Гэта не вызваленне, а дэпартацыя. Дуліна адказала Рудкоўскаму
«Абясцэньванне намаганняў амерыканцаў па вызваленні палітвязняў — гэта праява крайняй неадказнасці», лічыць філосаф Пётра Рудкоўскі. Былая палітзняволеная, лінгвістка Наталля Дуліна тлумачыць яму, чаму яна супраць такога вызвалення.
Галіна Дзербыш сціскае ў руках паперку, якую ёй выдалі замест пашпарта. Вільня, 11 верасня 2025. Фота: Наша Ніва
Спадару Пётра, паважаю Вашае меркаванне, паважаю Вашае права яго выказваць. Але.
1. Закладнікаў вызваляюць і вяртаюць у іх сем’і, да сябе дадому або туды, дзе ім бяспечна. Тут — ніякага дому, скрадзены ўсе дакументы, усе! А ў некаторых нават і пашпарты.
2. Так, уявіце сабе, я хацела б ведаць, якое ў дачыненні да мяне прынята рашэнне. А пра вызваленне з турмы — як кажуць, глядзі пункт 1.
Адчыняюцца вароты, і вызвалены выходзіць з усімі сваімі дакументамі, з даведкаю пра вызваленне на волю. А далей вырашае, куды падацца. Так праходзіць вызваленне.
3. Вы крытыкуеце наш максімалізм — усё або нічога. Глядзіце пункт 2, як трэба выходзіць на волю. Так, бывае амністыя, і чалавеку скарачаюць частку тэрміну. Але тое, што зрабілі з намі, гэта, на мой погляд, зусім іншая гісторыя.
Нічога сабе кампраміс!
«Мы вас вызваляем з турмы, але выганяем з дому. Ідзіце, блукайце па белым свеце, дому ў вас цяпер няма».
Далей Вы згадваеце пра памерлых і пакалечаных палітзняволеных. Кожны дзень, праведзены ў турме — гэта рызыка для здароўя і жыцця людзей. Я згодная. Таму іх трэба адтуль выцягваць. Я згодная!
Але! Не так, з мяшком на галаве, каб не бачылі сукі (прашу прабачэння), куды іх вязуць. І ў кайданках. Мала што ім прыйдзе ў галаву па дарозе! Мы ж ім не скажам, куды мы іх вязём, а раптам мы іх адвязём у лес і закапаем, ха-ха! Вось каб не рыпаліся, а сядзелі ціха, стварэнні.
Далей Вы нагадваеце, што магчымасць застацца ў Беларусі ў нас такі ёсць. І прыклад Статкевіча таму доказ.
А як быць тым, хто застаўся без пашпартоў? Вы ведаеце, мне пашанцавала: у мяне забралі ўсё, але вярнулі пашпарт. Ёсць у мяне асабіста (і не толькі ў мяне, але і ў некаторых такіх «шчасліўчыкаў», як я) адна такая ма-аленькая праблема. Я на пенсіі па ўзросце, у мяне стаж 41 год, я ветэран працы. Ёсць пенсіённае пасведчанне, усё як трэба. З 22-га года я атрымлівала пенсію. Прыязджалі ў калонію людзі з ФСАН, тлумачылі нам, што пасля вызвалення мы павінны прыйсці да іх з даведкай аб вызваленні, яны робяць запыт і пенсію перанакіроўваюць з нашага асабовага рахунку ў калоніі ў банк, дзе ў нас адкрыты спецыяльны пенсіённы рахунак.
Дык вось. Даведкі аб вызваленні ні ў каго з нас, выдвараных, няма. Я і такія, як я, пазбавіліся пенсіі. Я напісала заяву ў калонію, каб яны аформілі гэтую даведку і накіравалі яе на адрас маіх блізкіх, у якіх ёсць генеральная даверанасць і яны могуць атрымліваць мае дакументы. Месяц мінуў — адказу няма. Але я не спынюся. Бо максімалістка, паводле Вашага азначэння.
Фінал у Вас, я б сказала, матэматычны. Нават для матэматыкі ён надта абстрагаваны. Вы пішаце: усё проста. Маўляў, палітзняволенага вызваляюць, прымусова вывозяць, а пазней ён вырашае, вяртацца яму ў Беларусь, рызыкуючы турмой, ці застацца там, куды вывезлі, да лепшых часоў. Вось такі алгарытм.
А, прабачце, можа прасцей вырашыць на месцы, перад прымусовым вывазам? Каб, як кажуць, «два разы не ўставаць».
А ў канцы Вы з дакорам тлумачыце праціўнікам вызвалення палітвязняў узамен на саступкі аўтакрату: не трэба за іх, зняволеных, гэта вырашаць (па-максімалісцку — заўвага мая), хай самі вырашаюць.
Паважаны Пётра, але ж ніхто не пытаецца! Статкевіч пайшоў у Беларусь, а з «Белавія» знялі (ці прыпынілі) санкцыі — але ўсё роўна.
Вы пішаце, што спрабуеце зразумець логіку праціўнікаў такога вызвалення палітвязняў — і не разумееце. Я, на жаль, таксама не разумею Вашай логікі.