Дудкін: Мая дапамога беларускаму контрвыведу заўсёды была накіравана на карысць Беларусі
Рэдакцыя атрымала зварот грамадскага актывіста з Польшчы Яўгена Дудкіна, якім ён адрэгаваў на перастаўленне ягонага допісу, «якія агенты самыя небяспечныя». Раней Дудкін прызнаваўся, што быў сакрэтным супрацоўнікам КДБ. Пакідаем зварот даслоўна.
Яўген Дудкін. Фота: яго фэйсбука
Шаноўная рэдакцыя,
Звяртаюся да вас з нагоды матэрыялаў, апублікаваных у вашых артыкулах, якія тычацца маёй асобы і дзейнасці фонду Fundacja Białoruska Chrześcijańska Demokracja. Апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і наносіць сур'ёзную шкоду маёй рэпутацыі, а таксама рэпутацыі Фонду.
Згодна з вашымі публікацыямі, я быў прадстаўлены як «агент КДБ», што з'яўляецца хлуснёй. Я ніколі не быў агентам або штатным супрацоўнікам КДБ. Вашыя сцвярджэнні непраўдзівыя. Мая дапамога беларускаму контрвыведу заўсёды была накіравана на карысць Беларусі. Інфармацыя, якой я дзяліўся, тычылася выключна пытанняў кантактаў беларускіх грамадзян з замежнымі службамі і магчымых незаконных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Вы цалкам ігнаруеце той факт, што ў той жа час я актыўна і паспяхова займаўся прабеларускай грамадскай дзейнасцю, у тым ліку:
Арганізоўваў кампаніі па падтрымцы беларускай мовы і культуры, карыстаючыся падтрымкай дзяржаўных органаў. Пры гэтым я накіроўваў атрыманыя дзяржаўныя сродкі на развіццё апазіцыйнай дзейнасці і дапамогу патрабуючым.
Забяспечваў бяспеку моладзі БХД і яе лідараў, дзякуючы чаму ўсе яны паспяхова скончылі ВНУ і атрымалі працу.
Спрыяў колькаснаму павелічэнню складу МХД і паляпшэнню якасці яе працы. У выніку Магілёўская суполка стала самай вялікай і актыўнай у Беларусі пасля разгрому ў снежні 2010 года.
Спрыяў бяспецы каталіцкай супольнасці ў Магілёўскай вобласці і беларускіх палякаў. Дзякуючы гэтаму ксяндзы-палякі змаглі застацца служыць у Беларусі, нягледзячы на прэтэнзіі з боку ўладаў. Акрамя таго, я асабіста ахвярна дапамагаў Касцёлу.
Вырашаў праблемы забудовы каталіцкіх могілак у Бялынічах і іншыя мясцовыя сацыяльныя праблемы ў Магілёве і Бялынічах.
Увесь гэты час я, у тым ліку, працаваў па размеркаванні на дзвюх стаўках у школах Бялыніцкага раёна, быў класным кіраўніком у самым складаным класе, а таксама адслужыў у войску па ўласным жаданні.
Мая гісторыя скончылася яшчэ ў 2016 годзе, і працягваць называць мяне «агентам КДБ» праз шмат гадоў — гэта свядомае распаўсюджванне непраўдзівай інфармацыі. У вас няма дакладнай інфармацыі, што я рабіў спецыяльныя справаздачы па справе Паўла Латушкі ці магілёўскіх студэнтаў. Не было ніякіх справаздач, толькі адказы на пытанні беларускіх службаў, якія тычыліся іншых асоб у рамках адзінай тэмы — магчымай вярбоўкі замежнымі службамі.
На сённяшні дзень я не маю на руках ніводнага афіцыйнага дакумента з прэтэнзіямі з боку ўладаў Польшчы ці Літвы.
Вашы артыкулы змяшчаюць непраўдзівыя сцвярджэнні, якія наносяць шкоду маёй годнасці, гонару і дзелавой рэпутацыі. Я патрабую, каб рэдакцыя неадкладна апублікавала абвяржэнне і прынесла публічныя прабачэнні. У адваротным выпадку, я пакідаю за сабой права звярнуцца ў суд для абароны маіх правоў і законных інтарэсаў.
З павагай,
Яўген Дудкін
Чытайце таксама:
Агент Дудкін расказаў, якія агенты самыя небяспечныя. Спойлер: не ён