Продажы беларускіх адзення і абутку ў Расіі моцна падаюць. У «Беллегпраме» патлумачылі чаму
Беларускія вытворцы адзення назіраюць спад спажывецкай актыўнасці ў Расіі. Пра гэта расказала кіраўніца канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна ў інтэрв'ю расійскаму часопісу «Легкая промышленность. Курьер», заўважыла выданне Office Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Reform.news
Таццяна Лугіна адзначыла, што беларускае гатовае адзенне, як правіла, пастаўляецца на рынак Расіі.
«І сёлета мы адзначаем як ніколі вялікі спад актыўнасці. Калі казаць шчыра — каласальны спад зацікаўленасці ў тавары любога ўзроўню і асартыментных пазіцый. Тут супала шмат фактараў. Мы гэта бачым з верасня мінулага года, калі паднялася стаўка расійскага Цэнтрабанка», — заявіла кіраўніца «Беллегпрама».
Яна дадала, што адзін з важных момантаў — гэта ўвядзенне ідэнтыфікацыйных кодаў сістэмы «Сумленны знак» на розныя групы тавараў, якое перыядычна адбываецца ў Расеі. Паводле яе слоў, «гэта ўсё вельмі ўскладняе». У выніку «адвалілася» вялікая колькасць аптовых і рознічных кампаній, асабліва дробных.
«У 2021 годзе, калі ў Расіі ўводзілі маркіроўку абутку, мы думалі, што гэта адбеліць расійскі рынак і, адпаведна, нашым абутнікам будзе лягчэй працаваць. Але гэты вопыт ні да чаго не прывёў. Кітайскія тавары апанавалі ўсё. Я назірала, як у Расіі закрываліся абутковыя фабрыкі, якія выраблялі якасную прадукцыю. Цэлая хваля банкруцтваў менавіта абутнікоў. Гэта проста катастрофа! І ў нас цяпер тая ж праблема», — адзначыла Таццяна Лугіна.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што ў Беларусі, наколькі ўдаецца, стрымліваюць пакіданне рынку вытворцамі абутку, «таму што пытанне тычыцца бяспекі краіны». Але, па яе словах, гэта становіцца рабіць усё складаней і складаней.
Чытайце таксама:
Стылістка пракаментавала школьную форму «Беллегпрама» — а вам як? ШМАТ ФОТА
«Беллегпрам» прадставіў абутак «для сапраўдных патрыётаў» Беларусі
У абутковай кампаніі «Белвест» мільённыя даўгі і пытанне захавання прадпрыемства
Міністр адукацыі прызнаў за бацькамі права купляць школьную форму дзе заўгодна