Загінуў на вайне зяць Іосіфа Прыгожына
Больш за год зяць расійскага прадзюсара Іосіфа Прыгожына Яўген Ткачэнка лічыўся зніклым без вестак. Але цяпер ягоны статус змяніўся, піша Baza.
Яўген Ткачэнка з жонкай Данаяй Прыгожынай
Як расказаў тэлеграм-каналу «База» сам 56-гадовы Іосіф Прыгожын, Ткачэнку ў выніку так і не знайшлі — у канцы мінулага тыдня суд афіцыйна прызнаў яго загінулым.
Іосіф Прыгожын — расійскі музычны прадзюсар, вядомы як арганізатар канцэртаў і менеджар папулярных артыстаў, у тым ліку сваёй жонкі, спявачкі Валерыі. Ён актыўна працаваў у расійскай эстрадзе з 1990-х, кіраваў лэйбламі і прадзюсарскімі цэнтрамі.
У апошнія гады трапляў у медыйныя скандалы з-за сваіх выказванняў пра палітыку і шоу-бізнэс. Актыўна падтрымлівае вайну ва Украіне, але 25 сакавіка 2023 года ў СМІ шырока распаўсюдзіўся і выклікаў грамадскі рэзананс 35-хвілінны аўдыёзапіс размовы паміж Прыгожыным і мільярдэрам Фархадам Ахмедавым. У запісе абодва суразмоўцы ў нецэнзурнай форме на фоне ўварвання ва Украіну крытыкуюць кіраўніцтва Расеі. 26 сакавіка Прыгожын выступіў з заявай, што запіс з'яўляецца «фэйкам» з выкарыстаннем нейрасетак, але пазней паведаміў, што «нейкія моманты» ў размове сапраўдныя.