БЕЛ Ł РУС

Мелказёраў у захапленні ад Насты Роўды: «Гэта прагрэс сезона»

16.08.2025 / 16:23

Nashaniva.com

«Нам патрэбны свае зоркі», — перакананы блогер.

Наста Роўда. Фота: Наша Ніва, CC BY-SA 4.0

Вядучы шоу «Жыццё-маліна» Мікіта Мелказёраў у новым выпуску падкасту «Нешта будзе» абмяркоўваў з Аляксандрам Івуліным беларускіх зорак.

Мелказёраў звярнуў увагу на тое, што аднавілася шоу «Гэта топ», якое вядуць Івулін і Рыгор Астапеня. У адным з апошніх выпускаў гераіняй была дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда, якая расказвала гісторыю першай беларускай газеты.

Таксама яе шоу «Ток» цяпер выходзіць у двух варыянтах — то як класічныя інтэрв'ю, то як размовы з эканамічнай аглядальніцай Вольгай Лойка.

«Хацеў бы адзначыць, якую форму набрала Роўда. У розных варыянтах стала нашмат цікавей. Я не хачу сказаць, што было не цікава. Але цяпер яна дадала нейкай самавітасці і дазволіла сабе таксама выказваць сваю думку. І таму мне падаецца, што ёй належыць прагрэс [новага] сезона», — выказаў сваё меркаванне Мелказёраў.

Таксама ён адзначыў Вольгу Лойка, якая «ў публічную прастору выйшла проста супер».

«Засталося толькі да нас [у падкаст] паклікаць, каб Вольга была проста паўсюль. Самае цікавае, што пакуль яна сапраўды не паўтараецца. Яна паўсюль цікавая».

Мелказёраў расказаў, як Лойка ўспрыняла выказванне аб тым, што яна папулярнейшая за Чалага:

«Мы ляцелі разам з ёй у Вільню. Яна сказала: «Ідэальны піяр». Так што Вольга не пакрыўдзілася, хаця пакрыўдзіліся колішнія яе калегі і нават выдалілі са мною чат».

Чытайце таксама:

Івулін і Мелказёраў прыйшлі да высновы, што Вольга Лойка цяпер папулярнейшая за Чалага

Ціханоўская ўразіла Мелказёрава адказам на пытанне, калі апошні раз была шчаслівая

«Бывае балюча». Наста Роўда — пра хейт, уласны стыль і каманду «ТОК» 

Як Ядзвігін Ш. смажыў у рэдакцыі скваркі і чаму ложак Купалы нагадваў дохлага вярблюда. Івулін і Астапеня знялі захапляльны фільм пра «Нашу Ніву»

Каментары да артыкула