БЕЛ Ł РУС

Прэм'ерка Літвы: Мы не пойдзем на змякчэнне санкцый супраць Беларусі, нават калі на нас будуць ціснуць

12.09.2025 / 22:52

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што Вільня не пойдзе на змякчэнне санкцый супраць Беларусі, нават калі з боку ЗША або іншых партнёраў будзе спроба ціску. Асабліва гэта тычыцца аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Клайпедскі порт, які быў спынены яшчэ ў лютым 2022 года.

Інга Ругінене. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis

«Калі мы не пойдзем далей і не будзем ціснуць санкцыямі і цвёрдым падыходам да агрэсара, будзе кепска. Магчыма, ЗША будуць на нас ціснуць, але, думаю, мы тут будзем непахісныя», — адзначыла Ругінене ў інтэрв’ю агенцтву BNS.

Яе словы прагучалі пасля таго, як у Мінску вызвалілі 52 палітвязняў, а ЗША амаль адразу абвясцілі пра зняцце санкцый з авіякампаніі «Белавія». Гэта выклікала дыскусіі, ці можа Вашынгтон патрабаваць ад Літвы больш гнуткай пазіцыі, у тым ліку па транзіце прадукцыі «Беларуськалія».

Ругінене падкрэсліла, што яна выступае за яшчэ больш жорсткія санкцыі ў дачыненні і да Беларусі, і да Расіі. Яна выказала надзею, што дыпламатычны корпус Літвы зможа пераканаць партнёраў у неабходнасці не толькі захавання, але і ўзмацнення абмежаванняў.

У той жа час, адказваючы на пытанне журналістаў, яна дапусціла, што тэма санкцый тэарэтычна можа ўзнікнуць у дыскусіях адносна далейшага знаходжання амерыканскіх войскаў у Літве або нават адносна павелічэння іх кантынгенту.

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс раней заявіў, што ніякіх перамоў пра перагляд санкцый у дачыненні да Беларусі не вядзецца, і падкрэсліў: нават нягледзячы на вызваленне шэрагу палітвязняў, абмежаванні ЕС і нацыянальныя санкцыі Літвы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі застаюцца ў сіле.

Чытайце таксама:

Наўседа паведаміў, ці варта чакаць адмены санкцый ЕС следам за амерыканскімі

Літва санкцый з Беларусі не здыме, пакуль не будуць ліквідаваныя прычыны

У Літве закрываць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю не плануюць

Літва ўзмоцніць ахову мяжы з Беларуссю і Расіяй на час вучэнняў

Поўны спіс 52 вызваленых палітвязняў

Каментары да артыкула