БЕЛ Ł РУС

Закінуты санаторый на Браслаўскіх азёрах зноў трапіў на аўкцыён. Тры гады таму інвестар купіў яго за рэкордную суму

12.08.2025 / 18:53

Nashaniva.com

Былы санаторый для хворых на сухоты ў Браславе, які некалькі гадоў таму прадалі за рэкордныя 240 тысяч даляраў, зноў трапіў на таргі. Цяпер пусты будынак на вядомым беларускім курорце выставілі на аўкцыён за даўгі ўласніка (ён не справіўся з іпатэкай), піша Realt.by.

Былая медыцынская ўстанова знаходзіцца проста ў горадзе Браславе, у сасновым бары паміж двух азёр — Дрывяты і Бярэжа.

Пабудавалі санаторый у 1941 годзе, але пасля некалькі разоў рамантавалі і дабудоўвалі.

Упершыню былы туберкулёзны санаторый, які да таго часу ўжо не выкарыстоўваўся, выставілі на продаж у 2022 годзе. У дадатак да комплексу пабудоў ішоў участак зямлі ў 3,7 гектара.

У выніку на першых жа таргах аб'ект за рэкордную для Віцебшчыны суму ў 630 тысяч рублёў (240 тысяч даляраў) набыла прыватная арганізацыя з Мінска.

Але праз тры гады пасля куплі галоўны будынак санаторыя зноў прадаецца. Цяпер гэта адбываецца з-за запазычанасцяў уладальніка (кампаніі ТАА «ВерасІнвест»).

На таргі трапіў былы лячэбны корпус № 1 плошчай 1180 квадратных метраў. У дадатак да яго ідуць дзве прыбудовы і склеп. Будынак прызначаны для лячэбна-прафілактычных або санаторна-курортных мэтаў.

Трэба адзначыць, што асобны зямельны ўчастак для абслугоўвання капітальнага будынка не выдзелены.

Пачатковая цана будынка — 480 тысяч рублёў (160 тысяч даляраў). Сярод абцяжаранняў лота пазначаная іпатэка, якая будзе пагашаная за кошт продажу.

Аўкцыён пройдзе на пляцоўцы па продажы маёмасці «БелЮрЗабеспячэнне» 19 жніўня.

Чытайце таксама:

У Мінску прадаюць мікракватэру ў 18 квадратаў. Стартавая цана — 19 500 даляраў

Мінчук купіў на аўкцыёне кватэру з пенсіянеркай, якая два гады наадрэз адмаўляецца высяляцца

У элітным квартале ў цэнтры Мінска прапанавалі яшчэ партыю кватэр. Цана квадрата ўражвае

Выставілі на аўкцыён кватэру з самага высокага ў Беларусі панэльнага хмарачоса

У Наваполацку выбухам знеслі даваенную казарму ВІДЭА

Каментары да артыкула