Карабах без армян: Трамп заканчвае войны, якія заканчваюцца самі
Дзеянні адміністрацыі Дональда Трампа і прапанаваныя ёй дадатковыя бонусы ў выглядзе эканамічных выгодаў працэсы крыху паскараюць. Але не яны ствараюць прычыны для змен, і нават не яны іх пачынаюць, піша Алесь Сантоцкі.
Ільхам Аліеў, Дональд Трамп і Нікол Пашынян падчас падпісання мірнай дэкларацыі ў Белым доме. Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Апошнім часам вельмі шмат гавораць пра вострае жаданне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа атрымаць Нобелеўскую прэмію міру. І гэта не проста чуткі — ён сам гэтай сваёй мары асабліва не хавае, ды і Белы дом афіцыйна яго вылучае. І дзеля яе ўвасаблення ў жыццё робіць сапраўды шмат, імкнучыся пагрэцца ў прамянях славы «міратворца» ледзь не ў кожным канфлікце, які цяпер існуе на планеце.
Сам амерыканскі лідар нядаўна з гонарам сказаў, што ўсяго за крыху больш чым палову года ён залагодзіў ужо 6 ваенных канфліктаў, а чарговы (паміж Расіяй і Украінай) у працэсе. Каму ж тады і даваць Нобеля, калі не такому чалавеку?
Варта, аднак, адзначыць, што некалькі тых войнаў, спыненнем якіх так ганарыцца Трамп, былі проста абвастрэннямі вельмі даўніх вяла цякучых цягам дзесяцігоддзяў канфліктаў. І пасля купіравання абвастрэнняў на ранняй стадыі самі канфлікты зусім не перасталі існаваць і ў перспектыве вельмі магчымыя новыя абвастрэнні. Некаторыя «спыненыя войны» былі зноў такі даўнімі канфліктамі, якія ў прынцыпе нясуць у сабе выбуховы патэнцыял для эскалацыі, але да рэальнага вядзення ваенных дзеянняў там усё ж апошнім часам не даходзіла. Аднак жа калі стаіць задача ўразіць усіх прыгожымі лічбамі, то ў агульны кацёл можна скідаць і такое.
Аднак жа трэба прызнаць, што сярод спыненых войнаў, якія Трамп ставіць сабе ў актыў, сапраўды ёсць прынамсі адзін міждзяржаўны і міжнацыянальны канфлікт, які некалькі дзесяцігоддзяў здаваўся безнадзейным і невырашальным — канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй за Нагорны Карабах.
Дэкларацыю аб поўным спыненні баявых дзеянняў лідары гэтых краін Ільхам Аліеў і Нікол Пашынян падпісалі 8 жніўня ў кабінеце Трампа і пры ягонай асабістай прысутнасці. І нават транзітны маршрут праз Паўднёвы Каўказ, які цяпер мае быць пракладзены, названы ў гонар падкага на ліслівасць амерыканскага прэзідэнта: «Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту».
Ну то, можа, прынамсі за спыненне адной гэтай вайны Трамп сапраўды заслугоўвае Нобелеўскай прэміі міру? Бо з таго часу, як свет увогуле даведаўся пра гэты канфлікт у канцы 1980-х, у Амерыцы памянялася сем прэзідэнтаў, і нікому ён быў не па зубах, у тым ліку і Трампу падчас першага тэрміну. А цяпер менавіта ён усяго за паўгода здзейсніў цуд з-за ўласнай геніяльнасці?
Аднак жа, калі адкінуць бравурныя хваласпевы і глянуць на гэту праблему крытычна, можна пераканацца, што насамрэч прэзідэнт ЗША для ўласнага праслаўлення проста ўмела скарыстаўся з наяўнай кан'юнктуры. Сам жа ход падзей, які прывёў да пазітыўнага — прынамсі, на гэтым этапе, — выніку, развіваўся без яго ўдзелу.
Падмурак для ўзнікнення ў будучыні праблемы Нагорнага Карабаха заклала савецкая ўлада ў пачатку 1920-х гадоў, калі тэрыторыя, населеная ў пераважнай большасці армянамі (па розных ацэнках 90-95%) стала часткай Азербайджанскай ССР у статусе аўтаномнай вобласці. Увесь савецкі перыяд напружанне паміж дзвюма нацыянальнымі супольнасцямі, якое мела сярод іншага і гістарычную аснову, трывала, але таталітарная савецкая сістэма не давала яму выплеснуцца вонкі. Але калі гэтая сістэма ў 1980-я гады аслабла, аказалася, што ніякай прапагандаванай савецкімі ідэалогамі дружбы народаў прынамсі ў адносінах паміж азербайджанцамі і армянамі няма ані блізка.
