Беларуса будуць судзіць у Варшаве за малюнак з Іланам Маскам
Беларускаму мастаку, які намаляваў у Варшаве Ілана Маска з рымскім прывітаннем, даслалі позву ў суд на 15 верасня, піша «Медыязона».
Фота з інстаграма аўтара малюнка
Яго падазраюць у наўмысным пашкоджанні маёмасці (пункт 1 артыкула 288 КК Польшчы).
У канцы студзеня мастака затрымалі падчас працы над стрыт-артам, на якім быў намаляваны чалавек, падобны да Ілана Маска, які падымае руку ў нацысцкім прывітанні, і надпіс «Make Poland great for Poles again».
У пастарунку ў яго бралі адбіткі пальцаў, сліну, перапісвалі асабістыя даныя. Паводле слоў Максіма, у паліцыянтаў узніклі пытанні да яго дакумента — пратэрмінаванага часовага пасведчання асобы замежніка, якое выдаюць пры падачы на міжнародную абарону.
Таксама беларус распавёў, што паліцэйскі прымушаў яго падпісаць дакумент з абвінавачваннем у нанясенні шкоды маёмасці на 2000 злотых і ў малюнку чалавека, «які робіць рымскі салют».