БЕЛ Ł РУС

Расія паставіць у Магілёве помнік арганізатару палітычных забойстваў 

12.09.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Выбіраць месца для помніка чэкісту, на руках якога забойствы прэзідэнта Кітая і Льва Троцкага, а таксама выкраданні белых генералаў, у абласны цэнтр прыехаў намеснік Мядзінскага. 

Навум Эйцінгон быў адным з арганізатараў забойства Льва Троцкага і атрымаў за гэтую аперацыю ордэнам Леніна

11 верасня ў Магілёў прыбыў Мікалай Аўсіенка, намеснік начальніка ўпраўлення прэзідэнта Расіі па дзяржаўнай палітыцы ў гуманітарнай сферы і намеснік старшыні Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства.

Кіраўніком таварыства з'яўляецца Уладзімір Мядзінскі, памочнік Пуціна, раней вядомы сваёй роллю ў прапагандысцкай дзейнасці Крамля, а цяпер у якасці кіраўніка расійскай дэлегацыі на перамовах з Украінай.

Мікалай Аўсіенка з магілёўскім кіраўніцтвам. Фота: sb.by

Аўсіенка сустрэўся з першым намеснікам Магілёўскага гарвыканкама Ігарам Бушляковым, каб абмеркаваць магчымыя месцы для ўстаноўкі памятнага знака чэкісту Навуму Эйцінгону.

«Савецкі разведчык Навум Эйцінгон — чалавек з супярэчлівым, але гераічным лёсам, чыя спадчына сёння вяртаецца з забыцця. Навум Эйцінгон быў не проста агентам, а геніяльным аператыўнікам, якога называлі «опер ад Бога». Яго здольнасць перайграць праціўніка ў найцяжэйшых умовах, глыбокі аналітычны розум і адданасць службе зрабілі яго легендай спецслужбаў. Нягледзячы на гэта, пасля вайны ён стаў ахвярай палітычных рэпрэсій і правёў 12 гадоў у турме, а яго імя надоўга было выкраслена з гісторыі. Толькі ў 1991 годзе ён быў рэабілітаваны, але многія і сёння не ведаюць пра яго ўнёсак у бяспеку краіны», — расказаў расійскі чыноўнік.

Навум Эйцінгон з сям'ёй. Фота: sb.by

Навум Эйцінгон нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і ў Шклове Магілёўскай губерні ў 1899 годзе. З маладосці далучыўся да рэвалюцыйнага руху і стаў супрацоўнікам ЧК, пасля чаго атрымаў адукацыю ў Ваеннай акадэміі і быў накіраваны ў замежную разведку.

Ён арганізаваў шэраг буйных аперацый, у тым ліку выкраданні белых генералаў Аляксандра Куцепава і Яўгена Мілера ў Францыі, а таксама ўдзельнічаў у падрыхтоўцы забойства Льва Троцкага ў Мексіцы і прэзідэнта Кітая Чжан Цзаліня.

У гады вайны кіраваў дыверсіямі і партызанскім рухам у тыле, займаўся спецаперацыямі супраць нямецкіх спецслужбаў. У пасляваенныя гады ўзначальваў аперацыі па знішчэнні антысавецкіх партызан у Заходняй Беларусі і лясных братоў у Літве.

Пасля вайны працаваў у НКУС-МДБ, але ў 1951 годзе быў арыштаваны, а потым асуджаны як саўдзельнік Берыі і правёў 12 гадоў у турме. Рэабілітаваны ўжо пасля смерці, ён памёр у Маскве ў 1981 годзе.

Гэта не першы помнік у Беларусі, які прасоўвае Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства. У сакавіку гэтага года пры ўдзеле Мядзінскага ў Мінску быў адкрыты новы помнік салдатам Расійскай імператарскай арміі, з выявай імперскага арла, устаноўлены за кошт таварыства.

Акрамя таго Мядзінскі мае намер паставіць у Гомелі помнікі савецкаму маршалу Канстанціну Ракасоўскаму і расійскаму фельдмаршалу Івану Паскевічу, душыцелю паўстання 1830—1831 гадоў.

Чытайце таксама:

У цэнтры Гомеля расіяне паставяць помнік князю Паскевічу

Расіяне выбралі, які помнік будзе пастаўлены ў Гомелі

Расійскія чыноўнікі хочуць павыпраўляць падручнікі гісторыі ў краінах СНД — ім не падабаецца, як пра Расію там пішуць

Каментары да артыкула