«Хацеў хайпу, а атрымаў абвінавачанне ў прапагандзе нацызму». Гутарка з беларусам, які намаляваў зігуючага Маска ў цэнтры Варшавы
Зараз мастак-графіціст Максім знаходзіцца ў статусе падазраванага ў прапагандзе нацызму. Да таго ж яму трэба заплаціць штраф дзве тысячы злотых (500 еўра) за маляванне на гістарычным будынку, піша Радыё Свабода.

Эпатажная асоба
Максіму 33 гады. У Беларусі ён скончыў каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, потым ВНУ па спецыяльнасці дызайнер. З лістапада 2020 года ён жыве і працуе ў Варшаве. Пагадзіўся пагаварыць пра свой гучны ўчынак з умовай — не хоча паказваць твар і называць прозвішча. Родныя хлопца жывуць у Беларусі, яму самому на радзіме пагражае палітычны пераслед.
«Я дызайнер і мастак 3D. А графіці — маё хобі. Гэтым я не зарабляю. Я не хачу наносіць шкоду будынкам, маёмасці, выбіраю нейкія сцены і паверхні, на якіх малюю. Магу адрэагаваць на нейкія эмацыйныя рэчы або палітычныя навіны. Нядаўна прачытаў навіну, што Ілан Маск хоча купіць апартаменты ў самым дарагім доме Варшавы на вуліцы Злотай, 44. Мне заўсёды Маск здаваўся эпатажнай асобай. А тут яшчэ на інаўгурацыі Дональда Трампа ён выцягнуў правую руку і зрабіў дзіўны жэст. Шчыра кажучы, я хацеў хайпануць на гэтым і набраць падпісчыкаў», — тлумачыць Максім.
Хлопец распавядае, што перад выхадам «у горад» зрабіў некалькі папярэдніх накідаў у планшэце. У суботу ўвечары, прыкладна ў 21 гадзіну, знайшоў прыдатнае месца. Насупраць хмарачоса на Злотай, 44, — на вуліцы Эміліі Плятэр, 47, паміж дзвюма дзвярыма, была чыстая сцяна.
«Маляваў я хутка, хвілін 15, яшчэ тры хвіліны — і скончыў бы. Выяву паспеў зрабіць і адзін выраз напісаць — «Make Poland great». Другі не паспеў дапісаць, бо ў гэты час побач праходзіў паліцэйскі патруль, і яны мяне «прынялі». Паліцэйскія пачалі высвятляць маю асобу. Беларускага пашпарта ў мяне з сабой не было, толькі часовае пасведчанне, якое выдаюць на час разгляду дакументаў на міжнародную абарону. Але яно было пратэрмінаванае», — распавядае Максім.
Прапаганда нацызму ў публічным месцы
Максім расказвае, што 1 лістапада 2024 года ў яго скончыўся тэрмін дзеяння дазволу на жыхарства ў Польшчы, а кантракту на новую працу, які б дазволіў яго падоўжыць, не было. Хлопец шукае пастаянную працу, пакуль зарабляе часовымі заказамі. У жніўні ён падаў дакументы на міжнародную абарону, але дзеючых дакументаў яшчэ не атрымаў. Часовае пасведчанне асобы выдаецца на тры месяцы, але часам Упраўленне ў справах замежнікаў не паспявае за гэты час прыняць рашэнне.

Паколькі дакумент Максіма быў пратэрмінаваны, паліцэйскія надзелі на яго кайданкі і павезлі ў пастарунак высвятляць асобу.
«Адзін паліцэйскі паводзіў сябе па-хамску, адкрыта дэманстраваў непавагу да мяне. Сказаў, што я павінен заплаціць 2 тысячы злотых, нібыта я нанёс шкоду будынку. І яшчэ, што я намаляваў тое, што яны называюць «зіга» — «сімвал рымскага салюту». І нібыта гэтым я асэнсавана прапагандую ідэі нацызму ў публічнай прасторы. Я абурыўся, маўляў, гэта глупства! Паліцэйскі патрабаваў, каб я падпісаў дакумент, бо была позняя суботняя ноч. Мы доўга дыскутавалі. Мне было страшна, што могуць дэпартаваць», — прызнаецца Максім.
Хлопец дадае, што ў адну гадзіну ночы яго перавялі ў пастарунак, абшукалі, забралі шнуркі. Аднак абыходзіліся ветліва. Нават кнігу Стэндаля на польскай мове далі пачытаць, раніцай пакармілі сняданкам.
«У нядзелю днём мяне зноў прывезлі ў пастарунак. Са мной размаўляў ужо іншы афіцэр. Ён таксама казаў, што мой малюнак — прапаганда нацызму ў публічным месцы. Я тлумачыў, што ў мяне не было такога намеру, гэта арт-постар. У выніку я ў статусе падазраванага. Паліцэйскі сказаў чакаць на працягу 14 дзён позвы ў суд. Параіў таксама шукаць адваката, бо толькі адвакат можа азнаёміцца з дакументамі», — распавёў Максім.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Ці маляваць Маска забаронена?
Ці Маск зрабіў нешта забароненае, што нельга маляваць?