Лукашэнка назваў Нобелеўскую прэмію дыскрэдытаванай і падтрымаў вылучэнне Трампа на яе
Падчас прэс-канферэнцыі прапагандыст Ігар Тур задаў Аляксандру Лукашэнку пытанне, што ён думае адносна жадання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа атрымаць Нобелеўскую прэмію міру.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Лукашэнка найперш выказаў сваё ўласнае кепскае стаўленне да Нобелеўскай прэміі. Нібыта каб узнікла ідэя, што прэмію трэба даць яму, то ён на гэта пляваць хацеў. Прэмія, маўляў, цалкам дыскрэдытаваная і «каму яе толькі не давалі, чыста палітычная гульня».
У Амерыцы ж, на ягоную думку, стаўленне да гэтага іншае, таму ён разумее Трампа, які хоча прэмію атрымаць. Нічога ў гэтым кепскага няма, а беларусы з гэтай нагоды «не парацца». І ўвогуле Трамп, нягледзячы на свае нейкія недахопы, прэміі якраз заслугоўвае.
«Я ўпэўнены, што яму дадуць гэтую Нобелеўскую прэмію. Таму што Барак Абама да яго — увогуле толькі стаў прэзідэнтам, нічога не зрабіў і атрымаў Нобелеўскую прэмію, ён там развязаў некалькі войнаў. А гэты ж змагаецца за мір — хай бы ён атрымаў гэтую Нобелеўскую прэмію. Я асабіста за, і ўпэўнены, што такой пазіцыі прытрымліваюцца многія. Нам гэта ні горача ні холадна, хай атрымае. Таму што мы не паважаем гэту прэмію», — заявіў Лукашэнка.
Маўляў, куды больш важна, каб Трампа паважалі нашы людзі, а яны якраз натхніліся пасля таго, як Трамп патэлефанаваў Лукашэнку.
Чытайце таксама:
Лукашэнка льсціўся да Трампа, пахваліў Пазняка і адмовіўся ад перамоў з апазіцыяй
Лукашэнка адмовіўся ад перамоваў з «тымі, хто разваліў краіну»
Лукашэнка пра палітвязняў: Забірайце да сябе, вязіце іх туды