БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

12.08.2025 / 21:45

Nashaniva.com

Насамрэч гэта грошы расійскага мільянера.

Святлана і Сяргей Ціханоўскія ў Варшаве 27 чэрвеня 2025 года. Фота: Getty Images

У сярэдзіне ліпеня 2025 года малавядомыя апазіцыйныя актывісты Руслан Хазін і Вячаслаў Япішка прапанавалі Сяргею Ціханоўскаму 200 тысяч еўра. Узамен ён мусіў даць фінансавую справаздачнасць Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама звесткі пра яе асяроддзе.

Хазін — колішні работнік «Гродна Азота», які пасля працаваў электрамантажнікам у Расіі. У 2020-м далучыўся да пратэстаў і ўрэшце быў вымушаны эміграваць у Польшчу. Там яму знаёмыя дапамаглі з часовым жыллём, а ён сам пачаў шукаць працу. Япішка — гісторык і дробны прадпрымальнік з Брэста.

На іх зварот прадказальна ніхто і не адрэагаваў. Зрэшты, ідэя насамрэч не выглядала сур’ёзнай — адкуль у гэтых актывістаў маглі з’явіцца такія грошы? А калі ў іх і ёсць рэсурсы на палітычную барацьбу, чаму яны іх не выкарыстоўвалі, а чакалі вызвалення Ціханоўскага.

«Наша Ніва» распытала Сяргея Ціханоўскага пра тую дзіўную сітуацыю. Аказалася, што ён усё ж сустрэўся з Хазіным — 6 жніўня ў Варшаве ў грузінскім рэстаране «Ціхары». І той прызнаўся, што гэта за грошы.

Руслан Хазін. Фота: Радыё Рацыя

«Мне сказалі, што беларускі бізнэсовец Хазін хоча са мной сустрэцца і гатовы аказаць нейкую дапамогу. Я не першы раз сустракаюся з прадстаўнікамі бізнэсу, і некаторыя сапраўды дапамагаюць.

Аднак, са слоў Хазіна, ён не з’яўляецца бізнэсоўцам (займаецца электрамантажнымі работамі і цяпер пакутуе ад недахопу заказаў) і не мае магчымасці асабіста дапамагчы мне ў нейкіх ініцыятывах. Але потым ён прапанаваў мне грошы расійскага алігарха Леаніда Неўзліна — каля 300 000 еўра без усялякіх асабістых сустрэч і абавязкаў», — расказвае Ціханоўскі.

Як аказалася, прапанова вырасла ў паўтара разу.

Леанід Неўзлін, фота Navalny.com

Хазін патлумачыў Ціханоўскаму, што грошы ў іх з Япішкам відэазвароце былі не ўласныя. Іх даў разам з машынкай для падліку грошай Неўзлін толькі для здымкі відэа.

«Ён патлумачыў, што ролік быў зроблены, каб патроліць Офіс, а да мяне асабіста ў іх ніякіх прэтэнзій няма», — працягвае Ціханоўскі.

«Я патлумачыў, што ў Офісе не працую і не магу адказваць за іх працу! Я хачу, каб беларускія справы падтрымліваў сумленны беларускі бізнэс. І мне зусім незразумелая зацікаўленасць Неўзліна ва ўсім гэтым, як і яго каманды — ваяваць супраць маёй жонкі і яе каманды, распускаць паклёп і нацькоўваць людзей паміж сабой. Таксама я чуў і пра крымінальную справу, заведзеную па факце нападу на расійскага апазіцыянера (дзе сцвярджаецца, што заказчыкам з’яўляецца Неўзлін)! Відавочна, што такая падрыўная дзейнасць выгадная толькі ФСБ і КДБ.

Я вельмі цаню сваю незалежнасць і, нават прымаючы данаты ад бізнэсу, ніколі не бяру на сябе ніякіх абавязкаў! Калі вам хтосьці скажа адваротнае — ведайце, што перад вамі дурань або падлюга!», — пераконвае ён.

Леанід Неўзлін — расійскі мільярдэр, колішні партнёр Міхаіла Хадаркоўскага па «Юкасе». Жыве ў Ізраілі, з’яўляецца зацятым крытыкам Уладзіміра Пуціна, таксама змагаўся з камандай Аляксея Навальнага. На яго грошы існуе расійская «Сота».

Неўзлін спрабуе ўплываць і на сітуацыю ў Беларусі, фінансуючы СМІ і ініцыятывы, якія выступаюць супраць Аляксандра Лукашэнкі і спрабуюць дыскрэдытаваць Святлану Ціханоўскую. У прыватнасці, ён з’яўляецца спонсарам Хартыі’97.

Чытайце таксама: Каго з беларускай апазіцыі падтрымлівае расійскі мільянер Неўзлін?

Чытайце таксама:

Радзіна рэзка адказала Халезіну: Неўзлін — мой сябар, які шмат зрабіў для развіцця дэмакратыі ў многіх краінах

Расійскую «Соту», якая мочыць Ціханоўскую, спансіруе алігарх Неўзлін

Расійскі мультымільянер Неўзлін мог быць арганізатарам нападу ў Вільні на Леаніда Волкава, паплечніка Навальнага

Каментары да артыкула