Маці чатырох дзяцей, якую схапілі на выхадзе з анкадыспансера, адпусцілі да суда дадому
Ірыну Левіну са складанай формы лімфомы абвіначваюць па справе «Гаюна».
Палітзняволенай Ірыне Левінай, арыштаванай па справе «Беларускага Гаюна» змянілі меру стрымання. Як стала вядома праваабаронцам, жанчыну адпусцілі да суда пад падпіску аб нявыездзе.
Ірына Левіна — маці чатырох дзяцей. Яна стала вядомая пасля брутальнага затрымання на выхадзе з анкалагічнага дыспансера ў Мазыры. 25 чэрвеня 2025 года сілавікі схапілі жанчыну на вачах медыцынскага персанала і пацыентаў анкацэнтра.
У Левінай складаная форма лімфомы. У дзень арышту яна прайшла тамаграфічнае абследаванне, ёй прызначылі чарговую працэдуру хіміятэрапіі.