Кавуны, буякі і «Каралева Ганна» па рублю за кіло. Дзе танней купіць гародніну і ягады?
Ужо блізкая восень дорыць беларусам садавінна-агародніннае багацце. І калі садоўніцкія эксперыменты на асабістых участках сапсавала надвор'е, то ўраджай на рынках і ў крамах стабільна багаты. Журналісты выдання Myfin.by высветлілі, дзе больш выгадна напоўніць вітамінны кошык.
Тут і далей фота Юліі Шкуцько / Myfin.by
У якасці эксперыменту журналісты адправіліся на рынак «Новы Лебядзіны», а цэны на папулярныя пазіцыі параўналі з цэнамі гародніны і садавіны ў гандлёвай сетцы. У выніку высветлілі, дзе самыя прывабныя цэны і якія ягады цяпер на вагу золата.
І ўраздроб, і оптам
Рынак «Новы Лебядзіны» ў вёсцы Табары размясціўся за 5 кіламетраў ад Мінска па гродзенскай трасе. Гандлёвыя рады працуюць штодня, а разнастайны асартымент і прыемныя цэны кампенсуюць злёгку аддаленае ад горада месцазнаходжанне.
Яшчэ гэтае месца дазваляе напоўніцу злавіць прыступ настальгіі па «закупах» у Ждановічах. Рытм шопінгу задае баяніст, перакусіць прапануюць кукурузай «як на моры», адразу ў некалькіх месцах прадаюць квас з бочкі. Пры гэтым рынак выразна структураваны, а ад дажджу прадугледжаныя надзейныя навесы.
Сезонныя гародніна і садавіна знаходзяцца адразу на чатырох радах: А, Б, В і Г. Нават у будні ў Табарах не назіраецца недахопу пакупнікоў. Беларусы прыязджаюць запасціся гароднінай для кансервацыі і садавінай на тыдзень.
Цана тавараў пазначаная за кілаграм, але часцяком ёсць дадатковыя пазнакі, напрыклад «толькі опт». Гэта значыць, што купіць кіло персікаў не атрымаецца — аддадуць толькі скрыню. Такая ж сітуацыя з бульбай, буракамі і цыбуляй. Так што калі вы хацелі набыць некалькі апельсінаў і лімон да чаю, то ехаць у «Новы Лебядзіны» — лішняя страта часу.
Пры гэтым некаторыя прадаўцы ахвотна прадаюць ўвесь асартымент і ўраздроб. Таксама амаль у кожным павільёне ўсталяваны тэрмінал для аплаты.
Артышокі, мармеладныя дыні і, вядома, бульба
На рынку можна знайсці нават вынаходкі французскай кухні. За адзін артышок прыйдзецца заплаціць 20 рублёў, у такую ж цану абыйдзецца цыбуля-парэй.
Мінімальны цэннік на беларускую бульбу сорту «Каралева Ганна» стартуе ад 1 рубля за кілаграм. Максімум за «другі хлеб» беларусаў просяць 1,60. Цыбуля каштуе крыху танней — 1,30. Морква — ад 90 капеек.
Самы вялікі дыяпазон цэнаў і асартымент у таматаў: малінавыя, чэры, жоўтыя і сліўкі — ад 1,50 да 3 рублёў за кіло. Баклажан у розніцу аддаюць па 4 рублі за кілаграм, а оптам на 50 капеек танней. Кабачкі ўжо па 1,50, а агуркі ёсць на любы бюджэт: ад 2,70 за неэталонныя экзэмпляры да 7,50 за сярэднія з калючкамі. Перац, жоўты і чырвоны, у адну цану — 6,50. Брокалі каштуе 12 рублёў за кілаграм.
Перш чым нешта купіць, лепш вывучыць цэны адразу ў некалькіх прадаўцоў. Напрыклад, слівы можна купіць за 5 рублёў, 6,90 і нават за 7,50. Персік «Парагвай» таксама прадстаўлены ў трох цэнавых катэгорыях — 7,50, 9 рублёў і 10.
