«Мінская праўда» апублікавала прэс-рэліз Аб'яднанага пераходнага кабінета і пахваліла яго працу
Дзіўная навіна з’явілася ў тэлеграм-канале буйнога дзяржаўнага прапагандысцкага выдання «Мінская праўда» — там пахвалілі працу дэмакратычных сілаў Беларусі, якія дамагліся дадатковых экзаменаў па польскай мове (B2) для замежных студэнтаў да канца 2025 года. Навіна правісела нейкі час, але была выдаленая, заўважыў Reform.news.
«Рашэнне прынята пасля сустрэчы дэлегацыі Беларусі з МЗС Польшчы», — адрапартавалі прапагандысты.
Як заўважыла «Люстэрка», спачатку ў публікацыі наогул было напісана «дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі».
Відавочна, нехта ў рэдакцыі «Мінскай праўды» не змог адразу адрозніць «падступны экстрэмізм уцекачоў» ад дапамогі маладым беларусам у паступленні ў польскія ВНУ.
Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале з прадстаўніком па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўлам Баркоўскім і спікерам Каардынацыйнай рады Арцёмам Бруханом правяла сустрэчу з дырэктаркай консульскага дэпартамента МЗС Польшчы Юсцінай Хжаноўскай і супрацоўнікамі дэпартамента.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні беларускіх студэнтаў у Польшчы: умовы паступлення ў сувязі з увядзеннем моўнай сертыфікацыі на ўзроўні B2 і візавая падтрымка.