Урэшце гэта вылілася ў вялікую вайну, у ходзе якой армянам удалося ўсталяваць кантроль не толькі над тэрыторыяй былой Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці, але і над прылеглымі азербайджанскімі тэрыторыямі, акупаваўшы ў агульным ліку каля 20% міжнародна прызнанай тэрыторыі Азербайджана. Азербайджанскае насельніцтва мусіла цалкам пакінуць гэтыя тэрыторыі. Больш таго — міжнацыянальны канфлікт у брутальнай форме закрануў не толькі гэтыя землі, і ў выніку ўзаемна практыкаваных праяў гвалту на кантраляванай Баку тэрыторыі Азербайджана практычна не засталося армян, а ў Арменіі — азербайджанцаў.
Пасля заканчэння Першай Карабахскай вайны ў 1994 годзе у тэрытарыяльным плане ў рэгіёне чвэрць стагоддзя захоўваўся статус-кво. Міжнародная супольнасць не мела ніякіх дзейсных механізмаў, каб яго змяніць. Ніводзін з бакоў не быў гатовы адмовіцца ад Нагорнага Карабаха, і ніякая дыпламатыя не магла гэта змяніць.
Патэнцыйна мацнейшы па ўсіх параметрах Азербайджан, аднак, мог сабе дазволіць пастаянна нарошчваць вайсковую моц, чакаючы толькі зручнага моманту, каб вырашыць пытанне сілавым шляхам. Арменія ж, сама валодаючы непараўнальна меншымі рэсурсамі, ураўнаважвала сітуацыю, уступіўшы ў саюзніцкія адносіны з Расіяй і абапіраючыся на яе. За спінай Азербайджана таксама быў моцны саюзнік у выглядзе Турцыі, але і яна пазбягала ўступлення ў адкрыты вайсковы канфлікт пры неспрыяльнай для гэтага кан'юнктуры.
Канфлікт здаваўся вечным і невырашальным, паколькі непрыязнасць паміж двума народамі існавала не толькі на ўзроўні урадаў. Сімвалічным увасабленнем выключнай напружанасці азербайджана-армянскіх адносін стаў выпадак, калі ў 2004 годзе азербайджанскі афіцэр Раміль Сафараў, знаходзячыся на арганізаваных НАТА міжнародных вайсковых курсах у Венгрыі, засек сякерай свайго армянскага калегу Рубена Маргарана ў той час, калі ён спаў. Асуджаны венгерскім судом да пажыццёвага зняволення, Сафараў, аднак, у 2012-м годзе быў перададзены Азербайджану, дзе яго сустрэлі як нацыянальнага героя.
Мірнае сужыццё азербайджанцаў і армян у рамках адной дзяржавы выглядала пры такой сітуацыі немагчымым, і таму любыя праекты ўрэгулявання сітуацыі, якія прадугледжвалі аднаўленне кантролю Азербайджана над Нагорным Карабахам пры захаванні там армянскага насельніцтва, выглядалі ўтапічнымі.
Ніхто з тых, хто меў уяўленне пра рэальную сітуацыю, а перадусім самі карабахскія армяне, не верыў, што абяцанні азербайджанцаў забяспечваць ім правы і свабоды будуць нечым большым, чым проста дэкларацыяй.
Рашэнне ж аб міжнародным прызнанні незалежнасці Нагорнага Карабаха, а тым больш аб далучэнні яго да Арменіі было занадта небяспечным, каб на яго пайсці.
У выніку найлепшым развязаннем для міжнароднай супольнасці выглядала замарозка сітуацыі да таго часу, пакуль змена агульнай кан'юнктуры сама не прадыктуе якое-небудзь рашэнне.
У выніку так і адбылося. Кан'юнктура сапраўды ў пэўны момант памянялася, і зоркі сышліся на карысць Азербайджана і Турцыі.
Праблема Нагорнага Карабаха страціла статус невырашальнай адразу пасля таго, як у выніку наступальных аперацый у 2020 і 2023 гадах азербайджанскай арміі спачатку часткова, а пасля і цалкам удалося ўзяць дзесяцігоддзямі кантраляваныя армянамі тэрыторыі пад свой поўны кантроль, а армянскае насельніцтва было вымушанае практычна ў поўным складзе пакінуць родныя мясціны.
Пасля такой развязкі заставалася варыянтнасць развіцця падзей, якая залежала ад пазіцыі, занятай перадусім кіраўніцтвам абедзвюх краін. Азербайджан мог на куражы развіваць поспех, пераносячы баявыя дзеянні на міжнародна прызнаную тэрыторыю Арменіі і прабіваючы сабе сілай праход праз Зангезурскі калідор да Нахічэванскага эксклава — цалкам магчыма, што чыста вайсковай моцы для гэтага яму хапіла б.
