яна мае досвед супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі і дэпутатамі Вярхоўнай Рады, удзельнічала ў акцыях і гуманітарных праектах, каардынавала медыцынскія місіі ў дэакупаваныя рэгіёны, а апошнія гады дапамагала ў працы Місіі ў пытаннях падтрымкі беларусаў.
У Іспаніі кіраўніцай новаадкрытай Місіі будзе Таццяна Марыніч, стваральніца стартап-хаба Imaguru.
Чытайце таксама:
У Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне будзе новы кіраўнік