БЕЛ Ł РУС

Толькі 1% тых, хто выжыў пасля Хірасімы і Нагасакі, пасля памерлі ад ракавых хвароб, выкліканых радыяцыяй

15.08.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Новае даследаванне, праведзенае праз 80 гадоў пасля ядзерных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, паказала: высокія дозы радыяцыі ўяўляюць меншую рызыку раку, чым звычайна лічыцца.

Знішчаная ў выніку ядзернага ўдару Хірасіма. Верасень 1945 года. Фота: AP Photo / File

Як піша Financial Times, лічыцца, што да канца 1945 года ад наступстваў выбуху ядзерных бомбаў, высокіх тэмператур і вострай прамянёвай хваробы загінулі каля 140 000 жыхароў Хірасімы і 74 000 жыхароў Нагасакі.

Пасля катастрофы выжылі каля 324 000 чалавек (іх называюць хібакуся). Прафесар кіравання рызыкамі Брыстальскага ўніверсітэта Філіп Томас ацаніў, што з гэтай колькасці 3100 чалавек у будучыні памерлі ад прамянёвага лейкозу ці раку ўнутраных органаў і іншых тканак, што складае менш за 1%. Вынікі даследавання апублікаваныя ў Journal of Biological Physics and Chemistry.

«Гэта даследаванне паказвае, што радыяцыя, хоць і небяспечная, з’яўляецца слабейшай прычынай раку, чым многія думаюць», — адзначыў Томас, які раней працаваў у галіне ядзернай прамысловасці.

Навуковец пашырыў аналіз афіцыйнага япона-амерыканскага Фонду вывучэння эфектаў радыяцыі, які з 1950 года вядзе даследаванне працягласці жыцця 87 000 хібакуся. Дадаўшы медыцынскія і дэмаграфічныя даныя, Томас ахапіў прыблізна ўсіх 324 000 чалавек, якія перажылі непасрэднае ўздзеянне выбухаў.

Ядзерны грыб над Хірасімай і Нагасакі. Фота: Wikimedia Commons

У даследаванні выкарыстоўваліся розныя матэматычныя і статыстычныя метады для экстрапаляцыі смяротнасці ад раку з канца 1940-х гадоў да 2055 года, калі самаму маладому чалавеку, які выжыў, споўнілася б 110 гадоў.

Рызыка лейкозу, выкліканага радыяцыяй, пачынае павышацца праз 2-3 гады пасля ўздзеяння і дасягае піку прыкладна праз 10 гадоў, у той час як некаторыя ракавыя пухліны ўнутраных органаў і іншых тканак могуць пачаць развівацца нават праз больш чым 50 гадоў.

«Нават тыя, хто выжыў і атрымаў велізарныя дозы радыяцыі, пражылі надзвычай доўга», — адзначае Томас. Так, тыя, хто атрымаў 2,25 Гр (у тры разы больш за ўзровень, які выклікае прамянёвую хваробу, і ў 100 разоў больш за гадавы дапушчальны ўзровень для работнікаў ядзерных аб'ектаў у Вялікабрытаніі), паміралі ў сярэднім ва ўзросце больш за 78 гадоў.

Па словах прафесара эпідэміялогіі раку з Лонданскага інстытута даследавання раку Эмі Берынгтан, агульныя высновы Томаса супадаюць з папярэднімі даследаваннямі па Хірасіме і Нагасакі, але экстрапаляваць іх на іншыя выпадкі без дэталёвай інфармацыі пра дозы трэба з асцярогай.

Берынгтан дадае, што даследаванні хібакуся паказалі адсутнасць перадачы рызыкі для здароўя іх дзецям — гэта было адным з найбольшых страхаў людзей, эвакуяваных падчас крызісу і аварыі на АЭС «Фукусіма-1» у 2011 годзе.

Даследаванне рабочых, якія зазналі ўздзеянне высокага ўзроўню радыяцыі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, таксама не выявіла ўплыву на дзяцей, народжаных імі пасля гэтага.

Чытайце таксама:

Стварэнне ядзернай зброі: ад «ваеннага» атама да «мірнага» і назад?

Нечаканая зброя супраць раку — супрацьзапаленчыя прэпараты

Анкалітычная вірусная тэрапія — танны і эфектыўны спосаб лячэння раку

Каментары да артыкула