Апельсіны прапануюць за 5 і 6 рублёў, мандарыны — 6 і 7 рублёў. Нектарыны можна адшукаць за 8 рублёў, самы высокі цэннік — 11,50. Персікі прадаюць ад 6,50 за кіло да 12,50.
Абрыкосы з Турцыі можна набыць усяго за 4,50. Дыні і кавуны — па 2 рублі за кілаграм.
Буйныя буякі з Брэста — 17 рублёў за кілаграм, дробныя можна купіць нават за 14,99, пры гэтым у смаку яны не саступаюць.
Адборныя ажыны каштуюць 18 рублёў за 1 кілаграм, а маліны — 30 рублёў.
На рынку ахвотна даюць каштаваць прадукцыю, дарэчны і разумны торг.
Што па колькі ў гіпермаркеце
Сетка «Еўраопт» лічыцца даступнай па цэнавай палітыцы для вялікага кола пакупнікоў. За выгаднымі таварамі ў буйныя гіпермаркеты едуць з усяго горада. Па пятніцах і напярэдадні святаў на прылаўках красуюцца «чырвоныя» цэннікі, якія абяцаюць зніжкі.
Садавінна-агароднінны аддзел у гандлёвай сетцы напоўнены і экзатычнымі таварамі. У апошні час назіраецца багацце пладоў з Азіі. Напрыклад, можна купіць лічы, пітахаю, ці «драконаў фрукт», какосы з трубачкай і манга.
Звыклыя для беларусаў садавіна і гародніна таксама ў наяўнасці. Праўда, не заўсёды яны маюць прывабны выгляд, часцяком можна пабачыць няспелыя персікі ці заляжалыя лімоны.
Бульба ўраджаю гэтага года ў гіпермаркеце каштуе 1,29 рублёў за 1 кілаграм. Маладую моркву таксама можна купіць па выгаднай цане — 91 капейка за кіло.
Кошт перцу вар'іруецца ў залежнасці ад яго колеру: зялёны грунтавы каштуе танней за астатнія — менш за 3 рублі, чырвоны — 7,79, а жоўты — 9,56.
Таматы па-ранейшаму трымаюць цэннік вышэй за 5 рублёў, пры гэтым яны не такія духмяныя, як на рынку. Кілаграм агуркоў абыйдзецца ў 4,49.
Кавуны і дыні часцей за ўсё вялікага памеру, вядома, купіць іх атрымаецца толькі цалкам. Дыня сорту «Краснамяска» каштуе 3,79 за 1 кілаграм, «Тарпеда» — 3,99. За кілаграм кавуна прыйдзецца аддаць 1,49.
Авакада можна адшукаць на зніжцы, за два фрукты ў кантэйнеры — 8,99, кілаграм авакада — 14,99.
Параўнанне цэнаў
Наколькі «салодкія» цэны ў Табарах і ці сур'ёзная пераплата ў адным з самых даступных беларускіх гіпермаркетаў? Супастаўныя цэны тавараў на рынку і ў «Еўраопце». У табліцы цэны пазначаныя ў рублях за 1 кілаграм.
Як мы бачым, гародніна, якая ўваходзіць у «баршчавы набор», адрозніваецца па цане нязначна. А вось іншыя тавары, прадстаўленыя на рынку, таннейшыя у два, а то і ў тры разы. Самая цікавая сітуацыя з ягадамі: ажыны з крамы выйдуць даражэй амаль у 4,5 разу, чым на рынку.
Чытайце таксама:
Адным перад суседзямі сорамна, другія радуюцца кавунам памерам з персік. Беларусы паказваюць ураджай
Белгідрамет: Гэты год для сельскай гаспадаркі незвычайна цяжкі
«Яблычкі па 11 рублёў». Цэны ў краме шакавалі жыхарку Жодзіна