БЕЛ Ł РУС

На Дзень горада ў Мінску абмяжуюць уваходы ў метро і падземныя пераходы

10.09.2025 / 20:15

Nashaniva.com

У Дзень горада 13 верасня ў цэнтры Мінска магчымыя абмежаванні доступу ў падземныя пераходы і станцыі метро, асабліва ў раёне Нямігі. Пра гэта паведаміў начальнік Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў.

Фота ілюстрацыйнае

Абмежаванні могуць увесці пры неспрыяльных метэаралагічных умовах і моцных ападках паблізу месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў.

Асабліва вялікая колькасць гасцей чакаецца каля Палаца спорту і на пляцоўцы фестывалю гістарычнай рэканструкцыі. Праход тут будзе арганізаваны праз восем кантрольна-прапускных пунктаў: каля станцыі метро «Няміга», каля пераходаў у гандлёвым цэнтры «Галерэя», на вуліцы Мельнікайце, уздоўж зялёнай зоны праспекта Пераможцаў і праспекта Машэрава.

Для асобных катэгорый грамадзян — ветэранаў, інвалідаў, цяжарных жанчын і людзей з дзецьмі — будуць арганізаваныя асобныя пункты пропуску пад аранжавым тэнтам. Кожны КПП будзе абсталяваны інфармацыйнымі стэндамі са спісам забароненых рэчаў для хутчэйшага праходу. Падчас мерапрыемстваў будуць працаваць камеры захоўвання на праспекце Пераможцаў, вуліцы Мельнікайце і ў раёне скрыжавання праспектаў Машэрава і Пераможцаў.

Акрамя таго, шэсць КПП будуць працаваць на пляцоўцы «Верхні горад». Узмоцненыя меры бяспекі дзейнічаюць у парку імя Горкага, дзе 13 верасня пройдзе «Фестываль прафесій». З 19.00 у скверы «Старосцінская слабада» каля гатэля «Беларусь» будуць устаноўленыя перыметры бяспекі, адкуль у 23.00 запусцяць святочны феерверк.

Сяргей Гарохаў адзначыў, што падчас святочных мерапрыемстваў меры бяспекі будуць узмоцненыя ва ўсіх раёнах Мінска. З 12 верасня павялічыцца колькасць патрулёў, а з 13 верасня міліцыя пераходзіць на ўзмоцнены рэжым нясення службы.

Чытайце таксама:

У Гродне тысячы гледачоў сабраліся паслухаць расійскую поп-спявачку ўкраінскага паходжання Мары Краймбрэры

Стала вядома, хто будзе хэдлайнерам канцэрта на Дзень горада ў Мінску

Кіраўнік Белаазёрска расказаў пра падрыхтоўку да «Дажынак», а людзі захэйцілі ў каментарах

Каментары да артыкула