БЕЛ Ł РУС

Французскі трэш-блогер памёр у жывым эфіры падчас дзесяцідзённага марафону

20.08.2025 / 19:13

Nashaniva.com

Французскі трэш-стрымер Рафаэль Грэйвен, вядомы ў інтэрнэце пад псеўданімам Jean Pormanove, памёр падчас дзесяцідзённага марафону ў жывым эфіры. Ён меў каля паўмільёна падпісчыкаў і вядомы тым, што на ягоных эфірах адбываліся вельмі жорсткія эксперыменты і пакуты за данаты гледачоў.

Рафаэль Грэйвен

На жывых эфірах з удзелам Рафаэля Грэйвена яго білі, душылі, аблівалі фарбай і нават хадзілі па ім — і ўсё гэта адбывалася на вачах тысяч людзей.

18 жніўня, падчас чарговага дня дзесяцідзённага марафону, Грэйвен ляжаў на матрацы, захутаны коўдрай, з цяжкасцю дыхаў, а ўрэшце перастаў дыхаць увогуле і памёр.

Іншыя трэш-стрымеры, якія бралі ўдзел у эфіры, спачатку былі незадаволеныя хрыпеннем Грэйвена, пасля паспрабавалі яго разбудзіць, б'ючы па шчоках, але безвынікова. Трансляцыю спынілі толькі пасля таго, як стала відавочна, што стрымер да прытомнасці не прыйдзе.

Міністарка ўрада Францыі Клара Шапаз назвала смерць стрымера «абсалютным жахам». Пракуратура Ніцы распачала расследаванне і прызначыла судова-медыцынскую экспертызу, каб вызначыць дакладную прычыну смерці.

Платформа Kick, на якой адбываліся эфіры, цяпер тэрмінова пераглядае правілы супольнасці, каб падобныя інцыдэнты не паўтарыліся. А пахаванне Рафаэля Грэйвена прафінансуюць рэпер Дрэйк і амерыканскі стрымер Адзін Рос.

Падобная сітуацыя адбылася ў лістападзе 2023 года ў Віцебску. Тады на мясцовым канале «Околоконторы» праходзіў стрым, які скончыўся трагедыяй. У анонсе трансляцыі ўдзельнікі заяўлялі, што гатовыя за грошы рабіць любыя заданні, у тым ліку выпіць нагбом бутэльку гарэлкі. У выніку адзін з удзельнікаў не разлічыў свае сілы.

Чытайце таксама:

Раздзяванне дзяўчат, п’янкі ў прамым эфіры. Што такое трэш-блогерства ў Беларусі і чаму ўлады не прызнаюць яго экстрэмізмам

«А як мы яго пра***лі?» Падрабязнасці трэш-стрыму ў Віцебску, у выніку якога памёр чалавек

«Ён проста сіні ўжо». У Віцебску падчас трэш-стрыму памёр чалавек

Каментары да артыкула