БЕЛ Ł РУС

Адзін з самых стабільных ледавікоў свету пачаў раставаць з рэкорднай хуткасцю

11.08.2025 / 23:20

Nashaniva.com

Адзін з самых вядомых і раней стабільных ледавікоў свету — Перыта-Марэна ў Патагоніі — пачаў імкліва раставаць, дэманструючы рэкордную хуткасць за апошняе стагоддзе.

Ледавік Перыта-Марэна. Фота: Wikimedia Commons

Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе Communications Earth & Environment, ледавік, які ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з 1981 года і штогод прыцягвае сотні тысяч турыстаў, страчвае кантакт з цвёрдай пародай пад сабой.

Гэта прыводзіць да хутчэйшага раставання і адступлення лёду. Навукоўцы прагназуюць, што ў найбліжэйшыя гады ён можа адступіць яшчэ на некалькі кіламетраў.

Аўтар даследавання Морыц Кох з універсітэта Фрыдрыха-Аляксандра ў Германіі адзначае, што ледавік ужо больш за дзесяць гадоў знаходзіцца ў нестабільным кліматычным стане і паступова адрываецца ад цэнтральнага «пункту фіксацыі».

Каманда даследчыкаў вымярала таўшчыню лёду пры дапамозе радара пад верталётам, санару на возеры і спадарожнікавых здымкаў.

Навукоўцы папярэджваюць, што раставанне ледавікоў, асабліва ў палярных зонах, можа прывесці да небяспечнага павышэння ўзроўню сусветнага акіяну, пагражаючы жыццю і жыллю жыхароў прыбярэжных і астраўных рэгіёнаў. Даследаванні такіх ледавікоў, як Перыта-Марэна, дапамагаюць зразумець будучыню гіганцкіх ледавіковых сістэм Антарктыды.

Чытайце таксама:

Адна з дзяржаў рыхтуецца да першай у свеце планаванай міграцыі ўсёй нацыі

Пляжам ва ўсім свеце пагражае знікненне

Навукоўцы занепакоеныя: запасы прэснай вады на Зямлі скарачаюцца, а ўзровень акіяну расце

Навукоўцы б'юць трывогу: скандынаўскія ледавікі імкліва растаюць

Каментары да артыкула