«Разгледзець засаду». Веласіпедысты і кіроўцы пра патрабаванне спешвацца на пераходзе
Новыя правілы выклікаюць спрэчкі сярод удзельнікаў дарожнага руху. Пачынаючы з 1 верасня, веласіпедыстаў зноў абавязалі спешвацца на пешаходных пераходах. Спыталі, што думаюць пра гэта веласіпедысты і кіроўцы.
Даводзіцца быць больш пільным, каб разгледзець засаду
Раварыст са стажам прызнаецца, што з 1 верасня ў ягонай манеры язды асабліва нічога не змянілася.
«На ажыўленых скрыжаваннях і раней спешваўся дзеля бяспекі. А на малых і пасля выхаду новых правіл не спешваюся. Праўда, цяпер даводзіцца быць больш пільным, каб, так бы мовіць, разгледзець засаду», — прызнаецца мужчына.
Агулам суразмоўца кажа, што не вітае гэтых змен, бо спешвацца на кожным пераходзе — гэта вельмі нязручна.
«Я і аўтамабіліст, таму на ровары езджу з разуменнем таго, як трэба перасякаць дарогу, каб гэта было бяспечна. Я выдатна разумею, як гэта выглядае з боку кіроўцы, калі ровар на поўнай хуткасці нясецца праз дарогу. Сам ніколі не пралятаю на поўнай хуткасці, запавольваюся, але трэба прызнаць, што не ўсе так рабілі».
Мужчына кажа, што не заўважыў, каб з 1 верасня стала больш ДАІшнікаў, якія палявалі б на раварыстаў. «Здаецца, не палююць, як многія чакалі», — кажа раварыст.
Нават сярэдняя хуткасць знізілася
«Ездзіць пастаянна, спешваючыся, раздражняе. Я заўсёды прытармажвала і акуратна, на невялікай хуткасці, праязджала праз пешаходны пераход. Цяпер кожны раз даводзіцца злазіць з ровара і ісці пешшу, каб не атрымаць штраф».
Жанчына кажа, што асцерагаецца таго, што ДАІ можа пачаць вылічваць парушальнікаў па камерах, якія цяпер ёсць ледзьве не на кожным скрыжаванні.
«Пры гэтым часам заўважаю, што некаторыя кіроўцы самі пачынаюць нервавацца, калі на нейкім малым скрыжаванні цябе ўжо прапускаюць на пад'ездзе, а ты спыняешся і пачынаеш злазіць з ровара і ісці пешшу», — дзеліцца назіраннямі раварыстка.
Жанчына адзначае, што цяпер у яе ідзе крыху больш часу на тое, каб дабрацца з пункту А ў пункт Б. Знізілася і сярэдняя хуткасць паездак.
«Раней ты ўжо ведаў, дзе варта ехаць павольней або хутчэй, каб не стаяць на чырвоным. Цяпер жа праз неабходнасць спешыцца рытм збіўся і даводзіцца губляць больш часу на святлафорах», — дзеліцца назіраннямі раварыстка.
Што кажуць кіроўцы
Кіроўца з 35-гадовым стажам кажа, што у цэлым вітае гэтыя змены ў ПДР.
«На жаль, многія лёталі на роварах і самакатах, не зменшаючы хуткасці. Гэта было вельмі небяспечна, бо ты не паспееш азірнуцца, а ён аднекуль вылятае. Каб яны ўсе сапраўды пераязджалі дарогу на невялікай хуткасці, то было б добра, але ж многія грэбавалі гэтым правілам».
Мужчына спадзяецца, што праз гэта стане менш аварый з удзелам ровараў, самакатаў і машын.
«Калі на пешаходзе адбывалася ДТЗ з раварыстам і машынай, то амаль заўжды вінаватым рабілі кіроўцу аўтамабіля і толькі ў вельмі рэдкіх выпадак веласіпедыстаў, бо былі відэадоказы, што ровар ехаў вельмі хутка».
Таму мужчына спадзяецца, што цяпер стане лепей.
Нё ўсё так адназначна
Іншы кіроўца, які мае больш за 10 гадоў стажу і часам ездзіць на ровары, лічыць, што пры абавязковым спешванні на кожным скрыжаванні язда на ровары можа страціць сэнс ці прынамсі перастаць прыносіць задавальненне.
«Калі ў папярэдняй рэдакцыі, наадварот, дазволілі не спешвацца, а толькі зніжаць хуткасць да хуткасці пешахода, то гэтыя змены мною былі прыняты пазітыўна. Для мяне гэта азначала, што з'явілася легальная магчымасць спакойна праязджаць праз пераход, не азіраючыся, ці няма недзе побач ДАІ», — прызнаецца суразмоўца.
Мужчына кажа, што незалежна ад дзейных правіл з розумам падыходзіў да таго, як трэба праязджаць скрыжаванні. Пры гэтым ён таксама прызнае, што не бракуе раварыстаў і самакатчыкаў, якія на высокай хуткасці вылятаюць на пераход, чым ствараюць небяспеку для сябе і іншых.
«Мяркую, што патрабаванне спешвацца зноў вярнулі ў ПДР з-за нізкай культуры паводзін сярод раварыстаў і самакатчыкаў. Ідэя патрабаваць зніжаць хуткасць, але пры гэтым не спешвацца была файная, але многія аказаліся не гатовыя, каб кантраляваць сябе і сапраўды моцна зніжаць хуткасць».
Таму, па словах мужчыны, як аўтамабіліст ён хутчэй вітае падобныя змены, але як раварыст — хутчэй не.
У ДАІ знайшлі выхад, каб задаволіць усіх?
Магчыма, вырашыць канфлікт інтарэсаў дапаможа адмысловая таблічка. На пераходах, дзе яна будзе ўстаноўлена, раварыстам, самакатчыкам і іншым можна будзе перасякаць праезную частку без спешвання.
Аб распрацоўцы адмысловых таблічак заявілі 10 верасня.
Спецыяльныя шыльды і веласвятлафоры будуць устанаўлівацца там, дзе няма канфлікту інтарэсаў пры руху паміж кіроўцам і веласіпедыстам.
Раней мінчук, якому ехаць да працы 19 кіламетраў, падлічыў, што цяпер за паездку ў адзін бок яму трэба 53 разы злезці з ровара. Атрымліваецца, што за дзень раварыст мусіць спешыцца больш за сотню разоў.
Пад відэа мінчука больш за 1600 каментарыяў, але меркаванні падзяліліся. Хапае як тых, хто ўхваляе змены, так і тых, хто іх крытыкуе.
Адметна, што нямала каментароў, у якіх адзначаюць, што змены ў ПДР маглі з'явіцца праз тое, што многія проста ігнаравалі патрабаванне зніжаць хуткасць пры пераездзе праз пешаходны пераход.
Таксама частка каментатараў адзначае, што застанецца нямала тых, хто не будзе прытрымлівацца новых правіл.