БЕЛ Ł РУС

Расійскія праўладныя хакеры гадамі выкрадалі засакрэчаныя дакументы з судовых сістэм ЗША

15.08.2025 / 13:51

Nashaniva.com

Зламыснікі атрымалі доступ, выкарыстоўваючы скрадзеныя ўліковыя даныя карыстальнікаў і ўразлівасць у састарэлым серверы, які выкарыстоўваўся федэральнай судовай сістэмай. Трамп заявіў, што можа падняць гэта пытанне на сустрэчы з Пуціным на Алясцы.

Як паведамляе Bloomberg, хакеры, звязаныя з урадам Расіі, на працягу некалькіх гадоў мелі доступ да электроннай сістэмы судоў ЗША і выкрадалі канфідэнцыяльныя дакументы, якія былі засакрэчаныя па рашэнні суддзяў.

Паводле справаздачы аб узломе, з якой азнаёмілася выданне, зламыснікі атрымалі доступ, выкарыстоўваючы скрадзеныя ўліковыя даныя карыстальнікаў і ўразлівасць у састарэлым серверы, які выкарыстоўваўся федэральнай судовай сістэмай.

Пры гэтым хакеры мэтанакіравана шукалі менавіта засакрэчаныя матэрыялы. Хоць у дакуменце не называюцца канкрэтныя выканаўцы, следчыя знайшлі доказы, што за атакай стаіць расійская хакерская групоўка, якую фінансуе дзяржава.

Пакуль незразумела, калі менавіта хакеры ўпершыню праніклі ў сістэму і калі суды даведаліся пра ўзлом. Па словах адной з крыніц, мінулай восенню судовая ўлада наняла кампанію па кібербяспецы для вырашэння гэтай праблемы.

Маштаб уцечкі выклікае сур'ёзную занепакоенасць, бо хакеры цікавіліся засакрэчанымі дакументамі па справах аб шпіянажы, махлярстве, адмыванні грошай і дзейнасці агентаў замежных урадаў.

Такія запісы часта ўтрымліваюць надзвычай канфідэнцыяльную інфармацыю, якая ў чужых руках можа паставіць пад пагрозу крымінальныя расследаванні і нацыянальную бяспеку, а таксама раскрыць асобы інфарматараў, якія супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі.

«Гэтыя судовыя запісы — адны з самых каштоўных дакументаў, якімі валодае наш урад. На жаль, Кангрэс не выдзяляе судовай сістэме дастаткова сродкаў для абароны даных, якія яна захоўвае, і мы павінны неадкладна гэта выправіць», — адзначыў Джэйк Браўн, былы намеснік нацыянальнага дырэктара па кібербяспецы ў Белым доме.

Ілюстрацыйны здымак. Зала пасяджэнняў суда. Фота: Getty Images

Яшчэ ў чэрвені федэральны суддзя Майкл Скадэр, які ўзначальвае судовы Камітэт па інфармацыйных тэхналогіях, адкрыта заявіў Камітэту Палаты прадстаўнікоў, што недахоп інвестыцый зрабіў сістэмы «састарэлымі і ўразлівымі».

У адказ на пагрозу судовая сістэма прымае шэраг тэрміновых мер. Яшчэ мінулай восенню была нанятая фірма па кібербяспецы для ліквідацыі наступстваў узлому.

З мая пачалося ўкараненне шматфактарнай аўтэнтыфікацыі, а больш за дзясятак федэральных судоў змянілі працэдуры падачы канфідэнцыяльных матэрыялаў, некаторыя нават цалкам забаранілі загружаць іх у электронную сістэму, патрабуючы падаваць толькі ў папяровым выглядзе.

Сітуацыя знаходзіцца на кантролі Кангрэса: у ліпені адбыўся брыфінг для яго супрацоўнікаў, а на верасень заканадаўцы запыталі дадатковую сакрэтную справаздачу.

Інфармацыя пра ўзлом стала публічнай напярэдадні сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. На пытанне, ці плануе ён узняць гэтую тэму, Трамп адказаў, што чуў пра ўцечку і не выключае такой магчымасці.

«Гэта тое, чым яны займаюцца. У іх гэта добра атрымліваецца. І ў нас гэта добра атрымліваецца. Насамрэч, мы ў гэтым нават лепшыя», — пракаментаваў сітуацыю амерыканскі прэзідэнт.

Чытайце таксама:

Пашыраюцца кібератакі пад выглядам анімэ. З пачатку года ў Беларусі больш за тысячу выпадкаў

Кітай узломвае кампаніі Расіі ў пошуках ваенных сакрэтаў

Расійскія хакеры гадамі сачылі за Грузіяй — Bloomberg

Расійскія хакеры знаходзіліся ў сістэме аднаго з найбуйнейшых мабільных аператараў Украіны з мая 2023 года

У ЗША хакеры выкралі ДНК-звесткі ўжо амаль 7 мільёнаў чалавек

Каментары да артыкула