БЕЛ Ł РУС

Пратэстоўцы-зумеры ў Непале заявілі, што краіна перайшла пад іх поўны кантроль

9.09.2025 / 15:20

Nashaniva.com

Прэзідэнт Непала таксама падаў у адстаўку.

Фота: Sunil Pradhan/Anadolu via Getty Images 

Пратэстоўцы ў Непале паведамілі, што краіна перайшла пад іх кантроль, перадае India Today. Яны таксама заклікалі пачаць падрыхтоўку да выбараў і падкрэслілі неабходнасць фарміраваць новы ўрад.

Прэзідэнт Рам Чандра Паўдэл падаў у адстаўку.

Некалькімі гадзінамі раней прэм’ер-міністр Шарма Олі падаў у адстаўку, калі антыкарупцыйныя дэманстранты праігнаравалі бестэрміновую каменданцкую гадзіну і сутыкнуліся з паліцыяй — праз дзень пасля таго, як у выніку гвалтоўных пратэстаў, выкліканых забаронай сацыяльных сетак, загінулі 19 чалавек.

Урад Олі зняў забарону пасля таго, як пратэсты ўзмацніліся ў панядзелак — паліцыя прымяняла слезацечны газ і гумовыя кулі супраць пратэстоўцаў, якія спрабавалі ўварвацца ў будынак парламента. 

5 верасня мясцовыя ўлады заблакавалі YouTube, X (былы Twitter), Reddit, LinkedIn, WhatsApp, Facebook, Instagram. Урад запатрабаваў, каб усе платформы прызначылі ў краіне афіцыйных прадстаўнікоў, але не ўсе сацсеткі паспелі гэта зрабіць.

Учора тысячы маладых людзей выйшлі на вуліцы сталіцы краіны Катманду і зладзілі пратэсты. Сярэдні ўзрост пратэстоўцаў, паводле даных непальскіх СМІ, 15—25 гадоў.

Для разгону дэманстрантаў ужывалі слезацечны газ і адкрывалі агонь — у выніку загінулі 19 чалавек, больш за 500 пацярпелі, у тым ліку 28 паліцэйскіх.

На фоне пратэстаў быў часова зачынены аэрапорт у сталіцы Непала — Катманду, а ўсе рэйсы адменены.

Сёння ўрад заявіў, што не будзе блакаваць месенджары, а прэм’ер Непала Шарма Олі падаў у адстаўку. Усяго за некалькі гадзін да сваёй адстаўкі Олі заклікаў пратэстоўцаў да міру і стрыманасці, упрошваючы шукаць рашэнні шляхам дыялогу. Тым не менш, кіраўніка ўрада папрасіў пакінуць пасаду галоўнакамандуючы арміяй генерал Ашок Радж Сігдэль.

Арміі краіны давялося тэрмінова на верталётах эвакуяваць міністраў з аэрапорта.

Сёння таксама пратэстоўцы ўварваліся ў рэзідэнцыі прэм'ера і прэзідэнта.

Чытайце таксама:

Пратэстоўцы ў Катманду падпалілі рэзідэнцыю прэзідэнта і прэм'ера

Прэм'ер-міністр Непала падаў у адстаўку

У Непале адмянілі забарону на сацсеткі пасля масавых пратэстаў зумераў, у ходзе якіх загінулі 19 чалавек

У Непале людзі масава выйшлі пратэставаць супраць забароны сацсетак, паліцыя расстраляла дэманстрацыю

Каментары да артыкула