БЕЛ Ł РУС

Электрамантажнік Хазін абверг Ціханоўскага і пахваліўся, што яго акцыя «Ультыматум» прывяла да вызвалення палітвязняў

13.08.2025 / 9:34

Nashaniva.com

Актывіст пакрыўдзіўся на Сяргея Ціханоўскага.

Руслан Хазін. Фота: Радыё Рацыя

Беларускі апазіцыйны актывіст Руслан Хазін заявіў, што асабіста не знаёмы з расійска-ізральскім мільярдэрам Леанідам Неўзліным, чые грошы прапаноўваў Сяргею Ціханоўскаму. Відэазварот Хазіна апублікавала расійская «Сота», якую фінансуе Неўзлін.

Нагадаем, у сярэдзіне ліпеня 2025 года малавядомыя апазіцыйныя актывісты Руслан Хазін і Вячаслаў Япішка прапанавалі Сяргею Ціханоўскаму 200 тысяч еўра. Узамен той мусіў даць фінансавую справаздачнасць Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама звесткі пра яе асяроддзе. Ціханоўскі расказаў «Нашай Ніве», што пры асабістай сустрэчы Хазін прызнаўся яму: прапанаваныя грошы насамрэч належаць Леаніду Неўзліну.

Хазін патлумачыў «Соце», што сустрэча насамрэч была, але абмяркоўвалі там зусім іншае.

Актывіст пахваліўся акцыяй «Ультыматум» па сімвалічнай блакіроўцы трафіку на беларуска-польскай мяжы 4 ліпеня 2024 года. Рух нават не быў ускладнены, але сцвярджаецца, што менавіта пасля той акцыі Аляксандр Лукашэнка стаў выпускаць палітвязняў, а прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда паехаў дамаўляцца з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам.

Чытайце таксама: Актывісты прыехалі на польска-беларускую мяжу «блакаваць рух». Але гэта блакаванне ўмоўнае

Па словах Хазіна, Ціханоўскі расказаў яму, што збіраецца ствараць ютуб-канал і студыю для інтэрв'ю з рознымі палітычнымі лідарамі, а бюджэт праекта, маўляў, складае 300 тысяч еўра.

Хазін у адказ прызнаўся Ціханоўскаму, што адзіным вядомым яму чалавекам, які мае грошы ў апазіцыйным асяроддзі, з'яўляецца той самы Леанід Неўзлін, якому можна было б адправіць бізнэс-план. Маўляў, гаворка вялася толькі тэарэтычная.

Але прапанаваныя 200 тысяч еўра нібыта былі свае — сабраныя Хазіным, Япішкам і іх знаёмымі.

«Сота» падкрэсліла сур'ёзны ўзровень Хазіна: «Сцвярджэнне «Нашай Нівы» аб тым, што ён займаецца электрамантажнымі працамі і зараз пакутуе ад недахопу заказаў не адпавядае рэчаіснасці. У рэальнасці Хазін кіраваў буйнымі брыгадамі — ад 20 да 120 чалавек — на будаўніцтве «Лахта-цэнтра», «Зеніт-Арэны», Мурманскага горна-ўзбагачальнага камбіната і гэтак далей, а цяпер чакае новыя падрады».

Аднак сам Хазін блытана патлумачыў, што насамрэч займаецца менавіта электрамантажнымі працамі:

«Да гэтага часу ходзіць незразумелая гісторыя, як я працаваў электрамантажнікам. Ну, няхай так будзе… Так, я зараз займаюся электрамантажнымі працамі, у мяне невялікая прыватная кампанія ў Польшчы», — падсумаваў Хазін.

Сам Неўзлін у каментары «Соце» заявіў, што ні Хазіна, ні Япішку не ведае, і грошы нікому не прапаноўваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула