Камароў прыцягваюць людзі, якія напярэдадні пілі піва і займаліся сэксам
Некаторыя людзі нібы магнітам прыцягваюць да сябе камароў і таму пакутуюць ад іх укусаў значна часцей за іншых. У навукоўцаў пакуль няма адзінага меркавання, чым менавіта абумоўлены гэты эфект, даследаванні ў гэтым кірунку працягваюцца. Нядаўна свой унёсак у вывучэнне гэтага пытання зрабіла група спецыялістаў з Нідэрландаў. Іх высновы могуць здзівіць.
Фота: vecteezy.com
Камары вінаватыя ў найбольшай колькасці чалавечых смерцяў у свеце, бо пераносяць такія небяспечныя хваробы, як малярыя, ліхаманка дэнге, вірусы Зіка, Заходняга Ніла і Чыкунгунья. Паводле ацэнак, яны штогод становяцца прычынай каля 2,7 мільёна смерцяў.
Каб эфектыўна змагацца з гэтай пагрозай, трэба разумець, каго камары выбіраюць у якасці ахвяры. Даўно вядома, што іх галоўны арыенцір — вуглякіслы газ, які мы выдыхаем. Аднак навукоўцы ўпэўненыя, што ключавую ролю адыгрываюць і іншыя сігналы, асабліва пахі, якія выдзяляе цела чалавека.
Як піша Popular Science, даследчыкі з Універсітэта Радбаўда ў Нідэрландах вырашыла высветліць, якія біялагічныя і сэнсарныя фактары найбольш уплываюць на «харчовыя перавагі» камароў.
Замест таго, каб запрашаць добраахвотнікаў у стэрыльную лабараторыю, каманда навукоўцаў пад кіраўніцтвам біёлага Фелікса Хола пайшла незвычайным шляхам.
Яны разгарнулі сваю перасоўную лабараторыю ў транспартных кантэйнерах проста на тэрыторыі буйнога музычнага фестывалю Lowlands, які праходзіць штогод прыкладна за 65 кіламетраў на ўсход ад Амстэрдама.
З прыкладна 60 тысяч наведвальнікаў фестывалю згоду прыняць удзел у эксперыменце выказала каля 500 чалавек. Спачатку яны адказвалі на пытанні анкеты аб сваім харчаванні, гігіене і ладзе жыцця, уключаючы вельмі асабістыя дэталі.
Пасля гэтага кожны ўдзельнік змяшчаў руку ў спецыяльна сканструяваны кантэйнер з акрылавага шкла, дзе знаходзіліся самкі малярыйных камароў (Anopheles).
Канструкцыя была бяспечнай: адтуліны былі дастаткова малымі, каб камары маглі адчуць пах чалавека, але не праткнуць скуру сваім хабатком. Навукоўцы запісвалі рэакцыю насякомых на відэа.
Апісанне і здымкі эксперымента. Фота: матэрыялы артыкула / biorxiv.org
Аналіз даных паказаў выразную тэндэнцыю. Высветлілася, што людзі, якія напярэдадні пілі піва і займаліся сэксам, былі прыкладна ў 1,35 раза больш прывабнымі для камароў, чым цвярозыя і ўстрыманыя ўдзельнікі.
І наадварот, насякомыя радзей спрабавалі атакаваць руку, калі яе нядаўна памылі або нанеслі на яе сонцаахоўны крэм.
«У іх проста густ да геданістаў сярод нас», — з гумарам адзначылі аўтары даследавання.
Хоць навукоўцы прызнаюць, што эксперымент праходзіў у «слаба кантраляваных умовах», а яго ўдзельнікамі былі пераважна «аматары навукі сярод наведвальнікаў фестывалю», вынікі даюць глебу для разважанняў. Яны пацвярджаюць, што на выбар камароў уплывае складаны кактэйль пахаў, які выдзяляе наша цела, і гэты кактэйль мяняецца ў залежнасці ад таго, што мы ямо, п'ём і робім.
Таму, калі ў наступны раз вы будзеце адбівацца ад надакучлівых насякомых, успомніце: магчыма, вы проста занадта добра праводзіце час. А пакуль навука працягвае даследаванні, не забывайцеся пра простыя парады: абмяжоўвайце алкаголь на прыродзе і карыстайцеся сонцаахоўнымі сродкамі. Што тычыцца трэцяй звычкі, то навукова даказана, што яна, пры ўзаемнай згодзе, вельмі карысная для здароўя.
Чытайце таксама:
Захворванні, якія пераносяць камары, становяцца сур'ёзнай праблемай у Еўропе
Каго часцей за ўсё кусаюць камары? Даведаліся ў вучонага
Навукоўцы прыдумалі, як змагацца з камарамі. Іх трэба рабіць глухімі