У Арменіі ж маглі не прызнаваць рэчаіснасць і рабіць вяртанне Арцаха (армянская назва Нагорнага Карабаха), у якім ужо няма армян, а адпаведна няма на каго абаперціся, нацыянальнай ідэяй, усю энергію нацыі і ўсе яе сродкі кіруючы насуперак здароваму сэнсу на ўвасабленне ў жыццё гэтай утопіі.
На шчасце, так не адбылося, і ў кіраўніцтва абодвух народаў прынамсі на гэтым этапе здаровы сэнс перамог.
Азербайджанскі дыктатар Ільхам Аліеў — як і турэцкі лідар Рэджэп Таіп Эрдаган, думка якога для кіраўніцтва Азербайджана несумненна мае значэнне, — відавочна ўсведамляе, што пры спробах вырашэння праблемы Зангезурскага калідора грубай сілай ён загоніць сваю краіну — а гэта значыць, самога сябе і сваіх спадкаемцаў ва ўладзе, — у тую ж пастку, у якой раней знаходзілася Арменія і якая ўрэшце давяла яе да скрышальнай паразы.
У сучасным свеце, як і ў светах ранейшых, пры наяўнасці моцнага вайсковага патэнцыялу чужыя землі не так цяжка захапіць. Але затое вельмі цяжка, амаль немагчыма належным чынам свой здабытак легалізаваць, атрымаць для яго афіцыйнае міжнароднае прызнанне. А гэта значыць — ён вісіць на табе цяжкім грузам, звязвае рукі і абмяжоўвае магчымасці для манеўраў, выпампоўвае на ўтрыманне статус-кво каласальныя рэсурсы і гэтак далей.
Вядома, на гэта ўсё можна пляваць, пакуль ты моцны, багаты і агульная міжнародная кан'юнктура ў цэлым дзьме ў твае ветразі. Але гэта ўсё з часам можа моцна змяняцца, і тады гэтая бомба запаволенага дзеяння непазбежна выбухне ў самы неадпаведны момант. То навошта яе ўвогуле закладаць, калі на сённяшні дзень ёсць цудоўная магчымасць атрымаць фактычна той самы вынік, але цалкам законна, з прызнанымі светам адпаведнымі дакументамі, якія ў любых абставінах цяжка паставіць пад сумнеў?
Логіка армянскага кіраўніцтва таксама зразумелая. Любому прытомнаму чалавеку зразумела, што пра барацьбу за Нагорны Карабах такой краіне, як Арменія, можна было сур'ёзна гаварыць толькі тады, пакуль у ім жылі армяне і былі там у пераважнай большасці. Цяпер жа Азербайджан землі, адкуль выгналі армян, заселіць азербайджанцамі і ўмацуе подступы да іх так, што пра тое, каб вярнуць тэрыторыі сілай, застанецца толькі марыць. Тым больш у сітуацыі, калі ў цябе няма ніякіх правоў на гэтыя землі з пункту гледжання міжнароднага права.
Прытым Арменія — краіна, якая сама валодае вельмі абмежаванымі рэсурсамі, знаходзіцца ў выключна нявыгадным геаграфічным становішчы, а Расія, на якую армяне дзесяцігоддзямі абапіраліся, у вырашальны момант іх не падтрымала.
З іншага боку, у армян ёсць унікальны рэсурс — вялізная і ўплывовая дыяспара ва ўсім свеце, у тым ліку ў заходнім. Яна мае цесныя сувязі з гістарычнай радзімай і ў выпадку, калі Арменія робіць канчатковы геапалітычны выбар на карысць Захаду, у яе будзе моцнае лобі і падтрымка.
Вось толькі праблема Нагорнага Карабаха не давала магчымасці гэты выбар зрабіць, вязала рукі і прывязвала да Расіі. А калі гэта праблема нарэшце вырашылася, хай і такім трагічным чынам — рукі развязваюцца. Арменія выходзіць з пасткі і набывае тое, чаго не мела больш за тры дзесяцігоддзя пасля аднаўлення незалежнасці — свабоду манеўру.
Характэрна, што поўная ваенная параза ў Нагорным Карабаху не выклікала нават змены ўлады ў Арменіі. Нейкія пратэстныя выступленні ў абвінавачаннямі ўрада Нікола Пашыняна там адбываліся, але аж надта шырокага маштабу яны не набылі. Прытым што Арменія — краіна адносна дэмакратычная, грамадзянская супольнасць там у бетон не закатаная і палітычная канкурэнтнасць дашчэнту не знішчаная.
