Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА
На новы навучальны год «Беллегпрам» падрыхтаваў новую школьную форму. Адзенне дзелавога стылю для вучняў адшывалі каля 60 фабрык, сярод іх — «8 Марта», «Палессе», «Купалінка», «Славянка» і іншыя. Спыталі ў стылісткі Ганны Прышывалка, наколькі адпавядае духу часу бачанне стылю школьнікаў беларускімі прадпрыемствамі.
Нагадаем, што з 1 верасня 2025 года наведваць заняткі ў адзенні дзелавога стылю абавязкова — гэту норму замацавалі ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі.
Ганна Прышывалка, стылістка. Фота: prishivalko_stylist / Instagram
Стылістка Ганна Прышывалка лічыць, што сама ідэя і дзелавога стылю, і школьнай формы нядрэнная.
«Мне як стылістцы падаецца, што гэта правільная гісторыя, таму што мы ж усё яшчэ кажам пра этыкет паводзінаў за сталом, на перамовах ці іншых мерапрыемствах, але часам апускаем з гэтых правілаў момант пра знешні выгляд. Калі ў школы будзе хаця б маленечкі ўнёсак у развіццё густу і пачуцця эстэтыкі ў дзяцей, я лічу, будзе выдатна».
Таксама спецыялізаванае адзенне можа фармаваць адчуванне дачынення да нейкай важнай з’явы, установы.
«Што я маю на ўвазе? Напрыклад, форму ўніверсітэтаў і каледжаў, якія належаць да Лігі плюшчу. Іх форма — гэта не проста адзенне, гэта знак асаблівасці, дачынення да крутой арганізацыі. Не магу нічога з сабой парабіць, але тут дадаткова ўсплываюць і вобразы з Хогвартса — ты належыш да пэўнага факультэта і ганарышся гэтым», — каментуе стылістка.
У плюсы формы можна занесці і тое, што яна сцірае магчымую мяжу паміж дзецьмі з больш багатых сямей і бедных.
«Дрэс-код дапаможа канцэнтравацца на навучанні, а не на тым, каб выпендрыцца і папантавацца перад іншымі. Але калі ён нясе такую ж ідэю, якая была ў савецкія часы, — каб усе былі проста аднолькавымі, шэрай масай, то тут лёгка сысці ў бок Паўночнай Карэі і рабіць усім яшчэ і аднолькавыя прычоскі».
Па мадэлях новай школьнай формы на 2025-2026 навучальны год Ганна бачыць перакос акурат у бок ураўноўвання дзяцей без мэты дапамагчы ім. Задача нібыта ў іншым — каб усё выглядала акуратна для бацькоў і чыноўнікаў.
«Вельмі важна задаць пытанне: для каго мы гэта робім? Для дзяцей і падлеткаў. Пры гэтым сучасных, вельмі добра праінфармаваных. І ў распрацоўцы формы мы мусім пра іх думаць — улічваць іх пажаданні, патрабаванні і ідэі. Каб дзеці насілі форму з добрымі пачуццямі, таму што яна сучасная і стылёвая.
Тое, што я бачу ў каталогу, можа падабацца (ці быць абыякавым) вучням 1-3 класаў. Далей такое наўрад ці па сваёй волі захочацца школьнікам насіць. Для якой мэты мы ўпіхваем падлеткаў у тонкія штаны-трубы і прапаноўваем зашпіленыя на ўсе гузікі кашулі, калі многія з іх у сваім узросце звычайна камплексуюць наконт знешняга выгляду і ў звычайным жыцці любяць насіць нешта больш аб’ёмнае? Мы хочам, каб яны ненавідзелі гэтае адзенне?» — задаецца пытаннем суразмоўца.
Фота: каталог «Беллегпрама»
На погляд стылісткі, было б лепей распрацаваць для дзяцей рэчы з трыкатажу. Замест зашпіленых на ўсе гузікі кашуль — стылёвыя пола. А таксама ўкараняць рэчы-трансформеры, у якіх, напрыклад, можна адшпіліць доўгія рукавы, атрымаўшы кароткія.
Як найлепшыя варыянты ў каталогу Ганна вылучае гэтыя прапановы ад «Світанка», «Калінкі» і «8 сакавіка».
«Гэта больш-менш сучасныя опцыі, але, канечне, колеравая палітра тут вельмі бедная. Мне не падабаецца, што ў Еўропе, напрыклад, увогуле няма этыкету знешняга выгляду, але і прапаноўваць дзецям старамодныя рэчы без зручных, ідэйных элементаў, нічым не лепш», — лічыць стылістка.
Чытайце таксама:
Паспяховая топ-мадэль жыве ў беларускай вёсцы — з ганарараў ад Dior і Versace купіла бацькам карову
Дызайнеркі прапанавалі беларускую альтэрнатыву папулярнай ляльцы Лабубу
Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?
Ідэя для падарунка — падборка стылёвых аксесуараў з беларускім каларытам