БЕЛ Ł РУС

Наўседа падпісаў указ аб прызначэнні Інгі Ругінене прэм'ер-міністрам

14.08.2025 / 15:11

Nashaniva.com

Прэзідэнт Гітанас Наўседа падпісаў указ аб прызначэнні сацыял-дэмакрата, в.а. міністра працы Інгі Ругінене на пасаду прэм'ер-міністра. Прэзідэнту яшчэ трэба будзе прадставіць кандыдатуру Ругінене ў Сейме, піша Delfi.lt.

Фота: інстаграм Інгі Ругінене

У сваю чаргу, парламентарыі павінны будуць прыняць рашэнне па кандыдатуры новага прэм'ер-міністра не пазней, чым праз тыдзень пасля яе прадстаўлення ў зале пленарных. Сейм галасуе па кандыдатуры прэм'ер-міністра адкрыта — для яе адабрэння дастаткова простай большасці галасоў.

У выпадку ўхвалення парламентам кандыдатуры прэм'ер-міністра, ён абавязаны не пазней чым на працягу 15 дзён пасля свайго прызначэння прадставіць парламенту сфармаваны і зацверджаны прэзідэнтам Кабінет міністраў, а таксама ўнесці на разгляд праграму работы ўрада. 

Інга Ругінене працуе на пасадзе міністра сацыяльнай абароны і працы Літвы са снежня 2024 года, яна дэпутатка Сейма ад партыі сацыял-дэмакратаў.

Новая меркаваная прэм'ерка нарадзілася 24 мая 1981 года ў Троках, як кажуць, у рускамоўнай сям'і. Па адукацыі яна магістарка аховы здароўя і юрыстка ў сферы працоўнага права, а таксама вывучала кіраванне лясной гаспадаркай.

З 2018 па 2024 год яна ўзначальвала Літоўскую канфедэрацыю прафсаюзаў. Была віцэ-прэзідэнткай Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (ITUC) і Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў (ETUC).

Кандыдатура Ругінене павінна быць узгодненая з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Пасля гэтага ён павінен прадставіць кандыдата на зацвярджэнне Сейму.

Пасада прэм'ер-міністра Літвы вызвалілася пасля таго, як 4 жніўня ранейшы кіраўнік урада Гінтаўтас Палуцкас пайшоў у адстаўку на фоне карупцыйнага скандалу.

Чытайце таксама:

Новай прэм’еркай Літвы мае стаць 44-гадовая прафсаюзніца

Каментары да артыкула