Аднак жа нават такая «здрада» Пашыняну з рук сышла. Можна меркаваць, перадусім па той прычыне, што насамрэч і ў грамадстве, і сярод палітычных эліт прынамсі ў глыбіні душы сфармавалася разуменне бесперспектыўнасці і тупіковасці змагання за Арцах, адпаведна і да такога развязання праблемы грамадства маральна ўжо было гатовае.
Такім чынам, пасля 2023 года склалася сітуацыя, калі фактычна ў далейшым працягванні супрацьстаяння ў рэгіёне непасрэдна зацікаўленых не засталося:
Азербайджан і Турцыя могуць атрымаць сваё без вайны, Арменія рэалістычна ацэньвае сітуацыю і змірылася з ёй, а Расія, загрузшы ва Украіне, рычагі ўплыву на сітуацыю ў рэгіёне збольшага страціла. А пры такім раскладзе праблему сапраўды можна канчаткова вырашыць заключэннем «здзелкі», уклаўшы ў рэгіён грошы і прапанаваўшы ўзаемнавыгаднае супрацоўніцтва. То-бок гэта сітуацыя, ідэальная для «міратворцаў» кшталту Дональда Трампа.
Пры гэтым варта яшчэ раз падкрэсліць — Дональд Трамп сам ніяк не ствараў гэтую сітуацыю, ён атрымаў яе ў спадчыну. Кантакты і перамовы на розных узроўнях паміж Азербайджанам і Арменіяй пры ўдзеле Турцыі пачаліся яшчэ тады, калі Трамп не быў не толькі дзейным прэзідэнтам, але нават абраным. Пра перамовы ды магчымую сустрэчу двух лідараў сталі гаварыць яшчэ нават да поўнага выгнання армян з Нагорнага Карабаха — калі армянскае кіраўніцтва цалкам усвядоміла, што пры бягучай сітуацыі яго справа прайграная і шанцаў там утрымацца пры сілавым варыянце ў Арменіі няма.
Пасля таго ж, як з Нагорным Карабахам усё было скончана, бакі абмяркоўвалі, прытым не імітацыйна, а ў дзелавым парадку, пытанні дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы, зменаў у армянскую Канстытуцыю, таго ж Зангезурскага калідора, ідучы адзін другому на саступкі. І тэндэнцыя была такая, што рана ці позна гэтыя перамовы так ці інакш прывялі б да пазітыўнага выніку, бо ў абодвух бакоў было рэальнае жаданне паразумецца і нарэшце развязаць гэты вузел. Прынамсі, Нікол Пашынян заяўляў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірную дамову з Азербайджанам яшчэ ў верасні 2024 года.
Можна меркаваць, што заангажаванне ў працэс адміністрацыі Дональда Трампа і прапанаваныя ёй дадатковыя бонусы ў выглядзе эканамічных выгодаў працэс крыху паскорылі. Але не ініцыявалі яго і нават не распачалі.
Нельга адмовіць Трампу ў выключным уменні прапіярыцца і сабраць вяршкі з таго, у чым ягоная ўласная заслуга насамрэч не такая ўжо і вялікая і ў кожным выпадку не вызначальная. Мала сумняюся, што калі б паўстанцы ў Сірыі крыху прамарудзілі і знеслі рэжым Башара Асада не ў снежні 2024 года, падчас кіравання ў ЗША «ні на што не здатнага» Джо Байдэна, а прынамсі ў лютым 2025-га, калі на пасаду заступіў ужо сусветны «міратворац» Дональд Трамп, то і гэта ён прыпісаў бы свайму генію. І папоўніў бы гэтым кейсам ганаровы спіс заслуг для атрымання Нобелеўскай прэміі.
А вось з сапраўды гарачымі канфліктамі, у якіх ні агрэсар не збіраецца спыняцца, ні ахвяра агрэсіі не хоча капітуляваць, так проста ў «міратворца» не атрымліваецца. Бо ў гэтым выпадку гаворка з абодвух бакоў ідзе зусім не пра грошы. А значыць, і «здзелкамі» такія войны не вырашаюцца. Колькі ні рассцілай чырвоныя дываны перад іх распальшчыкамі.
Чытайце таксама:
Белы дом абвясціў пра вылучэнне Трампа на Нобелеўскую прэмію міру
Трамп дасягнуў межаў свайго свету фантазій. Куды ён адправіцца далей?
Нобелеўскія лаўрэаты папрасілі Трампа дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў
Навумчык: Трамп пацісне руку Бяляцкаму, каб гэта заўважыў Нобелеўскі камітэт
Нетаньяху вылучыў Трампа на Нобелеўскую прэмію
Трамп: Я арганізаваў мірную дамову паміж Конга і Руандай. Але Нобеля мне за гэта не дадуць