БЕЛ Ł РУС

У гатэлі Анкорыджа амерыканцы забыліся дакументы, датычныя саміту Трампа і Пуціна

16.08.2025 / 19:48

Nashaniva.com

Амерыканскае нацыянальнае грамадскае радыё (NPR) паведамляе, што ў публічнай друкарцы гатэля ў Анкорыджы пастаяльцы знайшлі восем старонак дакументаў, якія апісваюць план сустрэчы расійскага і амерыканскага прэзідэнтаў. З іх вынікае, што першапачаткова яна мусіла прайсці крыху іначай, чым гэта было рэальна.

Падчас сустрэчы Пуціна і Трампа 15 жніўня ў Анкорыджы. Фота: Andrew Harnik/Getty Images

Дакументы знайшлі тры неназваныя пастаяльцы чатырохзоркавага Hotel Captain Cook, які знаходзіцца за 20 хвілін хады ад месца саміту — базы «Эльмендорф-Рычардсан». Адбылося гэта каля 9-й раніцы па мясцовым часе ў пятніцу, гэта значыць прыкладна за дзве гадзіны да пачатку сустрэчы.

NPR апублікавала восем старонак дакумента. З яго вынікае, што спачатку прэзідэнты павінны былі размаўляць не сам-насам, як планавалася першапачаткова, і не тры на тры, як адбылося ў выніку, а два на два: з амерыканскага боку — Дональд Трамп і Стыў Уіткаф, з расійскага — Уладзімір Пуцін і ягоны памочнік Юрый Ушакоў. У канчатковым выніку да іх далучыліся кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін — Сяргей Лаўроў і Марка Рубіа.

Таксама было ўключана меню сумеснага абеду і графік сустрэчы, з якога вынікае, што на сумесную прэс-канферэнцыю двух прэзідэнтаў адводзілася гадзіна.

У выніку ж Пуцін і Трамп пасля сваёй сустрэчы выступілі перад журналістамі, але адказваць на іх пытанні не сталі.

У Белым доме і Дзярждэпартаменце ЗША не адказалі на запыты пра каментары адносна гэтых дакументаў, піша NPR.

Чытайце таксама:

Мелоні паведаміла, што Трамп гатовы даць Украіне гарантыі бяспекі па мадэлі НАТА

Мерц расказаў пра «вялікі прагрэс» пасля сустрэчы Трампа і Пуціна

Трамп перадаў Зяленскаму, што Пуцін хоча атрымаць увесь Данбас

Трамп прывітаў Пуціна на Алясцы бамбардзіроўшчыкамі, што бамбілі Іран

Былы дарадца прэзідэнта ЗША: Трамп на перамовах не прайграў, але Пуцін відавочна перамог

Каментары да артыкула