БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне арыштавалі прарасійскага дэпутата Вярхоўнай Рады. Яго нібыта выдалі з ААЭ

6.09.2025 / 21:12

Nashaniva.com

Служба бяспекі Украіны затрымала і арыштавала дэпутата Вярхоўнай Рады ад прарасійскай «Апазіцыйнай платформы — За жыццё» Фёдара Хрыстэнку. Яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, піша «Украінская праўда».

Фёдар Хрыстэнка пасля затрымання. Фота: Офіс Генеральнага пракурора Украіны

Украінскае следства мяркуе, што Хрыстэнку яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны завербавала ФСБ і ён выконваў заданні расійскай спецслужбы, спрабуючы ўплываць на кіраўніцтва Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны.

Паведамляецца, што Фёдар Хрыстэнка нібыта меў блізкія сувязі з асобнымі кіраўнікамі гэтага органа, у тым ліку з Русланам Магамедрасулавым, якога ў ліпені затрымала Службы бяспекі Украіны па падазрэнні ў вядзенні бізнэсу з Расіяй.

Хрыстэнку арыштавалі на тэрыторыі Украіны, але перад тым, як сцвярджаецца, ён знаходзіўся ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. 

Як сцвярджае выданне Zn.ua, былога дэпутата вярнулі з ААЭ ва Украіну не праз афіцыйную экстрадыцыю, а па палітычнай дамоўленасці паміж уладамі дзвюх краін. 

Паводле крыніц выдання, вяртанне Хрыстэнкі адбывалася пад асабістым кантролем высокапастаўленых асоб. З украінскага боку гэтым займаўся былы міністр абароны Рустэм Умераў па даручэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. У ААЭ нават ездзіў намеснік кіраўніка СБУ Аляксандр Паклад, пасля чаго Хрыстэнка «добраахвотна» пагадзіўся вярнуцца.

Адразу пасля затрымання Хрыстэнку даставілі ў суд, дзе яму вызначылі мерай стрымання ўтрыманне пад вартай.

Чытайце таксама:

Беларус, які ўдзельнічаў у дыверсіі ў Мачулішчах, цяпер пад арыштам ва Украіне. І вось чаму

З’явіліся першыя фота меркаванага забойцы Андрэя Парубія

СБУ ўкараніла свайго агента ў маскоўскі офіс паплечніка Януковіча, які займаўся шпіянажам для ФСБ

Каментары да артыкула