Шасцярых беларусаў і 57 украінцаў высылаюць з Польшчы пасля інцыдэнтаў на канцэрце Макса Каржа
Шэсць грамадзян Беларусі павінны будуць пакінуць тэрыторыю Польшчы за парушэнні, дапушчаныя імі падчас канцэрта Макса Каржа ў Варшаве. Усяго з краіны высылаюць 63 чалавекі. Пра гэта на пасяджэнні ўрада паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, піша Reform.news.
«Тым часам я магу з задавальненнем сказаць, што надыходзіць фінал сітуацыі, якая так абурыла грамадскую думку, — гэта беспарадкі, акты агрэсіі і асобныя правакацыі на Нацыянальным стадыёне падчас канцэрта беларускага рэпера. Там дайшло да абсалютна непатрэбных падзей, што патрабавалі аператыўнай рэакцыі. Толькі што атрымаў інфармацыю. У дачыненні да 63 асобаў распачата працэдура высылкі з краіны, яны павінны будуць пакінуць краіну добраахвотна або прымусова, калі добраахвотна не з’едуць. У гэтай групе — 57 украінцаў і шэсць беларусаў», — сказаў Туск.
Ён таксама адзначыў, што суды адрэагавалі аператыўна, і ў тых выпадках, дзе мелі месца правапарушэнні або злачынствы, былі прызначаныя адпаведныя пакаранні. Прэм’ер-міністр падзякаваў службам за хуткую рэакцыю, але нагадаў, што яны таксама нясуць адказнасць за тое, што адбылося.
«Дзяржава абавязаная дзейнічаць эфектыўна і аператыўна, каб папярэджваць або караць усіх вінаватых, незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны украінцамі, беларусамі, палякамі ці немцамі. Гэта не мае значэння. Закон павінен выконвацца. І ў дадзеным выпадку гэтыя дзеянні прынеслі неадкладныя вынікі», — сказаў Туск.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што нельга дапусціць росту антыўкраінскіх настрояў.
«Аднак ні пры якіх абставінах, і я заяўляю гэта з поўнай перакананасцю і ў інтарэсах Польшчы і нашай бяспекі, нельга дапусціць разрастання антыўкраінскіх настрояў. Украінскія ўлады таксама павінны гарантаваць, што нікому ў Кіеве, ва Украіне або ў Польшчы не прыйдзе ў галаву ідэя пра нейкія непатрэбныя антыпольскія жэсты з боку ўкраінцаў», — сказаў ён.
Туск нагадаў пра будучыя перамовы прэзідэнтаў ЗША і Расіі, якія могуць прывесці да спынення вайны Расіі супраць Украіны. На яго думку, Уладзімір Пуцін не павінен атрымаць яшчэ адзін падарунак.
«А такім падарункам для Пуціна, безумоўна, стала б сварка ўкраінцаў і палякаў, або, шырэй, Украіны і Еўропы», — сказаў ён.
Туск дадаў, што палякі і ўкраінцы павінны праявіць стрыманасць.
«Менавіта таму я заклікаю ўсіх разумных, прыстойных палякаў рэагаваць там, дзе гэта неабходна, на зло, на абразы, злачынствы, правакацыі. І незалежна ад таго, хто іх здзяйсняе. Але ў той жа час, як бы гэта ні гучала крыху састарэла, нам усім трэба быць вельмі пільнымі, каб не паддацца расійскім маніпуляцыям і правакацыям. Мы не можам дапусціць, каб украінцы распальвалі нянавісць да палякаў або палякі да ўкраінцаў.
Гэта было б гістарычным злачынствам і неверагоднай дурнотай, калі б мы цяпер дазволілі сабе раскалоцца. І калі б мы дазволілі расіянам разбурыць гэты па-сапраўднаму ўнікальны тып адносінаў у нашай гісторыі, які нам удалося пабудаваць дзякуючы нашай гасціннасці і мужнасці ўкраінцаў з таго боку… Гэта сапраўды вельмі каштоўна. Нават калі з абодвух бакоў, як сярод украінцаў, так і сярод нас, часам хапае глупага нацыяналізму або агрэсіўнага нацыяналізму», — сказаў ён.
Туск таксама заклікаў членаў урада і польскіх службоўцаў улічваць гэта. Паводле яго слоў, ён разлічвае на іх сталасць і адказнасць.
Нагадаем, перад пачаткам суботняга канцэрта частка гледачоў пачала саскокваць з сядзячых месцаў на танцпол. Іх спрабавалі спыніць супрацоўнікі аховы. Пазней была прыцягнутая паліцыя, каб не дапусціць наступных інцыдэнтаў. Пачатак канцэрта быў затрыманы. Арганізатары звярнуліся да гледачоў, якія саскочылі на танцпол, з просьбай вярнуцца на трыбуны пад пагрозай адмены канцэрта. У выніку шоу Макса Каржа ўсё ж адбылося.
У панядзелак варшаўская паліцыя паведаміла, што на канцэрце былі затрыманыя 109 чалавек. 50 чалавек аштрафавалі на агульную суму 11 450 злотых (2700 еўра). Да гэтага ў пятніцу на вечарынцы прыхільнікаў Коржа ў раёне Воля былі затрыманыя 9 чалавек. 25 чалавек аштрафавалі.
Шырокі рэзананс у Польшчы выклікалі кадры, на якіх бачныя наведвальнікі канцэрта з чырвона-чорным сцягам. Чырвона-чорны сцяг выкарыстоўвала Украінская паўстанцкая армія падчас Другой сусветнай вайны. У Польшчы ён асацыюецца з Валынскай трагедыяй.
Чытайце таксама:
«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ
Жыхары Варшавы абураныя паводзінамі фанатаў Макса Каржа напярэдадні канцэрта
«Цімберлэйк, схадзі пакуры!» Хто з вядомых беларусаў прыйшоў на канцэрт Каржа
«Расіяне зайздросцяць узроўню беларускага адзінства»
Арганізатары канцэрта Каржа прыслалі экс-палітзняволенай запрашальныя квіткі
Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа