У Бабруйску зносяць дом рабіна — адзін з найпрыгажэйшых драўляных дамоў горада
Паводле зацверджанага генеральнага плана горада дом з'яўляўся каштоўнай драўлянай забудовай.
Дом па вуліцы Карла Лібкнехта, 57 адзін з найбольш багата дэкараваных і добра захаваных драўляных дамоў у Бабруйску. Фота: komkur.info.
Пра знос дома па вуліцы Карла Лібкнехта, 57 паведаміў партал komkur.info.
Дом быў узведзены яшчэ да рэвалюцыі на тагачаснай Сталыпінскай вуліцы. Суседні будынак занальнага дзяржаўнага архіва быў пабудаваны на рэштках былой сінагогі, таму найбольш верагодна, што гэты раскошны дом побач належаў сям'і рабіна.
Знос дома па вуліцы Карла Лібкнехта, 57. Фота: komkur.info.
Вуглавы мезанін і зашклёная веранда — усё ў выдатным стане. Фота: komkur.info.
Дыхтоўны дом меў вуглавы дваровы мезанін, з'яўленне якога не вельмі зразумелае — напрошваецца думка пра суку, імправізаваны шацёр, у якім прававерныя іўдзеі павінны здзяйсняць трапезу, а ў добрае надвор'е і начаваць, у час адзначэння Свята шатроў (Сукота).
Тонкая скразная разьба карон аконных ліштваў. Фота: komkur.info.
Дом дайшоў да нашага часу ў надзвычайна добрым стане, без перабудоў: захавалася зашклёная веранда з двара, дэкор з разьбянымі падзорамі, ліштвы з тонка выкананымі каронамі, двайныя дзверы з фігурнымі філёнгамі і накладнымі элементамі, складаны каваны казырок над уваходам — нічога падобнага больш у горадзе няма.
Знос дома па вуліцы Карла Лібкнехта, 57. Фота: komkur.info.
Разбураны мезанін дома. Від з боку двара. Фота: komkur.info.
Калі не браць да ўвагі знакаміты асабняк купчыхі Кацнельсон, які быў выкананы па праекце прафесійнага архітэктара, то дом па вуліцы Карла Лібкнехта, 57 — найлепшы ўзор жылой драўлянай народнай архітэктуры ў горадзе, а можа нават ва ўсёй Магілёўскай вобласці.
Фрагмент каванага казырка. Фота: komkur.info.
Фрагмент каванага казырка. Фота: komkur.info.
Як адзначае тэлеграм-канал «Спадчына», будынак быў абазначаны як каштоўная драўляная забудова на гісторыка-архітэктурным апорным плане горада — частцы генеральнага плана Бабруйска, якім вызначаецца ўся каштоўная забудова.
Тым не менш афіцыйнага ахоўнага статусу будынак так і не атрымаў, а перад зносам ні мясцовыя ўлады, ні краязнаўчы музей не парупіліся пра тое, каб зняць з дома і захаваць частку драўлянага дэкору і казырок, як робяць у Магілёве і Гомелі, дзе сітуацыя з захаваннем драўлянага дойлідства таксама катастрафічная.
Уваход у дом з багата дэкараванымі дзвярыма і каваным казырком. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»