Касаткі топяць яхты ля берагоў Партугаліі. Таму што ім сумна
На працягу некалькіх гадоў маракі і турысты ля берагоў Іберыйскага паўвострава сутыкаюцца з нападамі касатак. Нядаўна ў выніку іх атакі патанула турыстычная яхта. Гэты выпадак — адзін з сотняў падобных сутыкненняў за апошнія гады. Эксперты мяркуюць, што прычынай такой агрэсіі можа быць звычайная нуда.
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Francesco Riccardo Iacomino / Getty Images
Як піша The Telegraph, у суботу 13 верасня каля пляжа Фонтэ-да-Тэлья ля ўзбярэжжа Партугаліі зграя касатак напала на судна клуба Nautic Squad, на борце якога знаходзіліся пяць чалавек.
На відэазапісу відаць, як адна з касатак раз-пораз тараніла яхту, пакуль тая не пачала хістацца і тануць. Усе пяць турыстаў былі паспяхова эвакуіраваны на суседнія лодкі незадоўга да таго, як іх судна пайшло на дно.
Неўзабаве дапамога спатрэбілася яшчэ аднаму судну з чатырма людзьмі на борце, якое сутыкнулася з той жа зграяй. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
Такія напады ля ўзбярэжжа Іспаніі і Партугаліі за апошнія гады значна пачасціліся. Галоўная версія, якую вылучаюць марскія біёлагі, гучыць нечакана: жывёлы могуць паводзіць сябе так проста ад нуды або ў пошуках фізічнай стымуляцыі. Гэта своеасаблівая «гульня», якая, аднак, прыводзіць да рэальнай небяспекі для людзей.
Як паведамляецца, судна клуба Nautic Squad — трэцяе, якое затапілі касаткі ля Іберыйскага паўвострава з 2020 года.
За гэты перыяд было зафіксавана не менш за 500 падобных сутыкненняў, у выніку якіх пашкоджанні атрымала кожнае пятае судна. Уладам нават даводзілася папярэджваць маракоў аб небяспецы выхаду ў мора.
У сацыяльных сетках маракі дзеляцца сваімі гісторыямі: «Нас тэрарызавалі кожны дзень на працягу чатырох тыдняў… Шмат пашкоджаных лодак… Адна жанчына нават трапіла ў шпіталь. Гэта вельмі рэальная праблема».
Звычайнай мішэнню для касатак становяцца рулі лодак. Цікава, што іберыйская папуляцыя касатак, пра якую ідзе гаворка, знаходзіцца пад пагрозай знікнення — яна налічвае менш за 50 асобін.
Чытайце таксама:
Касаткі могуць дзяліцца ежай з людзьмі, хочучы з імі пасябраваць
Зграя касатак патапіла ўжо некалькі яхтаў каля берагоў Еўропы і не збіраецца спыняцца
Ля берагоў Партугаліі выявілі самую цяжкую касцявую рыбу ў свеце. Яна важыць амаль тры тоны