«Я вельмі злы з-за гэтага. Перадай Славакіі». Трамп адказаў Орбану на ягоную скаргу на ўкраінцаў
Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан паказаў сваім аднапартыйцам у суполцы фэйсбука копію ліста, які ён накіраваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, разам з яго рукапісным адказам.
Віктар Орбан і Дональд Трамп. Фота: Mark Wilson/Getty Images
У сваім пасланні Віктар Орбан абвінаваціў Украіну ў нападах на нафтаправод «Дружба», падкрэсліўшы, што гэта адзіная крыніца нафты для Венгрыі і Славакіі. Ён назваў такія дзеянні «вельмі недружалюбным крокам» і дадаў, што, нягледзячы на пастаўкі электраэнергіі і паліва з боку Венгрыі, Украіна наносіць удары па інфраструктуры, якая забяспечвае краіну.
У адказ Трамп напісаў ад рукі на палях ліста:
«Віктар. Мне непрыемна гэта чуць. Я вельмі злы з-за гэтага. Перадай Славакіі. Ты мой вялікі сябар».
Гэты эпізод стаў працягам заяў венгерскага боку адносна працы нафтаправода «Дружба». Раней кіраўнік МЗС Венгрыі Петер Сіярта неаднаразова заяўляў, што пастаўкі па нафтаправодзе спыняюцца праз атакі, у якіх Будапешт абвінавачвае Украіну. Ён таксама намякаў, што ў адказ Венгрыя можа прыпыніць пастаўкі электраэнергіі ў суседнюю краіну.
Чытайце таксама:
Трамп запытаўся ў Орбана, чаму ён блакуе ўступленне Украіны ў Еўрасаюз
Орбан: Трамп часта пытаецца, калі Венгрыя выйдзе з Еўрасаюза
Пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў Еўропу зноў спыніліся
Гарыць станцыя перапампоўвання нафты ў Бранскай вобласці, праз якую атрымлівала сыравіну Беларусь